Уступ
Гiсторыя мая, магчыма, будзе недасканалай, бо прайшло шмат часу. Нават яна будзе
трохi iнакшай, чым тая, якую я пачуў першы раз з вуснаў адной зусiм старэнькай бабулькi. У позні зімні вечар, калі завіруха замяла па самы верх схудзеўшы паркан і прынялася падбірацца да даху, калі мароз выў у коміне галодным ваўком, у знямеўшай ад холаду хатцы засталося толькі адно месца, дзе было цёпла і ўтульна. Гэта маленькая ляжанка. Там, пад тоўстай ватняй коўдрай, ляжалі спалоханыя дзеці. А, каб малым было не так страшна, ім нараспеў бабулька расказвала пра розныя казачныя здарэнні.
За сцяной з бярвенняў шалёна гудзеў вецер, дах прамінаўся ад вялізнай колькасці мерзлага снегу, капціў чорным каганец, а перад вачыма дзяцей уставалі фантастычныя вобразы магутных і чароўных персанажаў. Звычайна ўсё нечакана пачынаецца толькі з аднаго слова, а потым ужо не спыніць палёт думак, пакуль салодкі глыбокі сон не заплюшчыць лагодна сваімі цёплымі далонямі стомленыя дзіцячыя вочкі. І там на мяжы, паміж уважлівасцю і санлівасцю заўсёды застаецца сэнс гэтай гісторыі, трохі казачны, трохі сапраўдны, што нават прачнуўшыся, не заўсёды спачатку і зразумееш, а ці было ўсё гэта сапраўды. Полымя даела апошнія дровы і супакоілася, маленькі каганчык таксама стаміўся і, пырхнуўшы напаследак некалькі разоў, патух. Спачатку ў цемры нічога не здаралася, а потым з’явіліся жоўтыя плямы і кругі, а затым і вельмі цікавыя часткі гэтай гісторыі, але малыя ужо моцна спалі і бачылі свае каляровыя сны.
Сяргей Брандт, 14.04.2014
Каментаваць