|
Змайстраваў хлапчук Андрэйка
Iз паперы журавельку.
Мае птушка крылы, хвост
I даўгую дзюбку-нос.
Толькi нешта не ляцiць,
Трэба птушку пакармiць.
Паляцiць затым праз плошчу,
Ветрык крылы запалошчыць.
Даляцiць да рэчкi сiняй
Праз альшаннiк, праз асiннiк.
Дамоў пэўна не вярнецца,
Жыць у вёсцы застанецца.
Сярод леса ёсць калейка,
Рыпiць калодзеж-журавелька.
Ваду цягае для людзей,
Малы, ляцi сюды хутчэй!
Сяргей Брандт, 24.07.2013
Конь сябруе са сланом
Конь iржэ, смяецца слон.
Застучыць конь капытамi,
Слонiк хлопае вушамi.
Заiграе слон трубою,
Конь кiвае галавою.
Конiк весела гарцуе,
А чагосьцi слон сумуе.
конь i cлон
Конь устане на дыбкi:
«Ну, давай, як я зрабi!»
Конiк радасна ўзбрыкне,
Слонiк конiка мiне. Чытаць далей » Конь сябруе са сланом — Алег Старынчык
Вада з хмарак ракой л’ецца,
Мчыць па дахах i смяецца.
А спякотна было зранку,
Грымiць гром i зноў маланка.
Пыл з зямлi змывае дожджык,
Пад карчом схаваўся вожык.
“Навальнiца пройдзе хутка” —
З пад навесу крычыць вутка.
Раптам мосцiк над пасёлкам —
Фарбы разлiла вясёлка.
Кроплi пляскаюць па лужах,
Грыбным трошачкi цярушаць.
Сяргей Брандт, 23.07.2013
Частка першая
Калі, стомлены за дзень ад душнай летняй спякоты, шумны горад пачынае засынаць і ў цёмным небе ва ўсёй сваёй пышнасці з’яўляецца Млечны Шлях, настае час казак для маіх маленькіх слухачоў. Халаднаваты ветрык струменіцца ў расчыненыя вокны, а ў госці ўжо спяшаюцца вясёлыя Музы. Услед за імі, нібы вясёлкавыя хмаркі, імкнуцца казачныя персанажы: адважныя, сумленныя і вясёлыя. Усіх іх стварыў Казачнік і яны яму, як маленькія і вельмі любыя дзеці, якія заўсёды спяшаюцца даведацца, што ў гэтым велізарным свеце існуюць дабро і зло. Вось дык казачныя персанажы! Яны заўсёды вераць у сваё жыццё на старонках твораў і ў сваю вялікую ролю на зямлі.
Сёння я раскажу вам гісторыю пра самотнага Гнома, які па добрай волі выпадку сустрэўся са сваімі чытачамі — дзецьмі … У адной далёкай маленечкай краіне, непадалёку ад Паўночнага халоднага мора, жыў добры адзінокі Гном. Ты, вядома ж, мой юны сябар, нічога пра яго і не чуў, у гэтым і няма нічога дрэннага, бо ты жывеш у зусім іншай краіне, якая ляжыць у процілеглым баку ад Паўночнага халоднага мора. Ты спытаеш у мяне, а як жа выглядаў гэты Гном?
Дык вось, выглядаў ён, як выглядае самы сапраўдны Гном — маленькі, добры і яшчэ ён насіў старое пенснэ, бо ён сам пісаў казкі, а як жа іх пісаць, калі ў цябе няма пенснэ. Жыў ён пад дахам даўнейшай хаты, у яго быў вялікі камін, дубовы стол і нават бронзавы падсвечнік, а таксама маленькі ложак, якая стаяў адразу за комінам. У цёплыя летнія вечары наш Гном любіў блукаць па чырвоных дахах, напяваючы сабе пад нос адну з вясёлых сваіх песенек. Але калі наставала восень і яе халодныя вятры і дажджы панавалі над светам, ён запальваў у каміне сухія яловыя паленцы, ставіў свечку на цёмны ад часу дубовы стол і пачынаў складаць новую гісторыю. Гісторый гэтых ў яго назапасілася з гадамі цэлая шафа, але ніхто іх не бачыў ніколі і нават не чытаў, бо Гном быў вельмі сарамлівым. Хоць, па праўдзе, гісторыі гэтыя ўсё ж чула адно шэрае мышаня, якое жыло ў пакойчыку разам з маленькім пісьменнікам. За шафай у падлозе была вялікая шчыліна, якая вяла ў цёплую і сухую норку, дзе мышаня спала і куды даносіліся словы новых цікавых гісторый.
Частка другая
Гном вельмі любіў цішыню па начах і ніхто не мог перашкодзіць яму ў гэтай цікавай справе. Весела трашчалі дровы, а гарэзлівыя цені мітусіліся па сцяне. Унізе спаў стомлены за дзень вялікі горад, а маленькі пакой наведвала прыгожая Муза натхнення з новымі персанажамі. І, нібы адчуваючы гэты ўрачысты момант, сямейства вусатых цвыркуноў, праверыўшы свае вытанчаныя скрыпачкі, пачынала дзіўны канцэрт, чые ноты купіў бы самы вядомы Вялікі тэатр, нават не гандлюючыся. Вось у такой атмасферы пышнага вечара нараджалася новая казка, якую, як і шмат астатніх, ніколі не пачуюць маленькія слухачы. Так бы найхутчэй і здарылася, але раптам Гном захварэў.
Ён ляжаў з высокай тэмпературай на сваім ложачку, ахінуўшыся ў пухнаты шаль з авечай воўны, і жаласна ўздыхаў. А за акенцам скакалі шэрыя вераб’і і чакалі ранішніх хлебных крошак, якіх сягоння чамусьці не было. Мышаня паспрабавала развесці агонь, але абпаліла сабе лапкі. Цвыркуны ж не змаглі згатаваць лекавы чай з язміну таму, што не было свежай вады і агню. Яны доўга сядзелі ў пасцелі хворага, пакуль не прыдумалі папрасіць шэрае мышаня скінуць уніз з даху ліст з новай казкай, якую і прачытаў восеньскі сумны вецер, таямніча усміхнуўшыся. Ён пачаў жангліраваць мокрым шматкаляровым лісцем, чытаючы ім упадабаныя радкі. А ярка-барвовы — прапанаваў занесці гэту казку добрай і ветлівай дзяўчынцы, каля акна якой і рос вялікі стары клён.
Ветру гэта прапанова вельмі спадабалася і ён, надзьмуўшы свае шчокі, пранёс папяровы ліст праз увесь горад, дзе і знайшла яго дзяўчынка. Яна вельмі ўважліва яго агледзела, потым прачытала адзін раз, другі… Казка была вельмі незвычайная і жывая, а ўнізе, у левым кутку паслання, няроўным почыркам мышаняці быў напісаны адрас і адно слова “Дапамажы”. Дзяўчынка сабралася за некалькі хвілін, паклаўшы ў торбу апроч мікстуры, маленькую грэлку і запалкі. Карыстацца ўсім гэтым яе навучыў старэйшы брат, чым яна вельмі і ганарылася. Перад самым адыходам малая захапіла на кухні крыху сыру і печыва.
Зацішнае жытло яна знайшла адразу, гэта было ў дзесяці хвілінах хады ад яе хаты, і ціхенька пастукала. Пачакаўшы хвіліну, яна ўвайшла ўнутр. На вузенькім тапчанчыку, захутаны з галавы да ног, ляжаў маленькі чалавечак, у агмені кешкалася мышаня, перапэцканае ў сажы. Дзяўчынка распаліла агонь, напаіла мікстурай хворага Гнома, накарміла сырам мышаня і печывам зграйку вераб’ёў, паклала ліст з казкай на стол.
І ў падзяку ёй за добрую справу, вусатыя цвыркуны выканалі свой вячэрні канцэрт. З тых часоў было немагчыма разліць іх вадой. Гном цэлую ноч працаваў над новым шэдэўрам. У абед прыходзіла дзяўчынка, карміла сваіх сяброў смачнымі пернікамі, слухала свежыя навіны маленькай кампаніі і накіроўвалася ў рэдакцыю, дзе яе з нецярпеннем чакаў адзін вядомы выдавец, родны дзядуля. Разам яны аддавалі ў друк новую казку і ўжо на наступны дзень усе дзеці гэтага вялікага горада атрымоўвалі па пошце маляўніча аформленую кніжачку. З кожным днём усё больш і больш хлопчыкаў і дзяўчынак за добры ўчынак жадалі для сябе цікавыя казкі ад Гнома. За невялікі час ён стаў знакамітым дзіцячым пісьменнікам і не толькі ў сваім паўночным горадзе. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя….
Што ж было далей з дзяўчынкай і Гномам я раскажу вам, мае маленькія слухачы, у наступны раз. Крэблі – краблі – бумс! Дабранач!
Сяргей Брандт, 07.10.2013
|
|