Сапраўдная гiсторыя, якую расказала мне ў дзяцінстве адна лекарка-шаптуха
ЧАСТКА ПЕРШАЯ. КАЛI ДРЭННАЕ ЖЫВЕ ПОБАЧ
У вельмі даўнiя-даўнія часы, калi наша краiнa яшчэ мела зямлi, лесу, палёў i абшараў y разы больш, чым цяпер i калi дрэннае было побач з добрым, i ўсiм хапала сонейка i месца, на адным ўзлеску жыла сям’я паляўнiчага. Сям’я тая была невялiкая: бацька, мацi i сынок Цiмошка. Дык вось бацька цэлы дзень паляваў для пана, таму што ўсе былi пад панамi лясных звяроў i азёрных птушак. Мацi, паважаная людзьмi лекарка, збiрала зёлкi ў лесе, рабiла з iх цалебныя напоі і гаючыя мазі. Цімошка, хлопчык гадоў сямi-васьмi, лавiў срэбраных плотак i тлустых лiнькоў каля запрудкi, дзе стаяў стары рыпучы млын.
Якраз там, ў вадзе, пад самым колам, жыла сямейка шкодных чарцей: пузаты, барадаты як той карчмар, вiленскі чорт (калісьці ён пазнаёмiўся з маладой месцячковай чартоўкай, закахаўся i застаўся жыць тут назаўсёды) і яго жонка, тaўстая, як дзяжа з апарай, гаспадыня глыбокага вiру i дзеткi – шэльмачкi-чарцяняткi. Кожны дзень зранку i да вечара чорт пасвiў рачных рыб, седзячы вярхом на замшэлым соме. Жонка яго прыбiралася ў хаце, варыла юшку, прыглядала за драўляным колам, а малыя заўсёды рабiлi свае справы, як гэта робяць усе ў іх узросце, весела i з задавальненнем. Яны зганялi качак з насестаў, каб паласавацца яйкамi, насыпалi вяскоўцам попел у гаршкi са стравай, цягалi смачныя агуркi з агародаў i палохалi сваiмі крыкамi маладых дзяўчат каля лазні.
У той дзень, а гэта быў аўторак, Цiмошка таксама размясціўся непадалёк стаўка з вудай, але яшчэ не злавiў нiводнай плоткi, нiводнага лiнька, бо пад вадой стары чорт пералiчваў свае рыбныя гурты. Хлопчык заспяваў песенку пра хмаркi, як раптам убачыў маленькае чарцяня, якое сядзела на тоўстым камлi вярбы i смешна шморгала носам. Заўважыўшы хлопчыка, яно запытылa пiсклявым галаском:
— А што ты там спяваеш пра хмаркi, хлопчык з вудай, але без рыбы?
— А ты, што там шморгаеш, як той хворы пацучок? — у сваю чаргу асвядомiўся хлопчык i пачаў збiраць рыбацкія прылады, бо там, дзе ёсць чорт, нават самы маленькi, добрай справы ўжо не будзе.
— Не палохайся мяне, рыбачок. Cёння рыбы не будзе, па аўторках бацька робiць пералiк. А цi маеш ты з сабой зялёны агурок?
— Ёсць у мяне яшчэ адзiн, але гэта мая ежа. A чаму ты шморгаеш носам? Мо ўраклі цябе?
— Мяне пчала джыгнула, вось я цяпер i шморгаю, а мае браткi ўсе покатам на ложках ляжаць, аб’елiся дзiчкамi з панскага саду, — прамовiла хворае чарцяня.
— Трымай свой агурок. І родзiчам тваiм я таксама дапамагу, прынясу зранку зёлкi, пакладу на месца, дзе ты цяпер сядзiш.
На тым i разышлiся: Цiмошка пайшоў дахаты, а малое смаркатае чарцяня нырнула пад ваду.
Сяргей Брандт, 13.11.2013
Каментаваць