Дама здала ў багаж
Канапу,
Дыван,
Сакваяж,
Валізу,
Карціну,
Кардонку
І дробнага цюцьку-балонку.
Выдалі даме на станцыі
Аж цэлых чатыры квітанцыі,
Што быў атрыманы багаж:
Канапа,
Дыван,
Сакваяж,
Валіза,
Карціна,
Кардонка
І дробны сабачка балонка.
Рэчы вязуць на перон,
Кідаюць дакучы ў вагон.
Ура! Спакаваны багаж:
Канапа,
Дыван,
Сакваяж,
Валіза,
Карціна,
Кардонка
І дробны сабачка балонка.
Ды толькі пачулі званок –
Сабачка з вагону ўцёк.
Убачылі ў Беразіно,
Што страцілі месца адно.
У роспачы лічаць багаж.
Канапа,
Дыван,
Сакваяж,
Валіза,
Карціна,
Кардонка.
А дзе, выбачайце, балонка?
Аж бачаць, ля колаў прылёг
Чарнюткі адкормлены дог.
Схапілі яго – і ў багаж,
Туды, дзе ляжаў сакваяж,
Валіза,
Карціна,
Кардонка,
Дзе ехаў сабачка балонка.
І вось прыбылі ў Магілёў.
Насільшчык з вагону ізноў
На тачку згружае багаж:
Канапу,
Дыван,
Сакваяж,
Валізу,
Карціну,
Кардонку…
І цягнуць сабачку за шворку.
Сабака як басам брахне!
Кабета спужалася: – Не!
Махлярства! Крадзёж! Ашуканства!
Парода – не тая, спадарства!
Кабеце не трэба й багаж:
Сапхнула нагой сакваяж,
Валізу,
Карціну,
Кардонку
-Вяртайце , злачынцы, балонку!
— Прабачце! У Менску на станцыі
Мы ў вас прынялі па квітанцыі
Вось гэты дакладна багаж:
Канапа,
Дыван,
Сакваяж,
Валіза,
Карціна,
Кардонка
І дробны сабачка балонка.
Але, пэўна, з двух да шасці
Сабака ваш мог падрасці!
Пераклад Алены і Андрэя Церашковых
Малюнкі: Настасся Чарнікава
***
Пані здавала ў багаж
Дыван,
Чамадан,
Сакваяж,
Карціну,
Двухручную тачку,
І вельмі малога сабачку.
Выдалі пані на станцыі
Чатыры зялёных квітанцыі,
Дзе быў запісаны багаж:
Дыван,
Чамадан,
Сакваяж,
Карціна,
Двухручная тачка,
І вельмі маленькі сабачка.
Рэчы вязуць на пэрон,
Кладуць у апошні вагон.
Пагружаны, урэшце, багаж:
Дыван,
Чамадан,
Сакваяж,
Карціна,
Двухручная тачка,
І вельмі маленькі сабачка.
Як толькі крануўся цягнік,
Сабачка саскочыў і знік.
На станцыі Койданава
Знайшлі, што чагосьці няма.
І лічаць, і лічаць багаж:
Дыван,
Чамадан,
Сакваяж,
Карціна,
Двухручная тачка…
Панове, а дзе ж той сабачка?
Тут бачаць, што ля смеццебака
Стаіць аграмадны сабака.
Злавілі яго – і ў багаж,
Туды, дзе ляжаў сакваяж,
Карціна,
Двухручная тачка,
І там, дзе раней быў сабачка.
Прыехалі ў Менск на вакзал.
Насільшчык з вагону дастаў
Увесь, як належыць, багаж:
Дыван,
Чамадан,
Сакваяж,
Карціну,
Двухручную тачку…
І вось дастае ён сабачку…
Сабака тут як зарычыць!
А пані тут як закрычыць!
— Даўбешкі! Смаўжы! Абібокі!
Сабака занадта высокі!
Яна адпіхнула дыван,
Адкінула прэч чамадан,
Карціну,
Двухручную тачку…
— А ну, аддавайце сабачку!
— Паслухайце, пані! На станцыі
(Вось тут напісана ў квітанцыі)
Ад вас атрымалі багаж:
Дыван,
Чамадан,
Сакваяж,
Карціну,
Двухручную тачку,
І вельмі малога сабачку.
Аднак, пакуль ехалі з Польшчы,
На нашых харчах ён пабольшаў!
Пераклад: Аляксей Шэін
Каментаваць