Усе рубрыкі

ДА ДАБРА ЦI ДА ЛIХА? Частка першая – Сяргей Брандт

Было гэта даўным даўно, калі хвоі, што падпіраюць сваімі кронамі сталёвае неба, цяпер былі зусім малымі, квёлай пасадкай, а не старажытным лесам. У тыя дзіўныя часы здараліся розныя прыгоды і ніхто не заўважаў побач нічога нечаканага.
Дык вось аднойчы адзін вельмі бедны вясковец перад Сёмухай працаваў цалюткі дзень у пана. Працы было шмат: касіў траву і з мокрай лагчыны на ўзгорак выносіў. Махаў і махаў касою, пакідаючы пасля сябе роўненькія радкі.
Пот халодны, знічкі ў вачах, напрацаваныя, здранцвелыя ад цяжару рукі. Наш жа хлопец Міхась вельмі хацеў грошай зарабіць, каб світку новую купіць потым, ды у суседнюю вёску схадзіць, на дзевак чужых паглядзець, мо якая і спадабаецца. Але мінуў ужо поўдзень, сонца пачало скачвацца за лес, а панскай брычкі ўсё не было. Калі стала цямнець, плюнуў хлопец сабе пад ногі ды да сваёй хаты падыбаў. Грошай сёння ніхто плаціць і не збіраўся. Каля тарфяной канавы, дзе сяляне сабе на зіму паліва капалі, пачуў ён нейкае ціхае барматанне. Аглядзеўся юнак і бачыць каля самой, як тая кава вады, сядзіць маленькі дзядок з клуначкам і ў голас енчыць:
— І як цяпер жыць далей, куды мне падацца? Колькі гадоў я хату вартаваў, зло не ўпускаў, за дзеткамі глядзеў, па начах жывёлу ў хляве ад ваўкоў бараніў і нічога не атрымаў ад гаспадара за сваё сумленне.
Міхась побач стаў, а потым і прысеў каля дзядка і, не здзіўляючыся нічому, запытаў:
— Чаго смуткуеш стары, можа я табе чым дапамагчы змагу? Заўтра свята вялікае, не трэба слёзы ліць, лепш распавядзі мне пра сваё ліха.

Premier Exif JPEG

Расказаў тады Мікіта (так клікалі хатняга дамавіка) пра тое, што сёння яго гаспадар з хаты
прагнаў за скіслае ў крынцы малако, што ў сянях стаяла. Дык гэта не яго віна была, а малога сынка гаспадарскага, які малака адпіў ды вадой халоднай разбавіў. І як не спрабаваў Мікіта апраўдацца, толку не было зусім. Толькі пачуў ён: “Збірай свае манаткі і ідзі ты з маёй хаткі”.
— Сяджу цяпер, Міхаська, я каля вады ўвечар і ў голас плачу. Што далей рабіць нават не мяркую.
— А ты, дзядзька, адкуль ведаеш як мяне завуць.
— Мой даражэнькі, пражыўшы столькі гадоў, ведаю я вельмі многа.
— Дык пайшлі тады да мяне, чаго тут у поцемках сядзець, калі ёсць хата з печкай ды стол з
лавамі. А на вячэру трохі бульбачкі печанай засталося. Пойдзем да мяне, Мікіта.
На тым і згаварыліся, хуценька падняліся і пашыбавалі абодва да вёсачкі, якая ўжо свяцілася жоўтымі агеньчыкамі ў вокнах. Добра, калі ў стылую вясновую ноч ёсць да каго ў госці заглянуць і як добра, утульна каля грубкі, якая шуміць лагодна полымем.
Міхась адразу розных трэсак у печ закінуў, потым запаліў каганец і прынёс з паветкі ахапку бярозавых паленняў, распачаў падлогу падмятаць, але Мікіта яго прыпыніў знянацку:
— Пачакай, хлопча, пачакай! Не трэба падлогу вечарам у хаце прыбіраць, ды смецце з хаты выносіць пасля заходу сонца. Вось чаму ты так бедна жывеш.
— А калі мне прыбірацца, калі я сёння з самай раніцы да самай цемры на панскім полі камяні збіраў.
— Ты, Міхаська, пасядзі лепей на лаве, бульбай павячэрай, а я пагляджу тваю гаспадарку ці ўсё ў цябе добра.
— А што там глядзець: хата старая, паветка з дровамі на бок завалілася, вада ў студні нейкая зялёная па вясне зрабілася. З раўчука ваду цяпер бяру і ў бочку зліваю.
Можа стаміўся вельмі хлопча, а можа здалося яму, што Мікіта раптам у ката ператварыўся
і праз дзверы на двор хутка выскачыў. А потым прыемная цяплыня разлілася па ўсёй хаце, датыкнулася да зморанага Міхася і пацягнула яго за сабой спрытна ў салодкі сон.
І не заўважыў хлопец, як нехта прыбраў хату, вымеўшы ўсё смецце, якое збіралася не адзін год, памыў і адпрасаваў шэрыя фіранкі, а таксама і саматканыя палавікі чысціней упрыгожыў. Шыбкі зрабіў зусім празрыстымі, падбяліў грубку, стол ільняной новай сурвэткай накрыў, а далей ужо, як у казцы было.
Прачнуўся Міхаська ранічкай, вочы расплюшчыў і здранцвеў, бо не пазнаў сваёй хаты.
Жыллё ззяла чысцінёй, у памытыя вокны лілося сонечнае святло, а на стале было столькі прысмакаў, што разбягаліся вочы. Побач ля лавы ляжала новая вопратка і стаялі чорныя скрыпучыя скураныя боты. На печцы стомлена спаў дамавік Мікіта, які цалюткую ноч разам з лесавіком са студні зялёную ваду цягаў. Потым яны злыдняў з усяго двара ў поле перасялялі, старую паветку рамантавалі, ды стол рознымі прысмакамі накрывалі.
— Спі, Мікіта, ніхто твой сон не патурбуе. Потым увечары і пагаворым разам, — ціха прамовіў Міхась і хутка, апрануўшыся, выйшаў з сваёй хаты ў сваё новае жыццё.
Калі ў вашым жыцці здараецца сустрэць дамавіка і ён застанецца жыць з вамі, то гэта
і ёсць самы сапраўдны цуд. Нашы продкі верылі, што ўсё добрае ў хаце толькі дамавік можа зрабіць. І калі верыць у яго шчыра, то ён ніколі цябе ў бядзе не пакіне

Працяг будзе.
Сяргей Брандт, 21.04.2014

ДА ДАБРА ЦI ДА ЛIХА? – Сяргей Брандт

Уступ
Гiсторыя мая, магчыма, будзе недасканалай, бо прайшло шмат часу. Нават яна будзе
трохi iнакшай, чым тая, якую я пачуў першы раз з вуснаў адной зусiм старэнькай бабулькi. У позні зімні вечар, калі завіруха замяла па самы верх схудзеўшы паркан і прынялася падбірацца да даху, калі мароз выў у коміне галодным ваўком, у знямеўшай ад холаду хатцы засталося толькі адно месца, дзе было цёпла і ўтульна. Гэта маленькая ляжанка. Там, пад тоўстай ватняй коўдрай, ляжалі спалоханыя дзеці. А, каб малым было не так страшна, ім нараспеў бабулька расказвала пра розныя казачныя здарэнні.
Jed-_TQWXFc
За сцяной з бярвенняў шалёна гудзеў вецер, дах прамінаўся ад вялізнай колькасці мерзлага снегу, капціў чорным каганец, а перад вачыма дзяцей уставалі фантастычныя вобразы магутных і чароўных персанажаў. Звычайна ўсё нечакана пачынаецца толькі з аднаго слова, а потым ужо не спыніць палёт думак, пакуль салодкі глыбокі сон не заплюшчыць лагодна сваімі цёплымі далонямі стомленыя дзіцячыя вочкі. І там на мяжы, паміж уважлівасцю і санлівасцю заўсёды застаецца сэнс гэтай гісторыі, трохі казачны, трохі сапраўдны, што нават прачнуўшыся, не заўсёды спачатку і зразумееш, а ці было ўсё гэта сапраўды. Полымя даела апошнія дровы і супакоілася, маленькі каганчык таксама стаміўся і, пырхнуўшы напаследак некалькі разоў, патух. Спачатку ў цемры нічога не здаралася, а потым з’явіліся жоўтыя плямы і кругі, а затым і вельмі цікавыя часткі гэтай гісторыі, але малыя ужо моцна спалі і бачылі свае каляровыя сны.

Сяргей Брандт, 14.04.2014

Народныя прыкметы ад хатняга Дамавiка Мiколы – Сяргей Брандт

Частка восьмая
ВАЎКАЛАК (Пярэварацень)
283
Ваўкалак (Пярэварацень) — чалавек, які па ўласнай волі ці ў сілу злых чараў, прымае выяву якой-небудзь жывёлы, як правіла ваўка. Гэта можа быць і вядзьмак, які ператвараецца ў звера. Ваўкалак становіцца зверам уначы, а як пачне віднець – набывае чалавечае аблічча.
Назва Ваўкалак утворана ад двух слоў: “воўк” і “длака”, што азначае валасы, поўсць, шкура. У.І.Даль у сваёй кнізе “Аб павер’ях і забабонах рускага народа” апісвае ваўкалака: пярэварацень — нейкі ліхі дух, які кідаецца часам чалавеку пад ногі, ці папярок дарогі, як прадвеснік бяды. Ад яго хрысцяцца і адплёўваюцца. Ён ніколі не з’яўляецца інакш як з налёту, з набегу, а то і на адно імгненне, што ледзь паспяваеш яго заўважыць; часам з каціным ці іншым крыкам і выццём, часам жа ён моўчкі падкочваецца клубком, жмутком сена, камяком снегу, ці аўчынай. Пярэварацень ператвараецца, змяняючы свой выгляд, у што пажадае, а для гэтага звычайна стукнецца аб зямлю. Тады ён становіцца катом, сабакам, савой, пеўнем, вожыкам, нават клубком нітак, кучай пакулля, каменем ці капой сена. Зрэдку ў лесе сустрэнеш яго ў выглядзе страшнага звера ці пачвары, але заўсёды толькі мімаходам, таму што ён ніколі не дасць разглядзець сябе добра. Нярэдка, ён імгненна ў вачах, спалоханага да смерці прахожага, ператвараецца некалькі разоў то ў адно, то ў другое, знікаючы пад пнём, кустом, на роўным месцы ці на скрыжаванні. Вельмі рэдка атрымліваецца яго бачыць днём. Але ўжо прыцемкам ён пачынае сваволіць і гуляе на працягу ўсёй ночы: кідаецца, нібы камень з-за вугла, з дзіўным крыкам, не звяртаючы ўвагі на людзей. Некаторыя сцвярджаюць, што ён і ёсць смерць для кароў. Здараецца, што ён ператвараецца ў карову, звычайна чорную, якая прагульваецца са статкам пад выглядам прыблуды і напускае псуту на ўсіх жывёл.
Ёсць таксама павер’е, быццам пярэварацень — дзіця, што памерла нехрышчоным, ці нейкі вераадступнік, душа якога нідзе на тым свеце не прымаецца, а тут гуляе і гарэзнічае супраць волі. У некаторых месцах,напрыклад, на Поўначы пярэваратня завуць пачварай, часам і дамавіку прыпісваюць яго характэрныя рысы. З усяго гэтага вынікае, што калі мужык і бачыў нешта прыцемкам ці ўначы, і сам не ведае, што іменна, то гэта бяспрэчна быў пярэварацень.

Працяг будзе.

Сяргей Брандт, 11.03.2014

НАРОДНЫЯ ПРЫКМЕТЫ ад шчырага хатняга Дамавiка Мiколы – Сяргей Брандт

Частка сёмая
ЛЕСАВІК
Pereezd3
У нашай славянскай, з часам забытай міфалогii, ёсць адзiн дух, якi назаўсёды стаiць побач з лесам. Гэта лясун, лесавік, гаспадар лесу, усiх звяроў, кустоў i дрэваў.
Яму вельмi спадабаецца вецер, асаблiва цеплы, летнi, i калi ён iдзе па лесе, то вецер за
iм замятае ўсе сляды. Каб напалохаць людзей, лесавік можа крычаць i свiсцець. У некаторых гiсторыях расказваецца пра тоe, што ён можа красцi маленькiх дзетак.
Перад чалавекам гаспадар лесу можа з’явiцца, як трухлявы старычок з вельмі зялёнымi вачамі, але можа быць i страшнай пачварай з нагамi ад казла, барадой i, нават, рагамi.
Адзенне ў лясуна заўсёды вывернута на другi бок i не падпаясана. У яго цудоўныя вочы нельга глядзець вельмi доўга, а лепш дык i зусiм гэтага не рабiць.
Лесавік можа быць вельмi вялiзнага росту — галавой кранаць вярхушкi дрэў. А можа быць i зусiм маленькiм — нiжэй самiх кветак.
Лясны гаспадар загадвае ўсiмi жывёламi i можа накіраваць iх у любы бок, вось
чаму паляўнiчыя стараюцца не раззлаваць яго. Ён жа можа не даць iм паляваць. Дух лесу можа паказацца паляўнiчым, звычайна, разам з двума сабакамi, якія, як правiла, заўсёды палохаюцца лясуна i гэта для людзей верны знак, што перад iмi не хто iншы, як сам гаспадар лесу i з iм патрэбна падзялiцца прыпасамi, асаблiва чаем i цукрам. Тады лесавiк пойдзе з мiрам i не будзе чапаць паляўнічых. Чытаць далей » НАРОДНЫЯ ПРЫКМЕТЫ ад шчырага хатняга Дамавiка Мiколы – Сяргей Брандт