Усе рубрыкі

КАЗКА ПРА ТОЕ, ЯК У ГОРЫ I ЧОРТ ДАПАМАГЧЫ МОЖА – Сяргей Брандт

Сапраўдная гiсторыя, якую расказала мне ў дзяцінстве адна лекарка-шаптуха
ЧАСТКА ДРУГАЯ. НЕ УСЁ, ШТО БЛIШЧЫЦЬ, ПАХНЕ ЗОЛАТАМ
Сцяжынка, папятляўшы сярод жытнёвага поля i лугавых кветак, прывяла Цiмошку на ўскраек лесу, а там ужо за хмызняком стаяла шэрай плямкай утульная хатка паляўнiчага. Каля паветкi, дзе хлопчык паставiў сваю вуду, бавiлася ў жоўценькiм пясочку курыца з малымi пылянятамi. Побач, з пад куста агрэста, за ўсiм гэтым назiрала маладзенькая ласачка, але прыход рыбачка зблытаў усе яе планы i яна хуценька падалася ў сасновую пасадку.
Watermill
— Бач як у гэтым свеце, дзе добрае жыве разам з дрэнным, за доўгiя часы так усё пераблыталася, што нельга адшукаць, што з’явiлася першым: ранiшнi свет цi ганарлiвы змрок? — разважаў хлопчык, шукаючы у пуньцы пад страхой такiя патрэбныя лекi свайму новаму знаёмаму.
— Чарцяня малое шкоднае, але вунь як любiць агуркi хрумкаць i смаркатае, як той сусед, што торф з балота цягае, сушыць, а потым людзям на палiва прадае.
За сваёй справай малы i не заўважыў, як прыехаў дахаты вярхом на канi слуга пана, што прыбегла ад ракi спалоханая матуля, ён толькi пачуў нейкую частку таемнай размовы.
— …Сёння на паляваннi … Пан загадаў застрэлiць ласiху, а яна з ласянём была… Раззлаваўся пан дзюжа, як той ляшак … Закавалi паляўнiчага ў кандалы … Калi ж ён хоча да суда справу давесцi, павiнен шукаць сабе абаронцу ….каб сялiба засталася ў сям’i — патрэбна пану заплацiць прыгаршню залатых дукатаў цi цахiнаў… Тры днi часу на ўсё… Гора….
— Бяда нiколi адна не ходзiць па свеце. Спачатку бацьку пасадзiлi ў астрог, потым хату забраць вырашылi, бо дзе ўзяць столькi грошай ды залатых за тры днi беднай мацi? Пабягу да млына, спытаю ў чарцяняці, можа ён мне чым i дапаможа.
Цiмошка ляцеў, як на крылах, па сцяжынцы, толькi пыл клубам стаяў там, дзе iмклiва ступалi яго ногi. Вось i стары млын, але як цiха навокал, вада i тая зусiм не калышацца. Але, як толькi хлопчык прысеў на iмшэлы камель вярбы, збоку пачулася знаёмае сапенне:
— Зноў ты? Мы ж пагадзiлiся раніцой сустрэцца. А можа што здарылася, рыбачок?
Пачаў хлопчык, збiваючыся i блытана, расказваць сваю гiсторыю, а потым у голас заплакаў. Побач сядзела моўчкi чарцяня i цяжка ўздыхала. Адна справа попел у саганок насыпаць, нашкоднiчаць у паветцы, а вось каб з хаты назаўсёды — да гэтага i чэрцi яшчэ не дадумалiся нават.
— Пачакай мяне, Цiмошка, я ў бацькi запытаю, цi можа ён дапамагчы табе. Дзе твае зёлкi? Бацька мой некалi жыў у Вiльнi, у комiне аднаго вядомага адваката. Ён многа ведае, а золата, не ўсё тое, што блiшчыць. Ён таямнiча усмiхнуўся i… бултых, як качка пад ваду знiк.
Доўга чакаў хлопчык, ужо пашарэла навокал, а над далёкiм лесам з’явiлася першая зорка. Уздыхаючы цяжка, сабраўся хлопчык iсцi да сваёй хаты, раптам :
— Вось, трымай мяшэчак. Сам не глядзi, нiчога добрага там няма, гэта толькi для пана.
А ранiцай у твайго бацькi будзе самы знакамiты адвакат з Менску i вось яшчэ ад маёй раднi для цябе вэнджаны тлусты лiнь. Нельга рыбаку з пустымі рукамi са стаўка прыйсцi.
Ранiцай справу гэтую адвакат з Менску, які чамусьцi быў вeльмi падобны на чарта з Вiльнi, за адну гадзiну цудоўна выйграў. Паляўнiчаму дасталася сядзiба, ён таксама атрымаў вольную на ўсе часы для ўсяго свайго сямейства i стаў першым вольным гаспадаром на нашай зямлi. Паглядзелi на яго людзi, таксама да свабоды пацягнулiся, але гэта ўжо зусiм iншая гiсторыя пра наш народ, пра нашу святую Беларусь. Прабачце мяне, зусiм запамятаваў пра залатыя вiленскiя цахiны, якiя атрымаў злы пан ад мацi Цiмошкi. Атрамаць ён атрымаў цяжкi мяшэчак, нават да хаты прынёс, зачынiўся ў сваёй каморы i пачаў грошы пералiчваць. Потым людзi вялі размову, што звар’яцеў стары пан, калi блiскучыя залатыя манеты, раптaм, у iмгненне вока ператварылiся ў смярдзючы свiны бруд.
Цяпер i ты дружа ведаеш: «Не ўсё, што блiшчыць, павiнна пахнуць золатам».

Сяргей Брандт, 04.12.2013

Каментаваць

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>