Хто заводзіць
Кацяня,
Хто сабаку
Ці шчаня…
Толькі гэта мне не трэба:
Завяду сабе каня!
Завяду абавязкова
І дадому прывяду,
Падаб’ю яму падковы,
Булаву сабе знайду…
Папрашу дазволу ў мамы
Адлучыцца на тры дні,
Ды і ў казку паімчуся
На гарачым
На кані!
Ну а там
Злаўлю Кашчэя,
Праганю
Бабу-Ягу!
А сустрэну
Бармалея –
І яго перамагу!
Не збаюся
Карабаса,
Надзяру
За бараду,
А Шар-хана,
Тыгра злога,
У звярынец
Адвяду!
Палаўлю я ўсіх,
Хто дрэнны,
Злосны,
Сквапны
Ці дурны…
Хай жывуць
У добрых казках
Толькі
Добрыя адны!
Але мама мне сказала:
— Ты спяшаешся дарма!
Што ж за казка
Пра Кашчэя,
Калі там
Яго няма?
Зло павінна быць
У казцы! –
І з усмешкай дадала:
— З кім тады змагацца
Добрым,
Калі там
Не будзе зла?
І яшчэ сказала мама:
— У кватэры
Для каня
Мала месца…А назаўтра
Мне прынесла
Кацяня…
Крыніца: сайт пісьменніка Генадзя Аўласенкі
Каментаваць