|
Сын малодшы – шэсць вяршкоў
Сябрука сабе знайшоў.
Пяты год, Вясёлкiн Саша,
Хлапчук суседзяў нашых.
На двор гуляць яны iдуць
I цацкi розныя бяруць.
Затым удвух — дахаты спаць,
Каб з ранiцы пачаць гуляць.
Вось раз суседскi Саша
Зайшоў да хаты нашай.
Узяў вядзерца, самалёт,
Затым авечку, самаход.
Згроб цацкi ў ахапку
I сеў гуляць ля шафкi.
А сыну цяжка зразумець,
Табе гуляць, а мне сядзець?
Вярнi мне мае цацкi,
I не пляшчы ў ладкі!
А сябра вось – не аддае,
Наш закрычаў i той раве.
Сядзяць, у голас плачуць —
Сяброўства ж нешта значыць.
Сяргей Брандт, 10.07.2013
Плыў лагодны вечар цёплы,
Матылькi ляцелi ў вокны.
Мялi крыльцi i прасiлiся
I цудоўна дзеткам снiлiся.
Зверху зорачкi глядзелi,
Песенькi цiхенька пелi.
Ветрык дзiўны вандравання
Прашаптаў зноў: “Да спаткання!”
А ў ложках спалi дзецi
У святочным лунным свеце.
Матылькi ў сон прасiлiся,
Добрай казкай дзеткам снiлiся.
Сяргей Брандт, 09.07.2013
Мы жывём у той краiне,
Дзе азёры ззяюць сiнiм.
Дзе лясы амаль да неба,
Дзе палi паўнюткi хлeбам.
Рэк блакiтныя сцяжынкi,
Маем кожны год «Дажынкi».
А буслы жывуць на хатах,
Вучаць лётаць буслянатаў.
Дзе гучыць матулi мова
Дзе ўсё заўжды знаёма,
Дзе так смачна пахне воляй,
Дзе сустрэнуць хлебам з соллю.
Сяргей Брандт, 06.07.2013
Крэндзер-Вэндзер-Каўбаса,
З’еў рашчыны паўваза.
Тра кашы лясных грыбоў
Праглынуў за „Будзь здароў!”
Выпiў дзве вясковых рэчкi,
Малака — сто дваццаць глечкаў.
Трошкi сена паспытаў,
Да вячэры зноў чыхаў.
Зняў вяршкi ўсе з туману
Лыжкаю сваёй драўлянай.
Затым вёску праглынуў,
Прытамiўся i заснуў.
Сяргей Брандт, 05.07.2013
|
|