Усе рубрыкі

Як звяры хвасты атрымоўвалі (народная казка)

Быў такі час на зямлі, калі звяры ня мелі хвастоў. Заязь страшэнна дакучала ім: абараніцца звяры ня мелі чым. І вось аднойчы ад ляснога цара выйшаў загад, каб звяры йшлі хвасты атрымліваць. Пайшлі ганцы ўва ўсе канцы з пушчаў, лясоў і палёў склікаць звяроў. Паведамілі ваўка, лісіцу, куніцу, пабудзілі й мядзьведзя ў яго бярлозе…

Казка хвасты

— Добра, — кажа Мішка: — я зараз прыйду, адно загляну да старое ліпы, ці не знайду там чаго пасьнедаць.

Запраўды, у дуплё старое ліпы дзікія пчолы нанасілі шмат мёду. Стаў Мішка ламаць дуплё ды выграбаць мёд. Пчолы жалілі яго, але ён не зважаў на гэта, заграбаў мёд і пчол і парахню, што прыстала да мёду, еў усё ды толькі мармытаў ад асалоды. Наеўшыся, ён ужо хацеў ісьці на сходку, аж глянуў, што шэрсць уся выпацкана ў мёд ды парахню.

— Не, — падумаў Мішка, — у такім гарнітуры йсьці на сходку нельга.

Сеў ён і пачаў вылізваць сабе бруха. А сонейка так добра грэла, што Мішка разамлеў і не заўважыў, як моцна заснуў.

Як звяры што

Прылёг Мішка спаць

Тымчасам на сходку ўжо сталі зьбірацца зьвяры. Першай прыбегла лісіца й выбрала сабе самы прыгожы пушысты хвост. Потым — куніца, вавёрка. Бык выбраў сабе хвост з мяцёлкай на канцы, конь — з даўгімі валасамі, каб лепш было змагацца з мухамі ды аваднямі.

Падбег і зайчык, але, пачуўшы страшэнны гармідар, спалохаўся ды схаваўся ў кусты; сядзеў там, пакуль усе зьвяры разыйшліся і ў лесе стала ціха. Вылез зайчык з кустоў і нясьмела падыйшоў да ляснога цара.

— Дзе ж ты быў — кажа цар, — то ж усе хвасты ўжо разабралі, астаўся толькі адзін маленькі.

— То ж такі мне й трэба — узрадаваўся зайчык. — Даўгі хвост толькі перашкаджаў бы мне ад ваўкоў ды сабак уцякаць, а гэты будзе якраз.

Казка хвасты

Зайчык-папрыгайчык

Фарсіста прычапіў зайчык свой хвост і весела паскакаў.

А тымчасам прачнуўся й мядзьведзь і раптам успомніў, што ён мусіў ісьці на сход. Глянуў, а сонца ўжо зусім над лесам павісла. З усіх ног кінуўся Мішка бегчы. Бег, бег, аж засопся. Але ў тым месцы, дзе была сходка, ужо нікога ня было.

— Што ж мне цяпер рабіць, — думае мядзьведзь — усе будуць мець хвасты, адзін я застануся без хваста.

Гэтак ідзе ён злосны, аж бачыць на пяньку барсук пакручваецца і ўсё на свой прыгожы хвост глядзіць.

Чытаць казка пра хвасты

Барсучок

— Паслухай, барсуча, — кажа мядзьведзь, — нашто табе такі вялікі хвост? Аддай мне хоць палавіну.

— Што ты? — кажа барсук — як жа можна? То ж увесь фасон прападзе.

— Не дасі, — сказаў мядзьведзь ды палажыў лапу барсуку на голаву, — не дасі па дабру, дык сілай вазьму.

— Ня дам — крыкнуў барсук, ды як рвануўся, дык і вырваўся.

Але ў мядзьведзя ў лапе засталася доўгая паласа барсуковае скуры. Адарваў мядзьведзь кавалак гэтае скуры, прычапіў сабе, дзе павінен быць хвост, ды пайшоў даядаць мёд.

А барсук бег, бег, дзе ні схаваецца, усё яму здаецца, што мядзьведзь услед тупае. Урэшце выкапаў ён глыбокую нару, залез у яе й сядзеў там цэлыя дні. Толькі калі месяц узыйходзіў над лесам, вылазіў ён пашукаць чаго-колечы з’есьці. Там у нары ў барсука дзеці нарадзіліся.

І вось аднойчы недалёка ад гэтае нары бегла лісіца.

Чуе яна, што нешта пішчыць. Глянула яна на дрэвы, агледзела ўсе кусты — нічога няма.

Прыслухалася лісіца і здалося ёй, што нешта пішчыць пад зямлёй. Глядзіць, аж нара. Палезла лісіца ў нару, аж там барсук.

— Што гэта табе, барсуча, наверсе цесна стала, што ты пад зямлю залез? —
— А так, цесна.

Ды расказаў лісіцы, як мядзьведзь хацеў забраць у яго хвост. Выслухала лісіца, хітра засмяялася ды кажа:

— Хлусіш ты, барсук. Ня веру я твайму ніводнаму слову.
— Ня верыш, дык я цябе пераканаю.

І вылез з нары.

Праўда, лісіца пабачыла, што ў барсука ад галавы праз усю сьпіну белая паласа. Паверыла лісіца й не на жарт спалохалася.

Што ж, — падумала яна — калі ён хацеў забраць барсукоў хвост, дык мой жа прыгажэйшы“.

І пабегла шукаць сабе сховішча.

Але дзе яна ні хавалася, усё ёй здавалася, што мядзьведзь яе знойдзе. Гэтак прабегала яна ўсю ноч і не магла супакоіцца. А пад раніцу, як і барсук, выкапала сабе глыбокую нару, залезла ў яе, накрылася сваім прыгожым пушыстым цёплым хвастом і спакойна заснула…

***

Загадка да казкі:
А зараз адкажыце на пытанне: якога звера, што ў казке быў, на малюнках няма? ;)

1 казачнік нешта сказаў Як звяры хвасты атрымоўвалі (народная казка)

Каментаваць

  

  

  

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>