Велічны і слаўны наш горад, але не толькі сваімі людзьмі, замкамі, цэрквамі і касцёламі, але і яшчэ падземным горадам.
Старыя людзі казалі, што падземны горад узнік яшчэ да таго як сюды прыйшлі першыя людзі. Гэта цмокі і вужы якія жылі тут рылі для сябе тыя хады і жылі там. І паколькі цмокі і змеі былі не простыя, а чароўныя, то і іх падземныя хады – падземны горад таксама чароўны.
Так доўга думалі людзі, але вось адкуль дапраўды ўзяўся падземны горад.
Некалі даўно, калі прыйшлі нашыя продкі на гэтае месца – было яно ціхае і спакойнае. Таму мірна і добра жылося тут гарадзенцам пасля таго як знік вогнены цмок.
У споры і працы праходзіла жыццё нашых продкаў. Але прыйшлі лайдакі-нападнікі, якія хацелі пажывіцца тым што самі не стваралі. Усё што было ў горадзен вырашылі прыбраць сабе.
Як наляцелі нападнікі — не хацелі гарадзенцы напрацаванае сваё аддаваць. Таму біліся з варожай пошасцю. Не хацелі гарадзенцы аддаваць сваё места і біліся насмерць. І ўбачыў гэта пушчанскі дух, які жыў ля Гародні… І пабачыў ён, што ворагі захопяць горад. Не захацеў Лясун страціць працавітых і добрых гарадзенцаў, якія так добра даглядалі за яго пушчаю. Тады, каб выратаваць некалькіх апошніх і самых мужных гарадзенцаў і гарадзенак, Лесавік схапіў за зямлю разам з лугам ды лесам па левым беразе Нёмана ды пацягнуўшы на сябе і ўгору садраў тоўсты слой зямлі разам з раслінамі і тою зямлёю, як коўдраю пакрыў Гародню. Пакрыў. А тая зямля на шпілях цэркваў ды касцёлаў, на дахах хатаў і павісла. І вуліцы і дарогі ды і самі хаты захаваліся цалёханькія. Накрыў лясун горад зямлёй, ад гэтага ўсё: і вуліцы з дамамі і цэрквы і вежы замку і валы аказаліся пад зямлёй. Але зямля іх не засыпала, а толькі накрыла схаваўшы ад злодзеяў.
Падняліся злыдні на гору і бачаць – няма не толькі людзей, а нават сценаў, дамоў і муроў замку. Падумалі тады злодзеі, што зачараванае гэта месца , ды і пажывіцца няма чым – вакол толькі зямля ды лес. Угледзелі злыдні, што горы раптам сталі нейкія большыя і кінулі наш горад у спакоі. А гарадзенцы, як толькі ворагі сышлі, выйшлі на божы свет і збудавалі копію старога гораду. Наш стары чароўны горад знаходзіцца пад нашымі нагамі, калі мы гуляем яго вуліцамі.
Некалі людзі ведалі як прайсці ў зачараваны падземны горад, але з часам горад пачаў хавацца і ад гарадзенцаў. Хоць шмат розных гісторый можна пачуць пра хады праз Нёман ці на Рынку – ранейшым цэнтры горада.
Падземны горад паказвае свае хады цяпер толькі тады калі гарадзенцам пагражае вялікая небяспека.
Падчас небяспечных аблогаў варагаў, крыжакаў, немцаў, шведаў, французаў ці яшчэ якіх захопнікаў гарадзенцы спускаліся ў падземны горад. У гэткія моманты падземны горад заўсёды сам адкрываецца людзям. І гарадзенцы карыстаюцца сваім падземным горадам у такі час каб выйсці і набраць прыпасы, а таксама для таго каб нападаць на ворагаў. Ад гэтага не маглі ворагі зразумець як гарадзенцы з’яўляюцца раптам сярод лесу далёка ад сценаў горада і таксама хутка знікаюць. Ня ведаюць захопнікі пра падземны горад і думаюць што гэта чары і сам горад зачараваны. Думаюць сабе так, што раз перад такой сілаю не скарыўся і надалей змагаецца горад, за лепшае лічаць кінуць наш горад пакуль не здарылася з імі злое і больш сюды не вяртацца.
А чары падземнага горада заключаюцца ў тым, што ніхто, колькі б не шукаў знайсці яго не можа, пакуль сам падземны чароўны горад таго не захоча. Шмат таямніцаў, усю сваю гісторыю, усе свае скарбы трымае Гародня ў тым падземным месце, але не давярае нам, відаць, бо не паказвае што мае.
Падземны горад сам раскрыецца, калі будзе перакананы што тое будзе на карысць, а не на шкоду гарадзенцам ды і самой Гародні.
Малюнак: Ігар Кузьмініч
Каментаваць