|
Пераклад на беларускую мову.
ВАСИЛЕ АЛЕКСАНДРИ. ВЕРБНАЯ НЕДЕЛЯ
Завірухі адсвісцелі
І гараць святочным днём
Сонца з вербнаю нядзеляй,
Вярба з сонечным галлём.
Як ад радаснай капелі
Уздрыгнуў здранцвелы дом,
Сонца з вербнаю нядзеляй,
Вярба з сонечным галлём.
Жаваранкі прыляцелі
І запелі пад акном
Сонцу з вербнаю нядзеляй,
Вярбе з сонечным галлём.
Шкода хворых у пасцелі,
Але чакаюць за вуглом
Сонца з вербнаю нядзеляй,
Вярба з сонечным галлём.
Нават хмаркі пацяплелі,
Іх раўняюць з каралём,
З сонцам, з вербнаю нядзеляй,
З вярбой, з сонечным галлём.
Кветкі вочкі праглядзеі,
А калі ж у лес пайдзём
З сонцам, з вербнаю нядзеляй,
З вярбой, з сонечным галлём.
Закахацца не паспелі,
Бо гараць дзівосным сном
Сонца з вербнаю нядзеляй,
Вярба з сонечным галлём.
Вусны неяк аж знямелі,
Мы таемнасць не кранём
У канцы святой нядзелі,
Побач з сонечным галлём.
Сяргей Брандт, 13.04.2014
Пераклад з нямецкай мовы. Інга Зыгнер “ А ты ведаеш які зараз час?”
Зараз сем гадзін раніцы. Маленькі дракончык Цвічок спіць у сваім ложачку і бачыць цудоўны сон пра знойдзены ў зямлі клад. Ён ужо збіраецца адкрыць акаваны меддзю цяжкі куфэрачак, як чуе праз сон словы сваёй мамы Норы:
— Прачынайся, Цвічок, прачынайся!
— Не, не хачу, сонна мармыча дракончык і нацягвае на галаву паласатую коўдру. Яму так хочацца даведацца, што там у куфэрку. Цвічок, уздыхнуўшы, зноў соладка засынае.
— Сынок, ужо чвэрць восьмай гадзіны! – крычыць яму тата Магнус. Аднак з-пад коўдры, якой накрыты сынок, ледзь даносіцца:
— Але я яшчэ не знайшоў ключык да замка і куфэрак пакуль не адкрыты.
І зноў з пакою малога даносіцца нягучнае салодкае сапенне. Тата здзіўлена круціць сваёй галавой і вымаўляе:
— Пра які ты куфар кажаш?
У палове восьмага мама Нора ўпэўнена сцягвае з Цвічка коўдру:
— Цяпер ты абавязкова ўстанеш, соня! Інакш спознешся ў школу.
Дракончык злуецца, бо менавіта ў гэты момант ён ўжо памкнуўся адкрыць знойдзеным ключыкам замочак у куфэрку і паглядзець, што ён змяшчае. Але скарб раптам знік разам са сном і ён няўпэўненымі крокамі ідзе ў ванную.
У сем сорак пяць садзіцца дракончык за стол на кухні. На сняданне грэчневая каша з малаком. Мама ў гэты час робіць бутэрбродзікі для вялікага перапынку ў школе.
Вось і сабраны школьны ранец. Цвічок хутка чысціць зубкі і выбягае на вуліцу.
— Да пабачэння! – крычыць ён сваім бацькам і ляціць, рупліва махаючы крыльцамі, у школу.
— Да пабачэння! – адказваюць бацькі і глядзяць з пяшчотай яму ўслед.
— Няўжо наш сын так і не навучыцца шанаваць свой час? – уздыхае мама Нора.
— Будзем спадзявацца, што гэтаму яго навучаць у школе, — пераканана адказвае тата Магнус.
Застаецца пяць мінут да паловы дзевятага. Пачатак школьных заняткаў роўна ў дзевяць і ва ўсіх дракончыкаў яшчэ ёсць крышачку вольнага часу. Цвічок і Кусайка скачуць на батуце. Гэта так добра ўмацоўвае мышцы ног і вестыбулярны апарат, што вельмі важна для маленькіх пілотаў, якія вучацца ў лётнай школе. Шкада, што Кусайка не можа лётаць – у яго ж няма крыльцаў, але скакаць на батуце яму вельмі-вельмі падабаецца. У дзевяць гадзін настаўніца невялічкага класа звоніць у срэбраны званочак. Усе вучні роўненька становяцца ў лінію на жоўтым пяску.
— Добрай раніцы, дзеці! — вітае іх настаўніца.
— Добрай раніцы¸ Эма! – дружна адказваюць ёй вучні.
— Сёння на нашым новым уроку мы будзем адпрацоўваць перавароты ў паветры, — гаворыць Эма. — У кожнага будзе толькі 30 секунд, каб паспрабаваць. Першай пачне Зі-Зі, а потым у адпаведнасці з алфавітам – усе астатнія. Кусайка сочыць за часам.
Зі-Зі выканала дванаццаць пераваротаў у паветры – цудоўны вынік. Тоўсценькі Хватайка здужаў толькі дзесяць. Зусім нядрэнна, калі ўлічыць, што яго левае крыльца хворае. Кожны паспрабаваў свае сілы і тэхніку пераваротаў у паветры. Але рэкорд лётнай школы дастаўся Лу-Лу, пятнаццаць прыгожых сальта ў паветры. Як не стараўся і не спяшаўся Цвічок, у яго атрымалася толькі дзевяць, але ён нават не турбаваўся з-за гэтага, бо Кусайка змог зрабіць толькі адно адзінае сальта, стоячы на зямлі.
Пе-ра-пы-нак! Дзесяць мінут адзінаццатага. Сядзяць стомленыя, але задаволеныя маленькія пілоты ўсе разам на пясочку і жуюць са смакам свае бутэрбродзікі.
— Мяняю бутэрброд з сырам і вінаградам на што-небудзь іншае, — кажа Цвічок.
— Магу прапанаваць узамен булачку з катлетай і зялёнай цыбуляй! – крычыць Кусайка.
— Мяняемся, — згаджаецца Цвічок.
У 11 гадзін пачынаецца ўрок матэматыкі. Вядзе яго зноў Эма. Яна прыносіць вялікі плецены кошык са спелымі чорнымі вішнямі, каб дзеці маглі іх са смакам падлічыць. У 11.45 усё з’едзена і пералічана. Вучні з ног да вачэй папэцканы салодкім вішнёвым сокам. І настае час яшчэ аднаго цікавага чэмпіянату, “найдалей плюнуць вішнёвай костачкай”.
Працяг будзе.
Сяргей Брандт, 11.04.14
Вясна водзiць карагод
Па зялёных травах.
Шапацiць сухi чарот
Подыхам духмяным.
Штосьцi прагудзе камар,
Жабкi скачуць жвава.
Май — сапраўдны гаспадар
Для дзянькоў ласкавых.
Прынясе дамоў пчала
Два вядзерцы з мёдам.
Працавала ж да цямна
З усiм сваiм народам.
Сонца сядзе за ляском,
Вечар прыйдзе звычна.
Пяюць песнi з раўчуком,
Дзiнькаюць сiнiчкi.
Сяргей Брандт, 08.03.2014
Можа ты не бачыш?
Можа ты не чуеш?
Хто ўначы плача
У шэранькай кашулі.
Можа гэта дрэвы
Сталі яшчэ вышэй?
У тумане белым —
Плёск вады пацішэй.
На далонях неба
Зорак шмат трымае,
І каму што трэба
У рэчку пакідае.
Можа і не казка,
А толькі адгалоскі
Таго былога часу
На ўскрайку вёскі.
Не рабі благога,
Не цурайся цемры.
З подыхам маёвым
Грукне госць у дзверы.
Як малы праменьчык
З месяца на хату
Стане праз акенца
Варажыць на свята.
Сяргей Брандт, 24.02.2014
|
|