Усе рубрыкі

МАЙСТАР ЦУДОЎНЫХ ГАБЕЛЕНАЎ — Сяргей Брандт

Гiсторыя, якая вельмi падобная на казку

Гэта былi тыя часы, калi простыя людзi жылi побач са старажытнымі багамi. Арэ мужык зямельку цi збiвае ў валкi скошаную канюшыну, багi заўсёды побач з iм то ў вобразе шэрага зайца пад зялёным кустом, то ў вобразе гаварлiвай вясёлай птушкi ў сiнявокiм небе. Пойдзе дзеўка па ваду да ракi — сонейка ласкавае яе з усiх бакоў святлом i цяплом абдымае, а ўначы свавольнiк-ветрык адчыне акенца i прабяжыць хуценька па хаце, як быццам нечым лёгкiм грубку i ложак абгарне. Але разумеюць людзi — гэта бог Cонца зямлю ад усяго нядобрага захоўвае, а бог Вецер лётаючы над зямлей, збiрае навiны i потым раздае iх сялянам пад вечар. I кладзе ў куток рука кавалачак цукру цi лье парное малако
ўначы пад вароты, ведаюць старажылы — нiколi не пакiне ў бядзе бог, якому яны ў голас моляцца i пачастункi кожны дзень ахвяруюць.
i_001

Гэта былi тыя часы, калi прыгажосць жыла побач з праўдай, а хлусня дзялiла свой ложак разам з пачварствам. Даўно гэта было, вельмi даўно, нават самы стары дуб у лесе не успомнiць пра тыя чароўныя старажытныя часы. Дык вось жыў у адным лясным краі Майстар, ткаў ён габелены з розных траў, палявых кветак i свету начнога. Кожны са звяроў дапамагаў яму чым толькi мог — зубры на сваiх магутных рагах зорачкi прыносiлi, ваўкi туман сцераглi, каб ён побач у Майстра пад рукой знаходзіўся, маленькiя вавёркi iглiцу апаўшую збiралi ды ў кошык плецены роўненька скiдвалi, калi патрабуецца раптам сшыць вясёлы лясны гоман разам з золкiм шэрым свiтанкам.
Добры гэта быў чалавек, заўсёды людзям дапамагаў: народзiцца дзiцятка ў сялянскай сям’i, ён адразу падарунак прышле — коўдру мяккую з цёплага i лагоднагу iмху, на якой такiя выразныя фарбы, што не плача малое нiколi, а толькi вочкамi сваiмі шырока-расплюшчанымi на дзiва дзiўнае паглядае. А калi вяселле па вёсцы пяе i танчыць, паглядзiце на нявесту маладую, на яе, як воблака легкую пасля дажджу сукенку. Пералiваецца яна пад сонечнымi праменямi, як каштоўныя замежныя камянi, як заморскiя перлы з караламi i не дзяўчына здаецца iдзе пад вянец, а дачка малодшая нейкага заможнага бога. Смяюцца людзi i ад смеху iхняга на сэрцы вельмi добра робiцца, хочацца i самому добрае рабiць i другiм дапамагаць.
Слава пра творы майстра нават далёкiя замежжы закранула, пачалi каралi розныя ды прынцы сабе габелены шукаць, вялiкiя грошы плацiлi, толькi не маглi iх каля сябе утрымаць, бо ў сквапных i агiдных руках парухнелi раптам габелены i смеццем шэрым станавiлiся.
Ды быў яшчэ адзiн вельмi дрэнны гаспадар паўночных зямель, ён не шукаў, каб нешта купiць, ён прыходзiў са сваiм незлiчоным войскам i ўсё сабе забiраў. Напаў Чорны Гаспадар аднойчы на край, дзе жыў Майстар i абрабаваў яго за адну толькi ноч, бо народ месцячковы нiколi ў свaiх руках зброi не трымаў, акрамя сякеры цi рыдлёўкi. Загадаў ён прывесцi Майстра да сябе i адразу жаданне сваё прамовiў — за тры днi i тры начы павiнен чалавек яму габелен зрабiць i такi, каб той, хто яго мець будзе, усiм светам валодаў бы, а не дык спалiць Чорны Гаспадар лясы, лугi, рэчкi i азёры, попелам засыпле, а народ увесь у палон возьме на часы вечныя.
Што рабiць застаецца — пайшоў Майстар у лес, сабраў усiх звяроў, птушак нават самых маленькiх i разам яны да старажытных багоў сваёй зямлi з прамовай звярнуліся.
Дапамаглi словам мудрым сваiм багi, але папярэдзiлi Майстра — за тое, каб на зямлю зноў спакой ды мiр усталяваліся, павiнен ён сваё жыццё за людзей аддаць. Згоду выказаў Майстар.
Тры дні i тры ночы працаваў амаль без перапынку чалавек: лес, неба, воблакi i нават свавольнiк-ветрык — усе дапамагалi яму. I па сканчэнні трэцяй ночы, пад самую золкую ранiцу, саткаў Майстар свой дзiўны габелен. Вісеў ён у паветры, як жывая iстота, i нават полымя вогнiшча, гледзячы на яго, не магло гучна ўздыхнуць. А зорачкi нават апрытомiлi ад такого незямнога хараства. Невядомыя нiкому рыскi i знакi, неверагодныя фарбы ляглi цудам у аснову габелена.
Праца была завершана, прыскакаў на канi Чорны Гаспадар, але слова свайго трымаць не стаў — загадаў палiць вёскi, людзей у палон браць. Закрычалi, залямантавалi жанчыны, заплакалi ў голас дзецi, мужыкі за калы ўзяліся, але як затрымаць войска незлiчoнае?
Толькi Майстар каля габелена адзiн застаўся, спачатку хмурны быў, а потым усмiхнуўшыся, песню незнаёмую заспяваў i над лесам сонейка жоўтае ўзыйшло. Здалося быццам увесь лес яркае полымя ахапіла. Промнi сонечныя па вадзе прабеглi i зазiхацела рака таксама. Залатыя хвалi залiлi абшары i пагоркі, якiя яшчэ салодка спалi i, як толькi залатая хваля прайшоўшы над самым лесам, дакранулася да жывога габелена сваiм святлом, пыхнуў той бязгучна i знік у полымі сонечнага ранку. А разам з iм знiклi, як мoкрыя плямы халоднага туману, i Чорны Гаспадар і войска яго вялiкае, быццам i не было iх нiколi.
Людзi пачалi дзякаваць Майстру, але i ён таксама некуды знiк… Толькi над лесам раптам з’явiлася цудоўная расфарбаваная вясёлка. Яна вiсела над зямлёй i разам з сонейкам дарыла ўсяму жывому такую пяшчоту i цяпло, што хацелася дакрануццца да яе ўсiм сваiм сэрцам.
Напэўна, гэта багi з удзячнасцю за сваю ахвяру Майстра ў вясёлку ператварылi, а можа ён сам так зрабiў, каб не было спакусы дрэнным людзям яго творы для дрэнных спраў сваiх выкарыстоўвываць.
Гэта было ў тыя часы, калi людзi не забываліся пра смак сваёй роднай мовы, з нейкай таямнiчай асалодай распавядалi дзецям казкi i спявалi свае цудоўныя песнi, калi кожнае слова набывала сваю моц i сэнс толькi на роднай зямлi, калi моладзь паважала старых i, калi побач з людзьмi жылi старажытныя бaгi.

Сяргей Брандт, 08.06.2014

Каментаваць

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>