Усе рубрыкі

Лісіца і дрозд

Жылі Дзед і баба дзед і баба. Дзед у лес хадзіў дровы сячы, а баба дома была, пірагі пякла.

Аднаго разу злавіў дзед у лесе дзікага парсючка і прынёс яго дахаты. Харошы быў парсючок — стракаценькі ды паласаценькі. Пачала баба парсючка карміць — і цестам, і мукою, і сьвежаю травою. Але, вядома, дзік — яму жалудоў давай. Цягне яго ў лес па жалуды.

Нічога ня зробіш, пачала яго баба ў лес пускаць, жалуды зьбіраць. Цэлы дзень ён у лесе гуляе, а нанач дахаты бяжыць. Такі добры парсючок быў!

Добры парасёнак...

Аднойчы бяжыць ён у лес, а насустрач яму галодны воўк. “Парсюк-парсючок, дзік-дзічок, — кажа воўк, — я цябе з’ем“.

Парсючок хітры быў, падумаў і адказвае: “Ня еш мяне, шэры воўк, лепш ідзі са мною на жалудовую палянку: там чарада гусей ходзіць“.

А воўк да гусей быў вельмі ахвочы. Паверыў ён дзічку-парсючку і пайшоў за ім на жалудовую палянку. На дарозе была вялікая воўчая яма. Парсючок яе ведаў ды абыйшоў, а воўк — бух у яму! І сядзіць там.

Назаўтра парсюк зноў пайшоў на жалудовую палянку.
Ідзе ды ідзе, сустракае яго лісіца.

— Куды ідзеш, парсючок?
— Па жалуды.
— Вазьмі і мяне з сабою.
— Ну хадзем.

Ідуць яны, ідуць, падыйшлі да ямы.
Парсючок абыйшоў яму, а лісіца — бух! — ваўку на галаву.

На трэйці дзень сустракае парсюка заяц.

— Куды ідзеш, парсючок?
— Па жалуды.
— Вазьмі і мяне з сабою.
— Ну хадзем.

Дайшлі да ямы — і заяц туды паляцеў!

Стала іх цяпер у яме трое: воўк, лісіца і заяц.
Сядзяць яны ў яме, захацелі есці.
Лісіца кажа:

— Давайце крычаць: хто слабей крыкне, таго з’ядзім.

Крыкнуў воўк — моцна.
Крыкнула лісіца — таксама ня слаба.
Крыкнуў заяц — зусім слаба, толькі піскнуў.
Ну, яго і з’елі.
Воўк усе косьці паеў, а лісіца кішкі сабе ўзяла і ў пясок закапала.

Назаўтра ўзноў прагаладаліся.
Лісіца дастала кішкі ды есьць патроху.

— Што гэта ты, кумка, ясі? — пытаецца воўк.
— Кішкі.
— Дзе ты іх узяла?
— Лапаю сабе жывот распарола і дастала, — адказвае лісіца.

Воўк паверыў, распароў сабе кіпцюрамі жывот ды сканаў.
Лісіца і яго з’ела.

Лісіца-сястрыца...

Тут прыляцеў да ямы дрозд.
Просіцца ў яго лісіца:

— Дроздзік-драздок, вызвалі мяне з ямы!
— Як жа я цябе вызвалю? — пытаецца дрозд.
— Накідай у яму галля, і я вылезу.

Дрозд накідаў галля, лісіца вылезла з ямы і кажа:

— Дроздзік-драздок, вызваліў ты мяне?
— Вызваліў.
— Накармі ж цяпер мяне.
— Як жа я цябе накармлю?
— Вунь баба на поле ідзе, міску бліноў кясе. Ты заляці ёй наперад ды сядзь на дарозе.
— І ўсё?
— Усё.

Паляцеў дрозд і сеў пасярод дарогі. Баба ўбачыла дразда, паставіла міску з блінамі і кінулася яго лавіць. А лісіца схапіла бліны ды за кусты. Наелася бліноў, прыйшла ізноў да дразда:

— Дроздзік-драздок, вызваліў ты мяне?
— Вызваліў.
— Накарміў?
— Накарміў.
— Цяпер напаі.
— Як жа я цябе напаю?
— А вунь, бачыш, чалавек бочку з квасам вязе. Ты ўзляці на бочку ды дзяўбі затычку.
— І ўсё?
— Усё.

Паляцеў дрозд, сеў на бочку ды давай затычку дзяўбсці.

Убачыў гэта фурман, схапіў кол ды па дразду! Па дразду! Дрозд узляцеў угару, а фурман з усяе сілы — па бочцы! Па бочцы! Бочка разбілася і ўвесь квас выліўся. Цэлая лужына налілася. Паехаў чалавек, бядуючы, далей, а лісіца напілася з лужыны, колькі ёй хацелася, ды ізноў да дразда пабегла:

— Дроздзік-драздок, вызваліў ты мяне?
— Вызваліў.
— Накарміў?
— Накарміў.
— Напаіў?
— Напаіў.
— Цяпер пацеш ты мяне.
— Як жа я цябе пацешу?
— А вунь на таку дзед з бабаю гарох малоцяць. Ляці туды і садзіся на лоб то бабе, то дзеду.
— І ўсё?
— Усё.

Паляцеў дрозд на ток, сеў бабе на лоб. Убачыў дзед дразда, ды — трах! — бабе цэпам. Але не па дразду, а па бабіным лобе. Дрозд фыркнуў і перасеў на дзедаў лоб. Тады баба з крыкам: «Кыш!» — бах цэпам дзеду ў лоб!.. Лісіца аж качаецца ад смеху.

Набілі баба з дзедам сабе гузакоў, кінулі малацьбу ды пайшлі дахаты сабе прымочкі на лобе ставіць.

А дразду хоць бы што — паляцеў сабе ў лес, пасвістваючы…

Смяецца дрозд...

Каментаваць

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>