З цыкла “Гісторыі, падобныя на казкі”
Усё гэта адбылося ў тыя старажытныя часы, калi нашу зямлю на сваiх спiнах трымалi вялiзарныя i моцныя сланы, якiя ў сваю чаргу стаялi на панцыры ў адной вяліказнай чарапахi. Зямля была навароджанай i зусiм маленькай. Тады i людзi былi iншымі, ды гiсторыi таго часу былi вельмi цiкавымi. Напрацаваўшыся за доўгi летнi дзень, сяляне мылiся халоднай вадой са студнi, потым смачна i разам вячэралi, затым, седзячы на двары, i паглядаючы на зорнае неба, расказвалi дзiвосныя гiсторыi. Пачуўшы iх, нават маладзiк са сваiмi сяброўкамi-зорачкамi апускаўся нiжэй, амаль да самай зямлi, быццам, ловячы кожнае слова таго, хто гэта цiха апавядаў. Цяпер хто ведае, падобныя на казкi апавяданнi? Няма ўжо i тых заможных старых людзей i тых вячорак. Але гiсторыi ix прыходзяць да нас, стаяць пад нашымi вокнамi i чакаюць, калi дазволяць iм увайсцi ў хату. I вось што прынёс пад вечар сёння да мяне гаварлiвы лясны раўчук — найменьшы сын павольнай блакiтнай Прыпяцi…
У вёсцы адной, на ўскрайку зялёнага i шумлiвага лесу, жыў хлопец, звалi яго Сяржук Бязродны. Сваёй гаспадаркi ён не меў, але працаваць не цураўся. Прыйшла пара жанiцца хлопцу: да адной сям’i падыйшоў, да другой. “Не — кажуць, — за беднага дачок не аддадзiм. Вось каб з грашыма — дык адразу пад вянец.” Пасядзеў Сяржук дзень, пасмуткаваў ды i пайшоў ў Вiльну да пана iншаземнага на працу нанiмацца. Пан не дурны быў — вочы меў i атрымаў дзяцюк месца на панскiм гандлёвым караблi. Першыя месяцы вельмi многа прыйшлося рабiць новых i ў сваёй вёсцы невядомых спраў, але хлопец быў руплiвы i паслухмяны, i праз паўгода зрабiў яго капiтан гэтага карабля старэйшым матросам. I справа iншая i грошай болей. За далёкiмi падарожжамi неўзабаве скончыўся год, атрымаў Сяржук ладны мяшэчак з срэбранымi шылiнгамі i маркамі i да вёскi сваёй заспяшаўся. Але, як не паганяў ён свайго каня, вечар затрымаў шпаркi бег каля старога млына. Цёмна навокал, хоць вока выкалi, ад стаўка цягне вiльгаццю i нечым нават смуродным. Кола рыпiць так непрыемна, што дрыжыкi бяруць. Прыглядзеўся юнак i бачыць: нешта блiшчыць, быццам маленькi агенчык уначы, пайшоў з канём павольна ў той бок. Можа праз гадзiну якую заўважыў маленькую хату з хлевам, адчынiў у поцьмах дзверы i патрапiў у … карчму. Два сталы, тры лавы, каморка з бутылямi, штофамi, бутэлькамi i пляшкамi, поўнымi моцнага бiмберу. Карчмар, як чорт, побач круцiцца: “Маем флякi гаспадарскiя, салатку смачную, вэнджаную на ядлаўцы каўбасу, трохi бiгусу засталося. На салодкае — мядок лясны, бурштынавыя яблыкi печаныя i заедкi с чарнiцамi”. I на стол дубовы бух кухаль, амаль на дзве кварты, месцячковай гарэлкi, лютай як звер, настоенай на кветках верасу i бярозавых маладых пупырышках. Прэзэнт пану ад карчмы. Уцячы б хлапцу, ды куды пайшла першая чарка, затым другая … да густа накрытага стала падсеў нейкi яўрэй з Менску, з’явiлiся на стале косцi….
Працяг будзе
Сяргей Брандт,17.03.2014
Дык,а калі чакаць працяг?
Похоже продолжения не будет(^._.^)ノ
я хачу вывучыць вашу мову, цудоуная мова.