Коўдра з ложка,
Як на ножках,
Паскакала да дзвярэй.
І падушка з прасціною
Без аглядкі ўслед за ёю
Паімчалася хутчэй.
Я за свечку,
Свечка — ў печку!
Я за кніжку,
Але — дзе там! —
І яна за імі следам
Скок ды скок
І — наўцёк!
Я хачу напіцца чаю,
К самавару падбягаю,
А пузаты з усіх ног
Уцякае за парог.
Што такое?
Што такое?
Што тут робіцца ў пакоі?
І чаму ж
Усё кругом
Закруцілася круцёлкай
Ды памчалася бягом?
Стол за лыжкай,
Бот за кніжкай,
Качарга за пірагом —
Мітусіцца ўсё
І скача,
І ляціць усё кулём.
Раптам з мамінай са спальні,
Перапоўнены вадой,
Выбягае Умывальнік
І ківае галавой:
«Ах ты, брыдкі, ах ты, брудны,
Не хлапчук, а парася!
Ты чарней за камінара!
Падзівіся на сябе:
У цябе на шыі сажа,
У цябе на носе каша.
Ты ж увесь такі мурзіла,
Што і кніжкі і чарніла
Паўцякалі ад цябе.На світанні, раніцою,
Чыста мыюцца вадою
Мышаняты й кацяняты,
Кураняты й качаняты
І конікі-скакуны.Ты адзін не любіш мыцца,
І няма чаго дзівіцца,
Што ўцякаюць ад мурзілы
І панчохі, і штаны.Я — вялікі Умывальнік,
Я — вядомы Мыйдадзір,
Умывальнікаў Начальнік
І вяхотак Камандзір!Варта тупнуць мне нагою,
Варта толькі мне гукнуць,
Дык сюды усёй гурбою
Умывальнікі ўбягуць
І цябе тут з галавою
У балею акунуць!»
Стукнуў ён у медны таз
І гукнуў: «Кара-барас!»
І адразу шчоткі, шчоткі
Затрашчалі, як трашчоткі,
І давай мяне мыць,
Прыгаворваючы:
«Мыем, мыем мы мурзілу,
Мыем, мыем камінара:
Ваксу, сажу і чарніла
Адмываем чыста з твару!
Будзе, будзе камінар
Аж блішчэць, як самавар!»
Тут падскочыла і мыла,
Уплялося ў валасах,
Вочы пенаю закрыла
І кусае, як асва.
Ад вяхоткі ашалелай
Я памчаўся, покуль цэлы,
А яна за мной, за мной
Па Садовай, па Сянной.
Я па вуліцы да саду,
А яна за мною ззаду
Усё імчыцца ды імчыцца
І кусае, як ваўчыца.
Аж насустрач мой харошы,
Мой любімы Кракадзіл.
Ён з Татошам і Какошай
Па прысадах тут хадзіў.
І вяхотку праглынуў —
Нават вокам не міргнуў.
А пасля як зараве
на мяне,
Як затупае нагамі
на мяне:
«Лепш вярніся ты дахаты, —
кажа ён, —
Ды памый свой твар мурзаты, —
кажа ён, —
Бо, калі я налячу, —
кажа ён, —
Дык, як муху, растапчу!» —
кажа ён.
Тут я куляю памчаўся дамоў,
І прыбег я да Ўмывальніка зноў.
Мылам, мылам,
Мылам, мылам
Мыліць твар я свой пачаў,
Змыў і сажу, і чарніла,
І, як снег, бялюткі стаў.
І штаны мае тым часам
Скок у рукі мне адразу,
А за імі піражок
Кажа: «З’еш мяне, браток!»
А за ім і бутэрброд:
Прыляцеў — ды проста ў рот!
Тут і кніжкі прыскакалі,
І алоўкі у пенале
Заспявалі ад душы:
«Вось цяпер — чытай, пішы!»
Сам вялікі Умывальнік,
Найслаўнейшы Мыйдадзір,
Умывальнікаў Начальнік
І вяхотак Камандзір,
Навакол мяне танцуе,
У шчаку мяне цалуе,
На калені пасадзіў:
«Вось цяпер цябе люблю я,
Вось цяпер цябе хвалю я!
Бо нарэшце ты, мурзіла,
Мыйдадзіру дагадзіў».
Раніцою і увечар
Трэба чыста мыцца нам,
А мурзілам скажам гэтак:
«Сорам вам!
Сорам вам!»
Няхай жыве мыла духмянае,
І ручнікі ільняныя,
І грэбні густыя,
І шчоткі зубныя!
Дык будзем жа мыцца, купацца,
Плаваць, ныраць і куляцца
У ночвах, балеі, у ванне,
У лазні, ў рацэ, ў акіяне, —
Усюды няхай пагалоска ідзе:
— Вечная слава вадзе!
Карней Чукоўскі
Пераклад: Алесь Якімовіч
А хто перакладчык? Admin?
не, без паняцця, на жаль
Пераклад: Алесь Якімовіч
[дзякуй, дадалi — admin]
Дзякуй!
Вельми добры пераклад вершау.
Усяго Вам найлепшага у жыцци и працы.
Добры учынак Вы робице.
З павагай-Лявон.