Усе рубрыкі

Казка пра мядзьведзя (М.Танк)

mishki

КАЗКА ПРА МЯДЗЬВЕДЗЯ

Пад самую восень, пад верасень месяц
Задумаў жаніцца Мядзьведзь шэры ў лесе.
І кажа сватом: — Мне шукайце пасагу;
Зіму зімаваць — трэба мёду і брагі.
А сам я ня маю ні пчол, ні гароду;
Падушка — і тая з альховай калоды.
За лета снапа мне нажаць ня прыйшлося, —
То хворы ляжаў, то гнуў дугі, палозьзе.
Няхай сабе будзе ня важная жонка, —
Каб толькі я выжыў зіму пад сасонкай…

Хадзілі сваты ад Мядзьведзя па лесе

 —Усё дзеўкі шукалі празь верасень месяц.
Хадзілі яны ў Белавеж да Зубрышкі,
Да Зайцавых дзевак, былі і ў Казьлішкі.
Там ветліва важных гасьцей прынімалі,
Крынічнай вадой, мурагом частавалі;
Стараліся ўсе ім у пояс хіліцца —
Сваты былі важныя — Воўк ды Лісіца!
Калі што ня так, дык патрапілі-б самі
Пагладзіць, дзе трэба, памацаць зубамі…
Эх, важныя дзеўкі, былі-б гаспадыні,
Каб мелі каўбасаў, курэй, саланіны.
Нашто і шукаць-бы што недзе другое, —
Было-б для Мядзьведзя жыцьцё залатое.
А то ў Зайчышкі пасаг — руні жыта,
Зімой — зьледзянеўшая ў полі ракіта.
А у Казьлішкі трысьнік у імшарах,
Падушкі з пуховак, асоту гушчары.
Таксама ў Зубрышкі па ўсёй Белавежы
Ня зьлічыш стагоў непачатых і сьвежых…
Ды што зь іх сватом і Мядзьведзю старому, —
Язык намазоліш, нагоніш аскому.

Пачулі сваты — ёсьць ля Нарачы дзеўка:

Ў зялёнай дуброве паджарая Белка,
Такая вясёлая, зь песьнямі, зь сьмехам,
Зьбірае зь ляшчэўніку летам гарэхі.
Насыпала поўныя куфры, як лёду,
Раскусіш — як сонца, зярняты — як зь мёду.
Сказалі Мядзьведзю: — Ёсьць дзеўка з пасагам!
Прыбраўся Кудлаты Мядзьведзь у сярмягу;
Кашулю узьдзеў, што злупіў у Міколы,
Як той бараніў ад яго калісь пчолы;
Ўзяў пояс ліповы і кій сукаваты, —
Так выбраўся зь сьвітай Мядзьведзь наш у сваты.

Такое вясельле магло толькі хіба

Быць там, дзе ёсьць Нарач, бор цёмны ды рыба.
Ігралі ў цымбалы Шаршні і Асьвянкі,
Ігралі дзень цэлы да самай заранкі;
А ў цёмным ягодніку зь Цецярукамі
Ў тахт Дзятлы у бубны лупілі насамі,
І зь вёскі далёкай, дзе жытнія гоні,
Ім Певень іграў на чырвонай гармоні.
Лявоніху ёмка скакала Лісіца, —
Аж ветрам паджарым шумела спадніца.
Як выйшаў Мядзьведзь, тупнуў левай ды правай,
Пайшоў прысядаць — замігцелі рукавы.
Скакаць ён так мог-бы дзён пяць ці мо’ дзесяць —
Адно толькі боты стапталіся ў лесе;
Ды нат і ў мяне там знасіліся лапці…
На трэйцюю ноч пачалі разьяжджацца.

Памалу прайшоў ціхі верасень-месяц.

Ляжыць, пажывае Мядзьведзь шэры ў лесе,
Дзе глуш ды сасновае шумнае рэха,
А Белачка носіць ваду і гарэхі.
Насыпе Мядзьведзь іх у ступу, як лёду,
А зьверху бабухне дубовай калодай!
Наесца і сьпіць у сваім у палацы, —
Нат слухаць ня хоча, хто кажа аб працы.
Пажыў ён па-панску нямала так часу,
Пакуль не хапіла у Белкі прыпасаў.
Ляжыць і раве ён, ледзь бор не аглохне:
— Ой, мусіць, я хутка ня выжыву, здохну!.. —
Лячыла Мядзьведзя Варона-Шаптуха,
І Дзяцел пастукваў трубкай у вуха,
І банкі на пяты стаўляла Сарока,
Кампрэсы яму прыкладала пад бокам…
Ды што ні рабілі — ўсё не памагала.
Шмат вылізаў лекаў, гусіны і сала…
Ды што тыя лекі, калі наш Кудлаты
Зьеў двух дактароў зь Белавежы лычатых.
Хадзіў тады блізка Цыган хітры недзе,
Пачуў пра цяжкую хваробу Мядзьведзя
І кажа: — Ты, бацю, ня слухай нікога.
Цыган табе зельля парадзіць другога.
Відаць, ты ня можаш ні сесьці, ні легчы,
Ня можаш, мой баценька, мала ты есьці!…

Дзе ў лесе дарога, а з боку паляна,

Лячыў Цыган брагай-сівухай да рана;
Яшчэ паіў зельлем салодкім, як мёдам,
Спаіўшы, Мядзьведзя прыкуў да калоды,
Пазьней яму ўсыпаў бярозавай кашы,
Павёў яго цешыць людзей на кірмашах.
Перш доўга Мядзьведзь касурыўся ды охаў,
А потым зрабіўся такім скамарохам!
Дзе толькі ня прыйдзе пад хаты крывыя —
Зьлятаюцца дзеці, дзяўчаты, старыя,
Прыносяць салодкага мёду, гарэхаў,
А ён давядзе аж да сльёз і да сьмеху.
Сьмяюцца і дзеці, і куры, і коні,
Як ён у шарахаўкі звонкія звоніць;
Сьмяюцца асьверы, і стрэхі, і хаты,
Як пойдзе скакаць пад цымбалы Кудлаты.
Здаецца, няпраўда, што людзі гавораць,
Што быў ён раней абібокам і хворым…
А Белачка там, дзе ёсьць пушча густая,
Ў сасновыя куфры гарэхі зьбірае
І добра хавае, каб іх ні мядзьведзі
Знайсьці не маглі, ні вясковыя дзеці,
Ды чорнымі зорка пільнуе вачыма
І лускае іх у сьцюдзёныя зімы…
А там, за сасновым за лесам, за борам,
Як золатам сінім, іграюць азёры!
А глянеш навокал — такая краіна:
Дзе ступіш — то рэха, то казка, быліна…
Ёсьць, праўда, і сумных нямала, бязь ліку,
Але мы іх лепей пакінем вялікім.
А вам, мае дзеткі, з вачыма, як золак,
Аддам усе дзівы тых казак вясёлых.

Максім Танк

Каментаваць

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>