Усе рубрыкі

Лінгвістычныя казкі: Дапамажыце Шпачку

Аднаго разу Шпачок звярнуўся да Шпака-таты:
— Тата, многія птушкі кажуць, што хутка восень наступіць. Апішы мне гэту восень, каб я мог уявіць яе як жывую.

Аляксей Якімовіч. Дапамажыце Шпачку

Аляксей Якімовіч. Дапамажыце Шпачку

Шпак да знаёмага Грака сабраўся ляцець, не меў часу. Таму вось як апісаў наступленне восені:

Пакарацелі дні. Пайшлі дажджы. Пажаўцела лісце. Закурлыкалі жураўлі. Наступіла восень.
Сядзіць Шпачок за сталом, уважліва чытае татаў тэкст, а восень уявіць як жывую ніяк не можа.
Невядома, што ён рабіў бы, калі б суседка Сарока да яго не завітала.

— Сарока-белабока, птушкі кажуць, што неўзабаве восень наступіць. Я папрасіў тату, каб апісаў яе, як жывую. Ён, здаецца, апісаў, але я не магу ўявіць яе — паскардзіўся Шпачок.

Сарока села побач са Шпачком за стол, прачытала тэкст і заявіла:
— Слабавата апісаў твой тата. Мабыць, кудысьці спяшаўся.
— Чаму слабавата? — пацікавіўся Шпачок.

— Слухай і, як людзі кажуць, на вус матай, — прамовіла Сарока. — Сказы твайго таты складаюцца з якіх членаў: з галоўных ці даданых?
— Толькі з галоўных, — падумаўшы, адказаў Шпачок і падскочыў на крэсле. — Я здагадаўся! Каб уявіць восень як жывую трэба ўжыць у сказах галоўныя і даданыя члены.

— Малайчына! — пахваліла Сарока Шпачка. — Зараз мы гэтыя сказы перабудуем так, каб ты мог уявіць сабе восень як жывую, як гаспадыню нашых палёў і лясоў. Згодзен?
— Згодзен! — усклікнуў Шпачок.

— Першы сказ я перабудую так, — пачала Сарока. — Нечакана пакарацелі дні.
Шпачок лапкай пачухаў бурую пярынку на крыле.
— Выходзіць, ночы пабольшалі?

— А як ты думаў! Далей слухай, — незадаволена прагаварыла Сарока. У гэты дзень яна была без асаблівага настрою. Напэўна, устала не з той лапкі. — Пайшлі халодныя дажджы.
Шпачок сагнуўся, скурчыўся.
— Не люблю, калі ідуць халодныя дажджы.

Сарока незадаволена зірнула на Шпачка і наступны сказ перабудавала так:
— Адразу ж пажаўцела зялёнае лісце.
— Не хачу, каб лісце адразу ж жаўцела! — не вытрываў, перапыніў Шпачок суседку.
Сарока дзюбаю пастукала па стале, патрабуючы ўвагі.

— Трывожна закурлыкалі жураўлі.
— Бр-р-р! — страсянуўся Шпачок. Дрыжыкамі яго працяло.

— Наступіла халодная восень, — бадзёра закончыла Сарока.
— Мне страшна, — прызнаўся Шпачок.

— Ты ж хацеў уявіць восень як жывую. Вось і ўяўляй сабе! — сказала Сарока.
— Мне страшна! — паўтарыў Шпачок.

Дапамажыце Шпачку, перабудуйце сказы такім чынам, каб не баяўся восені, каб для яго стала прывабнай. Яна ж бывае рознай. У выніку можа атрымацца іншы тэкст.

Непрыкметна пакарацелі дні. Пайшлі цёплыя грыбныя дажджы. У небе гучна закурлыкалі жураўлі. На дрэвах пажаўцела лісце. Наступіла залатая восень.

Аўтар: Аляксей Якімовіч, паводле Газеты Слонімскай

Каментаваць

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>