Усе рубрыкі

Прывітанне, мяне завуць Рыська! – Сяргей Брандт

Цікавыя навучальныя апавяданні для маленькіх дзетак, якія пойдуць у школу. Налібоцкі лес
75989789_325629_original
Перш-наперш, мае маленькія сябры, я хачу расказаць вам пра Налібоцкі лес, які часцей за ўсё пушчай называюць. Па чутках, цягнецца гэты абшар ад Міра да Валожына, ад Вішнева да Іўя. А на поўдні масіва — возера Кромань, якое нам з братам бясконцым акіянам здаецца. Сям-там праз лес крынічкі прабіваюцца, а з бакоў непраходныя вялікія рэчкі Заходняя Бярэзіна і Уса сталёвымі стужкамі ляжаць.
Наш лес толькі з выгляду дзікі. А на самай справе, па спецыяльных сцежках, створаных чалавекам, у лесе можна прайсці да месцаў знаходжання рэдкіх жывёл, да палян, дзе растуць кветкі і травы, занесеныя ў Чырвоную кнігу. Усё разам нам, лясным жыхарам, здаецца цэлым сусветам.
Вельмі добра адчуваем мы сябе ў гэтым агульным доме. Ціха тут і ўтульна. Нават сябрук бабёр, да якога на рэчку я хаджу ласавацца рыбай, спакойна будуе свае плаціны. Толькі здараецца, што дзяцел загрукоча і сойка захрыпіць, ці івалга разбудзіць усіх сваім пранізлівым свістам. У вершалінах дрэў час ад часу чутно, як закрычыць голуб, цецярук, нават глушэц, калі насцігнуць іх сваімі кіпцюрамі арол і ястраб.
У гушчары, дзе нізенькі верас туліцца да зямлі, бавяць час зубр і барсук, воўк і мядзведзь, ліса і вавёрка, заяц і алень. Тут яны не асцерагаюцца, што іх патурбуе ражок паляўнічага. Але паміж сабой звяры часта высвятляюць адносіны. Кожны жыхар пушчы пільна сочыць, каб ніхто з суседзяў не ступіў на тэрыторыю, якая засталася ім у спадчыну ад бацькоў. Мядзведзь, наш самы руплівы гаспадар, часта сварыцца з кабаном із-за месца пад дубам, якое кожны лічыць сваёй уласнасцю. У кожнай спрэчцы мядзведзь заўсёды бярэ верх. Тады кабан зарохкае і зляціць яшчэ ў большы гушчар, каб ніколі не пападацца на вочы касалапаму. І гэтак да наступнай спрэчкі. На палянках, дзе так слаўна грэе сонека і лапочуць абапал горкія асіны, сярод дзеразы і моху, усе любяць ласавацца чорнымі ягадамі і брусніцамі. У час смачнай трапезы ніхто не сварыцца і не паказвае свой характар. Усе роўныя за салодкім пачастункам. Вось тут мы з брацікам і пачулі шмат цікавых гісторый з прыгодніцкага жыцця жыхароў Налібоцкага лесу. Але пра гэта ў наступны раз. Фыр-фыр, да сустрэчы!

02.08.2013, Сяргей Брандт

Каментаваць

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>