Усе рубрыкі

Як Гародня атрымала свой герб

herbHarodniaНекалі даўно вакол Гародні рос вялікі і густы лес, які называлі “Гарадзенская пушча”. Шмат у гэтай пушчы вялося розных звяроў. Раз у год прыязджаў сюды вялікі князь наш і кароль са сваёю служылай шляхтай на паляванні.

Аднаго разу, пасля палявання, сын ганчара з Горадні пайшоў за сцены горада набраць дроваў ў лесе і ля крынічкі знайшоў маленькае алянё. Маці аляняці, відаць, упалявалі, і малеча засталася зусім адна.

Хлопчык загарнуў алянё ў свой кажушок і прынёс аслаблую істоту ў горад. Ішлі месяцы, а алянё усё жыло ў Горадні. Гарадзенцы палюбілі алянё і збудавалі ў цэнтры гораду адмысловую хатку для аляняці. Кожны гараджанін прыносіў штось з’есці малечы.

Вельмі моцна палюбілі гарадзенцы таго аленя. Калі алень заходзіў да каго з гараджан на надворак, лічылася што ён прыносіць шчасце. Алень свабодна хадзіў па горадзе, а таксама сам выходзіў за гарадскія сцены, але кожны вечар вяртаўся на сваё ўлюбёнае месца пасярэдзіне гарадской плошчы за сценамі старога замку.

Праз год пераўтварылася маленькае алянё ў вялікага і ладнага аленя з вялікімі і ладнымі рагамі. А кожны з гарадзенцаў пачаў лічыць таго аленя сваім, родным, блізкім.

Роўна праз год і адзін дзень як маленькага тады аленя прынеслі ў горад, наранку алень выйшаў у пушчу. Гараджане пачулі гукі паляўнічых трубаў і брэх паляўнічых сабак далёка ў пушчы. Гараджане зразумелі, што пачалося каралеўскае паляванне. Вельмі гарадзенцы перажывалі за свайго аленя, баяліся каб хоць паляўнічыя не выйшлі на яго след.

І вось падвечар, гарадзенцы пачулі як паступова брэх сабак пачаў набліжацца да сценаў горада, а ў вароты забег змылены і вельмі стомлены алень. Гарадзенцы зразумелі, што паляванне хутка будзе пад сценамі горада і аленя знойдуць.

Горад і гарадскія сцены – гэта адзінае што можа абараніць любімага і дарагога для кожнага гарадзенца аленя.

Гараджане ўсе выйшлі на плошчу і пачалі раіцца, і ўсе разам вырашылі абараніць аленя, не аддаваць аленя вялікаму князю і каралю, бо алень – гэта быў адзін з гараджан.

Упершыню гараджане зачынілі вароты перад сваім князем і каралём.

Пад’ехала каралеўскае паляванне і бачыць, што вароты горада зачыненыя. Ніколі яшчэ такога не было, каб вароты закрылі перад сваім каралём. Вельмі раззлаваўся вялікі князь і кароль наш і загадаў адчыніць вароты і аддаць яго здабычу – аленя, які схаваўся за гарадзенскімі сценамі.

Але гарадзенцы папрасілі прабачэння ў князя і караля свайго і сказалі, што не могуць выдаць аднаго са сваіх нават каралю. Горад, гарадскія сцены і гараджане – гэта адзіная абарона, што засталася ў аленя.

Гэтыя словы яшчэ больш раззлавалі нашага князя і караля, і сказаў тады ён, што калі гарадзенцы не выдадуць яму аленя да першых промняў сонца – ён спаліць горад і знішчыць назаўсёды сцены, якія абаранялі гарадзенцаў.

Кароль загадаў сабраць войскі і гарматы, і цэлую ноч да Горадні збіраліся войскі, якія акружылі горад. Вайскоўцы выкацілі гарматы і накіравалі іх на сцены горада.

А гарадзенцы не збіраліся страляць у сваіх, яны проста хацелі абараніць аленя. Сабраліся тады гараджане са свечкамі і паходнямі на цэнтральнай плошчы, сталі вакол аленя і пачалі маліцца, каб божанька дапамог ім і выратаваў і гараджан, і аленя ад каралеўскага гневу.

І вось пачало пакрысе віднець, і вялікі князь і кароль наш меўся быў ужо аддаць загад страляць па мурах замка, і падняў быў нават руку, як раптам убачыў, што над сценамі горада на фоне сіняга ранішняга неба лунае алень. А паміж яго рагоў свеціцца залаты крыж. Укленчыў тады наш вылікі князь і кароль і зразумеў, што гэта вестка яму.

Падыйшоў тады наш князь і кароль да варотаў і сказаў, што не будзе караць гарадзенцаў і не хоча забіраць аленя ад іх. А за тое, што абаранілі гарадзенцы свайго аленя і не выдалі яго, паабяцаў даць правы на самакіраванне гараджанам, а гербам зрабіў аленя, які лунае над сценамі замка на нябесна-сінім фоне з залатым крыжам паміж рагамі.

З таго часу маюць гарадзенцы свой герб — аленя, а горад атрымаў асаблівае права: той, хто пражыў за сценамі горада год і адзін дзень, станавіўся гарадзенцам і атрымліваў свабоду, нават калі раней ён быў рабом.

малюнак са старонкі: just.grodno.by

Каментаваць

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>