Усе рубрыкі

Трое парасятак (Уолт Дыснэй прэзентуе)

Ніф ніф гуф нуф наф наф

Трое парасятак

Жылі-былі на свеце трое парасятак. Трое братоў. Усе аднолькавага росту, кругленькія, ружовыя, з аднолькавымі смешнымі хвосцікамі. Нават імёны ў іх былі падобныя. Звалі парасят: Ніф-Ніф, Нуф-Нуф, Наф-Наф. Жылі яны ў лесе, куляліся ў зялёнай траве, грэліся на сонейку, збіралі жалуды. Так праходзіла лета.


Але вось надышла восень. Сонца ўжо не так моцна прыпякала, шэрыя воблакі цягнуліся над пажоўклым лесам, доўга не высыхалі лужыны.
- Час нам падумаць пра зіму, — сказаў неяк Наф-Наф сваім братам, прачнуўшыся досвіткам. — Я ўвесь дрыжу ад холаду. Мы можам прастудзіцца. Давайце пабудуем сабе дом з трох пакояў і будзем жыць разам, пад адной цёплай страхой.
Але яго браты не хацелі брацца за работу. Куды больш прыемна ў апошнія цёплыя дні гуляць і скакаць па лузе, чым капаць і цягаць каменне.
- Да зімы яшчэ далёка. Мы яшчэ пагуляем, — сказаў Ніф-Ніф і перакульнуўся цераз галаву.
- Калі трэба будзе, я сам пабудую сабе дом, — сказаў Нуф-Нуф і лёг у лужыну.
- І я таксама, — дадаў Ніф-Ніф.
- Ну, як хочаце. Я буду адзін будаваць сабе, — сказаў тады Наф-Наф. — Я не буду вас чакаць.
З кожным днём рабілася ўсё халадней і халадней. Ніф-Ніф і Нуф-Нуф не спяшаліся. Ім і думаць не хацелася пра работу. Яны весела гулялі ў свае парасячыя гульні, куляліся і купаліся ў лужыне, парохкваючы свае вясёлыя песенькі.
- Сёння мы яшчэ пагуляем, — казалі яны, — заўтра з раніцы возьмемся за работу.
Ніф-Ніф парашыў, што прасцей і хутчэй за ўсё змайстраваць дом з саломы. Ні з кім не параіўшыся, ён так і зрабіў. Ужо ўвечары ягоная хаціна была гатова.
Ніф-Ніф паклаў на страху апошнюю саломіну і, вельмі задаволены сваёй работай, весела заспяваў:

Хоць паўсвету абысці,
Абысці, абысці,
Лепшай хаты не знайсці,
Не знайсці, не знайсці!

Напяваючы гэтую песеньку, ён накіраваўся да Нуф-Нуфа. Нуф-Нуф непадалёку таксама будаваў сабе дамок.
Ён стараўся хутчэй пакончыць з гэтай нуднай і нецікавай справай. Спачатку, таксама як і брат, ён хацеў пабудаваць сабе дом з саломы, але потым вырашыў, што ў такім доме зімой будзе вельмі холадна. Дом будзе больш моцны і цёплы, калі пабудаваць яго з галінак і тонкіх дубцоў. Так ён і зрабіў. Ён убіў у зямлю калы, пераплёў іх дубцамі, на страху наваліў лісця, і ўвечары дом быў гатовы.
Нуф-Нуф з гонарам абышоў яго некалькі разоў вакол і заспяваў:

У мяне вось добры дом,
Новы дом, моцны дом.
Мне не страшны дождж і гром,
Дождж і гром, дождж і гром!

Не паспеў ён скончыць песеньку, як з-за куста выбег Ніф-Ніф.
- Ну, вось і твой дом гатовы! — сказаў ён брату. — Я казаў Наф-Нафу, што мы і адны ўправімся з гэтай работай! Цяпер мы з табой вольныя. І можам рабіць усё, што нам уздумаецца!
- Пойдзем да Наф-Нафа і паглядзім, які ён сабе збудаваў дом, — адказаў брат.
І яны, вельмі задаволеныя тым, што ім ні пра што больш не патрэбна клапаціцца, зніклі за кустамі.
Наф-Наф ужо некалькі дзён быў заняты сваёй пабудовай. Ён нацягаў камення, намясіў гліны і цяпер, не спяшаючыся, будаваў сабе дом, у якім можна было б схавацца ад ветру, дажджу і марозу. Ён зрабіў у доме цяжкія дубовыя дзверы з засаўкай, каб воўк з суседняга лесу не мог да яго ўлезці. Ніф-Ніф і Нуф-Нуф засталі брата за работай.
- Што ты будуеш? — у адзін голас закрычалі здзіўленыя Ніф-Ніф і Нуф-Нуф. — Што гэта, дом для парасяці ці замак? Ці не збіраешся ты з кім-небудзь ваяваць?
І абодва браты так развесяліліся, што іх віск і рохканне разнесліся далёка па лугавіне.
Наф-Наф прарохкаў ім у адказ:

У мяне больш разумення,
Разумення, разумення.
Я будую дом з камення,
Дом з камення, дом з камення!

Ніякія ў свеце зверы,
Злыя зверы, злыя зверы
Не адчыняць мае дзверы,
Мае дзверы, мае дзверы!

- Гэта ён пра якога звера? — запытаў Ніф-Ніф у Нуф-Нуфа.
- Гэта ты пра якога звера? — запытаў Нуф-Нуф у Наф-Нафа.
- Гэта я пра ваўка! — адказаў Наф-Наф і паклаў яшчэ адну цагліну.
- Ён баіцца ваўка! — сказаў Ніф-Ніф.
- Ён баіцца, што яго з’ядуць! — дадаў Нуф-Нуф.
І браты яшчэ больш развесяліліся.
- Якія тут могуць быць ваўкі! — рохкнуў Ніф-Ніф і ўзяўся за сваю флейту.
- Ніякіх ваўкоў няма! Ён проста баязлівец! — сказаў Нуф-Нуф, настройваючы сваю скрыпку.
І абодва яны зайгралі і заспявалі:

Нам не страшны шэры воўк,
Шэры воўк, шэры воўк.
Дзе ты ходзіш, дурны воўк,
Стары воўк, страшны воўк?

Але Наф-Наф нават не азірнуўся.
- Пойдзем, Нуф-Нуф, — сказаў тады Ніф-Ніф. — Нам тут няма чаго рабіць. Мы не любім баязліўцаў!
І браты пайшлі гуляць.
Па дарозе яны спявалі і ігралі, а калі ўвайшлі ў лес, то ўзнялі такі шум, што абудзілі ваўка, які спаў пад хвояй.
- Што за шум? — незадаволена прабурчэў злы і галодны воўк і паскакаў да таго месца, адкуль даносіліся віск і рохканне двух маленькіх неразумных парасятак.
- Ну якія тут могуць быць ваўкі? — казаў у гэты час Ніф-Ніф, які ваўкоў бачыў толькі на малюнках.
- Вось мы яго схопім за нос, будзе ведаць! — падміргнуў Нуф-Нуф, які таксама ніколі не бачыў жывога ваўка.
- Павалім, ды яшчэ звяжам, ды яшчэ нагой вось так, вось так! — храбра дадаў Ніф-Ніф і паказаў, як яны будуць распраўляцца з ваўком.
І браты зноў разрохкаліся і заспявалі:

Нам не страшны шэры воўк,
Шэры воўк, шэры воўк.
Дзе ты ходзіш, дурны воўк,
Стары воўк, страшны воўк?

І раптам яны ўбачылі сапраўднага жывога ваўка! Ён стаяў за вялікай хвояй, і ў яго быў такі страшны выгляд, такія злыя вочы і такая зубастая пашча, што ў Ніф-Ніфа і Нуф-Нуфа па спінках прабег халадок і тонкія хвосцікі дробна-дробна задрыжэлі. Бедныя парасяткі не маглі нават зварухнуцца ад страху.
Воўк падрыхтаваўся да скачка, шчоўкнуў зубамі, міргнуў правым вокам, але парасяткі раптам апамяталіся і, узняўшы віск на ўвесь лес, кінуліся наўцёкі.

Ніф ніф гуф нуф наф наф
Ніколі яшчэ не прыходзілася ім так шпарка бегаць.
Мільгаючы пяткамі і ўзнімаючы хмары пылу, яны несліся кожны да свайго дома.
Ніф-Ніф першы дабег да сваёй саламянай хаціны і ледзь паспеў зачыніць дзверы перад самым носам ваўка.
- Зараз жа адчыні дзверы! — прарычэў воўк. — А інакш я іх выламаю!
- Не, — прарохкаў Ніф-Ніф, — я не адчыню!
За дзвярыма было чуваць дыханне страшнага звера.
- Зараз жа адчыні дзверы! — прарычэў зноў воўк. — А не то, я так дзьмухну, што ўвесь твой дом разляціцца!
Але Ніф-Ніф нічога ўжо не мог адказаць ад страху. Тады воўк пачаў дзьмуць: «Ф-ф-ф! У-у-у!!»
Са страхі зляталі саломінкі, сцены дома трэсліся. Воўк яшчэ раз глыбока ўздыхнуў і дзьмухнуў другі раз: «Ф-ф-ф!!! У-у-у!!»
Калі воўк дзьмухнуў трэці раз, дом разляцеўся ва ўсе бакі, як быццам на яго наляцеў ураган.
Воўк шчоўкнуў зубамі перад самым лычыкам маленькага парасяці.
Але Ніф-Ніф ухіліўся, адскочыў і праз хвіліну быў ужо каля дзвярэй Нуф-Нуфа.
Ледзь паспелі браты замкнуцца, як пачулі голас ваўка:
- Ну, цяпер я з’ем вас абодвух!
Ніф-Ніф і Нуф-Нуф спалохана паглядзелі адзін на аднаго. Але воўк вельмі стаміўся і вырашыў пайсці на хітрыкі.
- Я перадумаў! — гучна сказаў ён, так, каб яго пачулі браты. — Я не буду есці гэтых паршывых парасятак! Я лепш пайду дадому.
- Ты чуў? — запытаў Ніф-Ніф брата. — Ён сказаў, што не будзе нас есці!
- Гэта вельмі добра, што воўк пайшоў дадому! — сказаў Нуф-Нуф і адразу перастаў дрыжэць.
І браты развесяліліся і заспявалі, як быццам нічога і не здарылася:

Нам не страшны шэры воўк,
Шэры воўк, шэры воўк.
Дзе ты ходзіш, дурны воўк,
Стары воўк, страшны воўк?

А воўк і не думаў нікуды ісці. Ён проста адышоўся трохі ўбок і прытаіўся. Яму было вельмі смешна: як спрытна ён ашукаў зусім неразумных маленькіх парасятак! Ён пачакаў, калі парасяткі зусім супакоіліся, узяў авечую шкуру, вялікі кошык і асцярожна падкраўся да дамка. Каля дзвярэй ён сеў у кошык, накрыўся шкурай і ціха пастукаў. Ніф-Ніф і Нуф-Нуф вельмі спалохаліся, калі пачулі стук.
- Хто там? — запыталі яны, і ў іх зноў затрэсліся хвосцікі.
- Гэта я-я-я, бедная маленькая авечка! — тонкім голасам прапішчаў воўк. — Пусціце мяне пераначаваць, я адбілася ад статка і вельмі стамілася!
- Пусціць? — запытаў брата добры Ніф-Ніф.
- Авечку можна пусціць, — згадзіўся Нуф-Нуф.
За таксама быў вельмі добрым парасяткам.
Але калі яны крыху адчынілі дзверы, то раптам убачылі не авечку, а зубастую пашчу ваўка. Браты зачынілі дзверы і з усёй сілы налеглі на іх, каб воўк не здолеў да іх уварвацца.
Воўк вельмі раззлаваўся, што яму не ўдалося ашукаць парасят. Ён скінуў з сябе авечую шкуру, адпіхнуў кошык і зарычэў:
- Ну, пачакайце ж! Як я дзьмухну, дык і ад гэтага дома нічога не застанецца!
І ён пачаў дзьмуць. Дом крыху пакасіўся. Воўк дзьмухнуў другі раз, потым трэці раз.
Са страхі злятала лісце, сцены дрыжэлі, але дом усё яшчэ стаяў. І толькі тады, калі воўк дзьмухнуў пяты раз, дом захістаўся і разваліўся. Адны толькі дзверы пэўны час яшчэ стаялі сярод руін.

Ніф ніф гуф нуф наф наф
Ахопленыя жахам, кінуліся парасяткі бегчы. Ад страху ў іх аднімаліся ногі, кожная шчацінінка дрыжэла, курносыя насы перасохлі. Браты імчаліся да дома Наф-Нафа. Воўк наганяў іх вялізнымі скачкамі. Адзін раз ён ледзь не схапіў Ніф-Ніфа за заднюю ножку, але той спрытна ўхіліўся і прыбавіў ходу.
Воўк таксама паддаў ходу. Ён быў упэўнены, што на гэты раз парасяткі ад яго не ўцякуць. Але яму зноў не пашанцавала. Парасяткі хутка прамчаліся міма вялікай яблыні, нават не закрануўшы яе. А воўк не паспеў звярнуць і наляцеў на яблыню, якая абсыпала яго яблыкамі. Адзін цвёрды яблык ударыў яго паміж вачэй. Вялікі гуз ускочыў у яго на лбе.
А Ніф-Ніф і Нуф-Нуф, ні жывыя ні мёртвыя, прыбеглі ў гэты час да дома старэйшага брата.
Брат упусціў іх у дом. Бедныя парасяткі былі такія напалоханыя, што нічога не маглі сказаць і моўчкі кінуліся пад ложак. Наф-Наф адразу здагадаўся, што за імі гнаўся воўк. Але яму не было чаго баяцца ў сваім мураваным доме. Ён хутка зачыніў дзверы на засаўку, сеў за піяніна і заспяваў:

Ніякія ў свеце зверы,
Злыя зверы, злыя зверы
Не адчыняць мае дзверы,
Мае дзверы, мае дзверы!

Але тут пастукалі ў дзверы.
- Хто стукае? — запытаў Наф-Наф.
- Гэта я, прадаўшчык шчотак, — пачуўся грубы голас. — Ці не хочаце паглядзець мой тавар?
Наф-Наф адчыніў крыху дзверы і ўбачыў калматую лапку. Ён умомант выхапіў шчотку і балюча ўдарыў ёю па калматай лапе ваўка. Той, равучы ад болю, прахрыпеў:
- А, гэтак! Ну, цяпер я з’ем усіх траіх!
- Спрабуй! — адказаў з-за дзвярэй Наф-Наф. Ён ведаў, што яму і братам няма чаго баяцца ў мураваным доме.
Тады воўк уцягнуў у сябе як мага больш паветра і дзьмухнуў з усёй сілы.
Але, колькі ён ні дзьмуў, ні адна, нават самая жаленькая, цаглінка не зварухнулася з месца.
Воўк пасінеў ад натугі.
Дом стаяў, як крэпасць. Тады воўк пачаў трэсці дзверы. Але дзверы таксама не паддаваліся. А ў сценах дома не было ніводнай шчыліны, праз якую ён мог бы прабрацца да парасятак. Галоднаму і злому ваўку нічога не заставалася, як пайсці прэч.
Але тут ён падняў галаву і раптам заўважыў вялікі, шырокі комін на страсе.
- Вось праз гэты комін я і пралезу ў дом! — узрадаваўся воўк. Ён асцярожна ўзлез на страху і прыслухаўся. У доме было ціха.
- Я ўсё ж такі паласуюся свежай парасяцінкай, — падумаў ён і, аблізнуўшыся, палез у комін.
Але, як толькі ён пачаў спускацца па коміне, парасяты пачулі шоргат, а калі на накрыўку катла пачала сыпацца сажа, Наф-Наф адразу здагадаўся, у чым справа. Ён шпарка кінуўся да катла з варам і сарваў з яго накрыўку. Чорны, як камінар, воўк бултыхнуўся ў вар.
Ніколі яшчэ яму не было так балюча! Вочы ў яго вылезлі на лоб, уся поўсць паднялася дыбам. Воўк нема зароў, выскачыў назад на страху, скаціўся па ёй на зямлю, перакуліўся на сваім хвасце міма зачыненых дзвярэй і пусціўся наўцёкі.
А трое братоў, трое маленькіх парасятак, глядзелі яму ўслед з акна і цешыліся, што яны так удала правучылі злога ваўка.
А потым яны ўсе разам заспявалі вясёлую песенку:

Хоць паўсвету абысці,
Абысці, абысці,
Лепшай хаты не знайсці,
Не знайсці, не знайсці!

Ніякія ў свеце зверы,
Злыя зверы, злыя зверы
Не адчыняць нашы дзверы,
Нашы дзверы, нашы дзверы!

З лесу воўк ужо ніколі,
Ўжо ніколі, ўжо ніколі
Не прыскача да нас болей,
Да нас болей, да нас болей!

З таго часу браты пачалі жыць разам. Вось і ўсё, што мы ведаем пра траіх маленькіх парасятак — Ніф-Ніфа, Нуф-Нуфа і Наф-Нафа.

У.Дыснэй

ужо 2 абмяркоўваюць Трое парасятак (Уолт Дыснэй прэзентуе)

  • здорава! мае дзеці гэтую казку ва ўсіх варыянтах і перакладах любяць. Нават тутака амаль без малюнкаў усю ўважліва праслухалі

    П.С.
    заўважыла пару абдрукаў

    мўку
    не знайсді!

  • Tanchik

    Дзякуй, усе выправілі :)

Каментаваць

  

  

  

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>