Усе рубрыкі

КАЗАЧНЫЯ АПАВЯДАННI ПРА ГНОМА I ДЗЯЎЧЫНКУ ПАЎЛІНКУ – Сяргей Брандт

Частка другая
А ТЫ ЧАСАМ НЕ З АКАПУЛЬКI?
гном и девочка
«Вось i скончыўся мой спакой» — уздыхнуў Гном i прысеў на засланы квятастай коўдрай ложак. Ён добра помнiў, як у адзiн вячор стары гаспадар расказаў яму, што ў вялiкiм горадзе ёсць у яго ўнучка. Такая разумная, такая шустрая … Напэўна яе я сёння сустрэў. Пабачым цяпер, што будзе далей. Затым Гном успомнiў, што не дарабiў да канца яшчэ адну справу — не прапалоў два радкi cунiц i выйшаў зноў у сад.
У садзе было ўсё спакойна, толькi шэравухi заяц, заўважыушы, што Гном пайшоў да cваёй схованкi, спрабаваў сцягнуць трохi маладой морквы.
— Ну i не сорамна табе, абiбок, мог бы i папрасiць у мяне сам. Я ж табе нiколi не адмаўляў. Заёнца засаромеўся i шмыгнуў пад плот…
— На адну хвiлiну толькi пакiнуў сад, a ён ужо тут — прамовiў Гном, полячы сунiчны радок. — За гэтым шэрым заўсёды прыходзiцца пiльнаваць. То ён моркву цягне, то капустку крадзе. Шустры ён вельмi — здзiўлена прыкмецiў чалавечак.
A у хаце, тым часам, дзяўчынка растаўкла шлянку, перавярнула на падлозе палавiк, разлiла вядзерца з рэштай вады i выйшла адпачыць на ганак. Быў цудоўны поўдзень -ласкава свяцiла сонейка, туды-сюды ляталi ластаўкi i … нехта, як вожык сапеў на градках у садзе.
— Можа злодзей малiнку крадзе? — падумала дзяўчынка, ухапiла ў рукi дзiцячую рыдлёўку i на цыпачках пайшла ў сад. Тое, што яна там убачыла, прымусіла яе спыніцца – на сунiчнай градцы працаваў маленькi чалавечак! «Гэтага не можа быць!» — хацелася усклiкнуць ёй, але дзяўчынка раптам для самой сябе прамовiла:
— Дзень добры. Мяне завуць Паўлiнка, а цябе?
Ад нечаканасцi Гном падскочыў на месцы, згубiў сваю матычку i звалiўся ў малiннiк.
— Добры дзень на прыгоды, а ты што мяне бачыш? — адказаў Гном, выглядваючы з-пад куста. A мяне клiчуць… клiч мяне Гном i сцiпла ўсмixнуўся.
Перад iм стаяла смешная дзяўчынка гадкоў можа сямі цi васьмі, са светлымi русымi коскамi, у джынсавым блакiтным камбiнiзоне, у зялёных гумавых боцiках i ў вялiзных сонечных акулярах.
— А ты не з Акапулькi да нас прыехала? — запытаўся Гном.
— Чаму з Акапулькi?- здзiвiлася Паўлiнка — З Мiнску я прыехала, на аўтобусе, потым па лесе пешшу ішла.
— Бачыў я ў нейкiм часопiсе, што ў гэтым сезоне вельмi модныя ў Акапульцы сонечныя aкуляры з вялiзнымi шкельцамi, вось i вырашыў — ты прыехала з Акапулькi. — І Гном у голас шчыра засмяяўся. Разам з iм засмяялася i Паўлiнка:
— З Акапулькi? Якi ты смешны. А ты ведаеш дзе ёсць твая Акапулька?
— Напэўна, яна знаходзіцца пад Мiнскам?- i яны зноў прыснулі са смеху. На рогат у садзе выглянула сямейства вожыкаў:
— Усё жартуеце? А працаваць хто будзе? — i пацягнуліся ўсе разам у суседнi лясок на зiмку баравiчкi збiраць.

Сяргей Брандт, 26.06.2013

КАЗАЧНЫЯ АПАВЯДАННI ПРА ГНОМА I ДЗЯЎЧЫНКУ ПАЎЛІНКУ – Сяргей Брандт

Частка першая
Сустрэча
гном и девочка
Дарагiя хлопчыкi i дзяўчынкi! Сёння я пачынаю расказваць Вам зусiм iншую гiсторыю. Яе мне самому, па вельмi сакрэтнаму сакрэту, паведамiла адна хатняя мыш, калi забягала паласавацца смачным вэнджаным сырам. Дык вось, уладкоўвайцеся зручней у сваiх крэсельцах і слухайце ўважлiва. Я пачынаю…
На хутары, што знаходзiцца непадалёку ад маленькай рэчкi, якая упадае ў сваю чаргу ў лясное возера, на якiм даўно ўжо прыжылiся дзiкiя качкi….Не так патрэбна пачынаць, а вось як.
На адным закінутым хутары мо ужо гады тры не было гаспадара. Хутар быў, а вось гаспадара не было, бо ён пераехаў да свайго сына ў Мiнск. Так ён i стаяў адзiн сабе ў лесе, а побач бегла малая вяртлявая рэчка, нават i не рэчка, а невялiкi раўчук, якi праз некалькi сотняў дробных крокаў упадаў у малое лясное азярцо. На тым азярцы, у самым густым чароце, гнездавалiся дзiкiя качкi. Месца было вельмi цiхае, амаль трыдцаць кiламетраў ад Мiнскай шашы ў бок Вiльнюса. Можа ад таго i гiсторыя гэта здарылася там. Хутар цi, як кажуць старыя людзi, сядзiба, была добрая. Сапрадўная драўляная хата, хлеў на ўскрайку сасновай пасадкi, студзенька-журавель, лазня i невялiкi сад, з дзесятак старых дрэў: яблынькi з грушамi ды некалькi нiзенькiх слiў. Дзе нiдзе тырчалi кусты садовай малiны i агрэста. Дах у хаце быў з цёмнай, месцам пачарнеўшай саломы. A ля самой трубы збудавалi сабе насест буслы. З ранiцы i да вечара чуўся звонкi клёкат руплiвага сямейства.
Дык вось пра што гэта я? Пра тое, што ў дальнiм куце сада пад кустом з цяжкай i смачнай малiнай жыў вясёлы i вельмi добры Гном. Працаваў ён вельмi многа, бо як мы ведаем, гаспадар пакiнуў сядзiбу i паехаў да сына. Вось Гном i даглядаў усё разам: i хату, i сад, i агарод. З першым промнем падымаўся Гном, мыўся халоднай вадой каля студні, пiў гарбату са смачным аўсяным пячэннем, а потым — падмятаў, палоў, палiваў кветкi i кусты. Так было на працягу ўсix гадоў пакуль аднойчы на хутар не прыехаў госць.
Гэта была серада. Гном толькi-толькi замест ранiшняй зарадкi палiў агрэст i дапiсваў святочнае прывiтанне сябру бабру на дзень нараджэня. Ён хацеў яшчэ падмесцi вузкую сцяжынку, як пачуў нейчыя лёгкiя крокi. На парозе хаты стаяла малая дзяўчынка ў вялiзных сонечных акулярах i з парасонам у руках. Каля яе ног быў руды чамадан. Яна адчынiла ключом дубовыя дзверы i зайшла паважна ў сенцы. Гнома дзяўчынка не заўважыла. У хаце было чутнa як разбілася шклянка, потым загрымеў цяжкім стол.
— Спакойныя дзянькі скончылiся — прамовiў Гном i пайшоў ў сад, дзе пад кустом у яго была маленькая зямлянка.

Сяргей Брандт, 23.06.2013

КАЗКА ПРА ЯЛОВУЮ ЛУЧЫНКУ — Сяргей Брандт

Завiруха пачалася знянацку. Нiхто яе i не чакаў, калi на вёску разам з халодным ледзяным ветрам наляцелi цяжкiя ад снегу хмары. Зараўла ў голас, загаласiла, замяла шляхi адразу. Згубiўся пералесак у белым мiльганнi i вёска, накрытая тоўстай пуховай коўдрай, знiкла. А якi быў цудоўны дзень. Марозiк сабе патрэскваў дошкамi плоту, свяцiла добрае сонейка. I што гэта з прыродай зрабiлася, навошта яна гэтак узлавалася на людзей?
1844554_original
З клубамi марознага паветра ў хату ўвайшоў бацька. Ён абтрос з кажуха на дол мокры
cнег i прамовiў:
— Канец свету ды i толькi. Сцяжынку з лесу ў лiчаныя хвiлiны замяло. Гурбы ўжо па пояс, дахаты ледзь дацягнуў свае санкi. I кiнуў каля грубкi доўгi яловы смаляк.
— Навошта, бацька, ты цягнуў яго з лесу? У нас хапае ў сенцах бярозавых дроў — запытаў малы Валодзька, шасцiгадовы сынок гаспадара i падбег да бацькi.
— Завiруха толькi пачалася i сцiхаць не збiраецца, да ранiцы замяце нашу хатку пад самы
дах. Правады парве, такое i раней здаралася, застанемся без свету. Вось смаляк на свечкі i пойдзе.
Валодзька паглядзеў на бацьку — жартуе той, як заусёды, а можа праўду гаворыць? I як гэта з ялiны свечкi можна зрабiць, воску ж няма. Але сеў за стол i пачаў рабiць урокi.
Бацька тым часам шчапаў смаляк на роўныя, даўгiя палачкi i па хаце паплыў густы яловы дух, быццам ялiну з лесу нехта прынёс.
— Вось табе i свечачкi на вечар, можа i хопiць, а там магчыма i завiруха сцiхне.
Раптам маленькая лямпачка некалькi разоў мiльганула i патухла. Хату абгарнула густая цемра, a за акном, як галодны звер, завывала непагадзь, кiдалася ў дзверы, бiла з усёй моцы ў сцяну. Здавалася, што яшчэ трошкi i ўварвецца яна ў хату, залютуе, змяце і замарозiць усе жывое на сваім шляху.
Але што гэта? Каля самага стала ўспыхнуў агенчык i асвяцiлася хата. Бацька трымаў у руках запаленую палачку, яна i давала такое дзiвоснае, казачнае святло. Цемра схавалася пад грубку i ложак. І што не спрабавала зрабiць на двары завiруха — было зусiм не страшна.
— Лучынка ў доўгую зiмовую ноч заўсёды народу дапамагала. Пры ёй пралi жанкi кудзелю, ткалi на кроснах, варылi ежу i сустракалi гасцей. Яе святло назаўсёды засталося ў нашых сэрцах, як знак барацьбы з холадам i змрокам. Маленькая, але святла хапае, каб хату асвяцiць.
З гарышча, з-пад няшчыльна зложаных дошак на стол пасыпаўся жоўты пясок. У грубцы гарэлi бярозавыя дровы. У хаце было цёпла i суха.
— Злуйся, халодная завiруха, але я цябе зусiм не баюся. Палохай у полi свае гурбы снегу,
a ў лесе — бедных звяроў — прамовіў Валодзька, засыпаючы ў ложку. I ў сваiм дзiцячым сне бачыў, як малая лучынка адганяла ад хаты вялiкае мноства снежных ваўкоў, а тыя, пабачыўшы яе жоўтае святло, хавалiся, хто — пад вялiкiя гурбы снегу, хто — у цёмны лес, а хто i за далёкую рэчку.
Святло тоненькай лучынкi дзялiлася ўсiм добрым з хлопчыкам, вучыла не палохацца цемры і спадзявалася, што яно назаўжды застанецца ў памяцi сына гаспадара. Вырасце Валодзька i стане … Але ж прабачце, гэта будзе ўжо зусiм другая гiсторыя.

Да пабачэння, дарагiя мае чытачы, да наступнага разу.

Сяргей Брандт, 22.06.2013

КАЗКА ПРА МЕДНЫ ЗЛОТЫ- Сяргей Брандт

На Манетным двары адной паўночнай сталіцы з самай раніцы панавала незвычайнае святочнае ажыўленне. У гонар Дня Каранавання маладога імператара чаканілі тысячу новенькіх срэбраных манет наміналам у дзесяць злотых. Але перш чым запусціць складаны механізм у дзеянне, для праверкі галоўнага штампа, выпрабавальная манета была адчаканена з простай меднай нарыхтоўкі .
10zlot21
Манета атрымалася прыгожая, з двухгаловым арлом з аднаго боку і мужным профілем імператара — з другога. Вось толькі не мела каштоўнасці сапраўднага злотага, бо была з чыстай медзі для пятакоў. Пакруціў яе ў руках майстар і паклаў убок, на варштат, а па канвееры цякла рака сапраўдных срэбраных злотых і прамяні яркага сонца, адлюстроўваючыся ў ёй, напаўнялі Манетны двор яркім святочным бляскам.
Новыя імянныя злотыя былі раздадзены ўсім, хто знаходзіўся на цырымоніі Каранавання. У імгненне вока ўсе яны сталі рэдкімі нумізматычнымі каштоўнасцямі. А вось пра выпрабавальную неяк і забыліся. Спачатку яна доўга ляжала на варштаце, потым пылілася ў скрынцы з іншымі непатрэбнымі рэчамі, і ў рэшце, апынулася ў пенале аднаго беднага хлопчыка. Апынулася таму, што яе атрымала маці хлопчыка ад несумленнага гандляра вуглём у выглядзе рэшты. Далей яе ніхто не жадаў прымаць як плату за малако і гародніну. Так і засталася яна ў хлопчыка як непатрэбны хлам.
Час бясконца бег наперад, хлопчык вырас і скончыў на выдатна школу, але вось грошай для таго, каб працягнуць далей сваё навучанне, ў яго не было. Але аднойчы ён неяк зайшоў у адну вельмі старажытную Краму, у якой гандлявалі рарытэтнымі і каштоўнымі рэчамі. Уладальнік крамы, чалавек сумленны і добры, убачыўшы, што яму прапануюць, не хітраваў і не хлусіў маладому чалавеку. Ён вельмі даходліва растлумачыў якую рэдкасць той мае і прапанаваў пасадзейнічаць у яе продажы на адным вельмі знакамітым аўкцыёне.
Дамовіліся падзяліць сумленна і пароўну прыбытак ад яе продажу… і стукнулі па руках. А праз сем гадоў у гэтым горадзе адкрылася адвакацкая
кантора аднаго вельмі паспяховага прававога абаронцы. Кажуць, што ён заўсёды бярэцца за справу, дзе кліент не ў стане заплаціць сам. І заўсёды выйграе працэс, таму што ў яго ёсць чароўная манета. Праўда гэта ці проста выдумка, я не ведаю, але адвакат гэты мне знаёмы і манету, звычайную медную манету, я бачыў у яго на рабочым стале. Іменна медную манету наміналам у дзесяць злотых, з двухгаловым арлом з аднаго боку і мужным профілем Імператара — з другога. Не заўсёды срэбра з’яўляецца даражэй простай медзі. Але часам і пяць медных грошыкаў праз столькі гадоў могуць ператварыцца ў чароўныя, калі вельмі ў гэта верыць і моцна хацець.

Сяргей Брандт, 22.06.2013