Усе рубрыкі

Дзінь-бразь, выйдзі, князь!

Беларускія лічылкі. Ішла кошка па раялі, наступіла на педалі...

Беглі коні пад мастамі
3 залатымі капытамі.
Дзінь-бразь,
Выйдзі, князь!

***

Едзе брычка, званок звоне,
Выйшла пані лічыць коні:
— Раз, два, тры,
Выйдзі, малы, ты.

***

Ехаў мужык па дарозе,
Зламалася калясо ў возе.
Колькі трэба спіц,
Каб калясо пачыніць?

***
Ішоў баран па бару,
Ірваў капусту, лебяду.
Што сарве, то у пучок,
Выйдзі вон, дурачок.

***

Ішоў баран па крутым гарам,
Вырваў траўку,
Палажыў на лаўку.
Хто яе возьмець,
Той вон пойдзець.

***

Тарана, тарана,
Купіў бацька барана,
Да не скобленага,
Да не доенага.
Матка даіла,
Даёнку пабіла.

***

Ішла кошка па раялі,
Наступіла на педалі
І запела:
— До, рэ, мі,
Фа, соль, ля, сі,
Што украла — прынясі.
— Я украла каўбасу,
Заўтра рана прынясу!

***

А ты, коцік, не гуляй,
Начовачкі прыбірай!
Начовачкі ськлізкі,
Вядзёрачкі блізкі.
Круг абарваўся,
А ты так астаўся.

***

Ішла кошка па раялі,
Наступіла на педалі
I ад болю закрычала:
— Мяу!

***

Ішоў кот праз сто варот,
Дайшоў да канца,
Знайшоў кацяня,
Мяў!

***

Бег сабачка-галашыйка,
У яго борачка на шыйке.
То не борка — ланцужок,
Выйдзі, міленькі дружок.

***

Бег зай па бару,
Абіраў лебяду.
Рваў, клаў у пучок,
Выбірайся, ваўчок.

***

— Заяц-месяц, дзе ты быў?
— У лесе.
— Што рабіў?
— Лыкі драў.
— Куды клаў?
— Пад калоду.
— Выйдзі вон із карагоду!

***

Сава, соўка,
Маладая ўдоўка,
Сядзіць на павеці,
Люба паглядзеці:
Сама шэранькая,
Дзюбка доўгенькая.
Дзінь-бразь,
Выйдзі, князь,
Не забудзь дзіця.

1 казачнік нешта сказаў Дзінь-бразь, выйдзі, князь!

Каментаваць

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>