Быў раз дзед, а ў таго дзеда баран.
І захацеў той дзед зарэзаць свайго барана. Толькі пачаў рэзаць, трошкі бок абадраў, а баран усхапіўся ды ўцёк і схаваўся ў лісіную норку.
![]() Дзедка |
![]() Барашка |
![]() Ліска |
Прыйшла ліса ў норку, ажно там нехта сядзіць.
Спужалася лісіца і пытаецца:
— Хто там?
А баран ёй адказвае:
— Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, — як дам рагамі, дык ты паляціш уверх нагамі!
Лісіца спужалася і пабегла ваўка прасіць.

Ваўчок
— А воўчанька ты мой, а кумочак мой, — хадзі, памажы маёй бядзе, паглядзі, хто гэта ў мяне ў норцы сядзіць.
Паслухаў воўк лісу, пайшоў з ёю ў нару выганяць барана.
Прыйшоў, ды сап, сап — носам нюхае.
— Хто там?
— Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, — як дам рагамі, дык ты паляціш уверх нагамі!
Воўк спужаўся ды ўцёк.
Пайшлі яны зь лісіцай ды к медзьвядзю, пачалі медзьвядзя прасіць:
— Мядзьведзінка, бацінка, — хадзі, памажы нашай бядзе, паглядзі, хто гэта ў лісінай норцы сядзіць.
![]() Ліска, ваўчок і Мядзьведзь |
![]() Мядзьведзь |
Паслухаў мядзьведзь, пайшоў з імі да норкі, прыйшоў, ды пытаецца:
— А хто там?
А баран яму:
— Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, — як дам рагамі, дык ты паляціш уверх нагамі!
Мядзьведзь спужаўся, ды ўцёк.
Ідуць яны, ідуць каля саду, ды бачаць — ляціць пчолка.
Давай яны гэтую пчолку прасіць.
— Пчолка, душачка, — хадзі, паглядзі, хто гэта ў лісінай норцы сядзіць.

Пчолка
Паляцела пчолка з імі, прыляцела і пытаецца:
— А хто там?
— Я баран, бок абадран, чатыры нагі, два рагі, — як дам рагамі, дык ты паляціш уверх нагамі!
А пчолка ня спужалася, — у норку, ды давай кусаць барана за абарваны бок!
Баран спалохаўся, выскачыў з норкі, ды давай уцякаць!
Выданьне: Беларускія казкі. Мюнхен, 1957.
Ўзята з бачыны knihi.com
Калі ласка прабачце, што раней не пазначаў…
Выпраўляюся — буду надалей адзначаць, што і адкуль:)
гэта народныя казкі, пазначаць месца публікацыі неабавязкова. магчыма, калі толькі там была сур’ёзная аўтарская апрацоўка, лепш дадаць пра гэта інфу, ці з якой складанкі (проста можа быць камусьці цікава).
Отличная сказка, взяла для пересказа ребенку на уроке белорусской латературы. Ребенок нашел ошибку в тексте. Пайшлі яны зь лісіцай. Зь -неправильно.