Усе рубрыкі

МІХАСЬ І ЦЁМНАЕ КАРАЛЕЎСТВА ЦМОКАЎ — Сяргей Брандт

Частка першая
У вёску да дзеда

Рашэнне было прынята не самастойна, хутчэй улічваючы сітуацыю, якая склалася. Прынята з улікам народнага галасавання і з перавагай у адзін голас (мама заўсёды была супраць яго імкнення раптам стаць дарослым і самастойным). Перамаглі бацькі. Заўтра раніцай Міхась сядзе ў электрычку і паедзе на цэлыя зімовыя вакацыі ў забытую ўсімі маленькую вёсачку да дзеда.
У свае дванаццаць гадоў Міхась паспеў пабываць у Варшаве і Рызе, Вільнюсе і Берліне, таму што, ён як апантаны, любіў сусветную гісторыю і ўдзельнічаў у шматлікіх цікавых і сур’ёзных конкурсах. У некаторых ён займаў прызавыя месцы, у некалькіх стаў заслужаным пераможцам. Вось і зараз замест таго, каб наведаць старажытную стаянку першабытнага чалавека непадалёку ад Дзюсельдорфа, ён на цэлыя два тыдні паедзе ў месца, забытае ўсімі багамі.
У вагоне электрычкі было няшмат людзей. Хтосьці чытаў свежыя бульварныя навіны, хтосьці ўслых разважаў пра надвор’е, а хтосьці мірна спаў і калыхаўся ў такт руху цягніка. Ехаць прыйшлося доўга, амаль дзве гадзіны, Міхась паспеў ужо разгадаць сканворд і нават пагутарыць з адным студэнтам пра гісторыю дзяржавы Грах, якая на самай справе не існуе. На пероне вакзала, пагразаючы амаль па шчыкалаткі ў снег, ён знайшоў прыватніка, які згадзіўся адвезці яго за блізкі свет, але ў два разы даражэй.
Вадзіцель, вясёлы малады мужчына, аказаўся вельмі гаваркім і ўсю дарогу забаўляў хлопчыка мясцовымі гісторыямі пра маленькіх дзяцей, якія бясследна зніклі, пра ўсялякія выпадкі аб ведзьмаках і вядзьмарках. І як здалося Міхасю, гэты чалавек, на самай справе, чагосьці вельмі моцна пабойваўся, а каб схаваць свой страх, ужо ў чацвёрты раз распавядаў гісторыю пра дамавіка, які заўсёды выходзіў пераможцам у бітве з цёмнымі сіламі зла.
Але кожная паездка, нават самая цікавая і доўгая заўсёды заканчваецца. Пачаўшы свой доўгі шлях раніцай, Міхась, бліжэй да вечара, дасягнуў вёскі, ў якой даўно ўжо не бываў. Але якой вёскі, хутчэй сялібы бо хата дзеда стаяла воддаль ад астатніх, каля самага цёмнага і старога лесу.491cdb892f16
Ва ўтульнай хатцы ветліва гарэла грубка, раскідваючы па сценах пунсовыя языкі цяпла. На чыста прыбраным стале ляжаў пшанічны каравай, накрыты льняным ручніком. Каля грубкі варкатаў шэры хітры кот, ён старанна заплюшчваў вочы, але нічога не выпускаў з віду, заўсёды ўсё пра ўсіх ведаў. Дзеда дома не было…
За акном пачалася завея. Вецер ірваў і церабіў дах старога будынку, сыпаў у вокны цэлымі жменямі снегу, ламаў галіны лясных дрэў і скуголіў у трубе страшнымі незразумелымі гукамі. Але доўгая дарога і ласкавае цяпло ўжо зрабілі сваю справу. Хлопчык, седзячы за сталом, пачаў засыпаць, паклаўшы галаву на складзеныя разам рукі. У сваіх мроях убачыў Міхась, як пад грубкай адкрылася засланка і адтуль у паласу святла ступіў маленькі смешны дзядок у доўгай світцы, з барадой і з доўгім кіем, які нагадваў кручок. За спінай у яго быў шэры палатняны мяшок. Міхась нават пачуў (а можа яму здалося), як дзядок прабурчаў сабе пад нос:
— На дварэ такая лютая завея, а ён нават дроў у печ не падкінуў. А яшчэ госць завецца. І што гэта з нашым светам робіцца? Эх, эх, эх!
(Працяг будзе)
18.05.2013

Каментаваць

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>