У горадзе Асака жыў хлус. Ён заўсёды хлусіў, і ўсе пра гэта ведалі. Таму ніхто яму не верыў.
Вось аднойчы пайшоў ён у горы. А калі вярнуўся, то й кажа суседцы:
— Якую змяю зараз бачыў! Велічэзную, з бочку таўшчынёй, а даўжынёй як гэтая вуліца.
Суседка толькі плячамі паціснула:
— Сам ведаеш, што такіх даўгіх змеюкаў ажно як гэтая вуліца не бывае.
— Неее, змяя сапраўды была вельмі доўгая. Ну, можа, не як вуліцу, дык як завулак.
— І хто ж гэта змяю даўжынёй як завулак бачыў?
— Ну, не завулак, дык з гэтую яліну.
— З гэтую яліну? Брэшаш, не можа такога быць!
— Ну добра, чакай, скажу табе зараз праўду. Змяя была такая, як масток праз нашу рэчку.
— І гэтага не можа быць.
— Ну добра, цяпер я табе самую сапраўдную праўду скажу. Змяя была — даўжынёй — з бочку!
— Ах, вось як! Змяя была таўшчынёй з бочку і даўжынёй з бочку? Мабыць, гэта і была бочка, а не змяя?..
Каментаваць