Усе рубрыкі

Мушка-зелянушка й камарык-насаты тварык

mosquito

Блізка рэчкі Самацечкі камары таўкуцца,
І «таўкачыкі» сьпяваюць, і у скокі тнуцца;
«Гэй, гоп, таўкачыкі,
Гэй, гоп, асінавы,
Ды работы Максімавы…»
А Максім ляжыць на траўцы, сонна пазірае,
Камарок за камарочкам да яго шыбае,
І пясьняр з усіх найлепшы ўжо зьвініць ля вуха,
Як камарыка няўмысьне загубіла муха.

mushka

І

Захісталася сасонка баравая,
Затужыла дзяўчынанька маладая,
Жартаўлівая пяюшка-сакатушка,
А на імя — дык мушка-зелянушка:
— «Ой, чаму-ж ды ня судзілася мне долі,
Што мяне і ня сваталі ніколі.
А пасагу прабагатага я маю:
Куст шыпшыны ад краю і да краю,
Шчэлка ў яблыні — ад ветру каб хавацца,
Ліст альховы — на ночку накрывацца,
Ды да краю поўны мёдам кацялішча
З жалудовай вялізнай шалупішчы,
Калі гэты мёд у місачку кладзецца,
Ажно сьліна ў роце набярэцца».
Як пачуў тыя жаласьці камарык,
Паскрабаў і насочак ён і тварык:
— «А чаму-ж бы мне ды зь ёй не пажаніцца?
Пэўна, пойдзе, каб болей ня журыцца.
Хоць насаценькі я, шэры, хударлявы,
Дык у скоках за тое-ж я рухавы…»
І хапіўся камарочак прыбірацца,
Каб ля мушкі-пяюшкі увіхацца.

 

ІІ

Прыляцела мушка да хаты, —
Аж у яе камарык насаты.
Сватоўе-хрушчы усьсядаюць,
З бацькам-маткай штось размаўляюць:
«Мы — стралцы, шукаем куніцу,
Ня куніцу, але дзявіцу».
Гаманілі болей гадзіны
Ды гавораць так да дзяўчыны:
— «Ці да смаку наш госьць багаты?»
— «Папытайце ў мамы і таты».
Тут гарэлкай усё змацавалі,
А пасьля і заручын даждалі.
Браў камар ад мушкі-дзяўчыны
Дарагі ручнік з павучыны,
Што яна на траўцы сьцяліла
І на ясным сонцы бяліла.
У нядзелю будзе вясельле,
Захадзіў камар, як з пахмельля, —
І пяе і скача паціху,
Ды як сыпне ураз «шырсьцяніху»:
— «Шырсьцяніха, шырсьцяніха мая,
Пакахала камара-гультая,
А камар не зважае на яе,
Толькі лётае ды песьні пяе».

ІІІ

Загудзела, расшумелася дуброва:
Аб вясельлі у дуброве прайшло слова,
Як вянок на муху свацейкі надзелі,
Ўсе навокала аж вочы праглядзелі.
А калі бацьком журылася дзяўчына,
Аж заплакала жаноцкая радзіма:
— «Ускланяюся татачку і матачцы,
Калі ўжо апрыкрала ім у хатачцы.
І чаму-ж вы мяне гадавалі,
Ды ў чужую сямейку аддалі?»
У каравайніцы сьлімачак запрасілі,
І яны дзяжу напродзіў замясілі.
Авадзень быў камаровым старшым дружкам,
Рассыпаўся дробным макам перад мушкай.
Матылькі — баяры, пчолачкі — баяркі,
Спрытны, шпаркі, асабліва як да чаркі.
А найстаршая баярачка — чмяліха
Так сьпявала, аж баяр пабрала ліха:
— «Ой, багаты баяры, багаты,
Ды забыліся ўзяць грашаняты.
Хоць няшмат грашанят яны маюць,
Дык затое свой гонар трымаюць:
Хто капейку дае — грыўняй ліча яе,
А хто грыўню паклаў — што рубля дараваў».
А як сыпнулі-урэзалі музыкі,
Дык узьняўся разам гоман там вялікі.
Чмель пузаты на басолі гучна грае,
А на йскрыпцы ёмка пчолка падцінае.
І знайшлося мушанётка дробна-мала,
Што званіла ткі някепска у цымбалы.
Лоўка конікі у скоках выціналі,
У гару стрыбалі, звонка падпявалі:
— Камары скакаць
Выракаюцца:
Ногі доўгія —
Паламаюцца. —
Гэтак скачуць — хто патроху, хто памногу.
Нейкі конік адтаптаў чмялісе ногу.
Госьці спорна п’юць-ядуць ды размаўляюць,
А музыкі граюць, дыхту заўдаваюць.
Умела муха на вясельле запрашаці,
Дык над тое лепш умела частаваці.
Усяго стаяла досыць для гасьціны:
Навет мёд быў і чмяліны і пчаліны
Хрушч вялізны так гарэлкі насмактаўся,
Што зваліўся ды ў куточку адсыпаўся.
Восы ў шатах чорных з жоўтымі стрычкамі,
Проста елі мушку злоснымі вачамі.
А яна ля мужа сьціпленька сядзела
І зялёненькай спаднічкай зігацела.
Мурашоўна нізка зьвесіла галоўку,
Бо занадта зацягнулася ў шнуроўку.
Ды як скрыкнула, як ахнула раптоўна:
У кроплі дожджыка танула мурашоўна.
Усё сьцямнела, кроплі шпарка заскакалі,
У дупло, дзе жыла мушка, пападалі.
Пахаваліся ўсе госьці у куточкі:
Так спынілася вясельле сярод ночкі,
А назаўтра усе, як толькі ўсталі зраньня,
Дык пайшлі да камара на баляваньне.
І былі яшчэ нарэшце перазовы,
Каб ня стала аб радзіме кепскай мовы.

ІV

Абляцелі красачкі
Не ў пару,
Невясёла шэраму
Камару.
Як пачаў ён параю
З мушкай жыць,
Давялося беднаму
Патужыць.
Ня умее мушачка
Працаваць,
Толькі ўмее з хлопцамі
Жартаваць;
Ані выткаць кросенкі,
Ані шыць,
Ані стравы хораша
Наварыць.
Паштурхаў камарычак
Галаву:
Як я з гэткай жонкаю
Пражыву?
Дзе я вочы, брацікі,
Меў свае,
Як сабе за жонкаю
Браў яе?
Паляцеў ён плакацца
У лясок.
Сеў на дуб зялёненькі,
Пад лісток.
Пахінуў галовачку,
Уздыхнуў
Песьню сумна, жудасна
Зацягнуў.
— Выйду ў поле ды разважу тое гора,
Гэй, гаротнае, маркотнае!
Ты шырока, маё полейка,
Ад кусточка да кусточка разьлягаешся,
Ты глыбока, сэрца, краешся.
Дзе цяпер я сьмерць сваю спаткаю:
Ці у моры, ці у рэчцы, ці ў ставочку,
Што капытам пры дарозе быў прабіты
І да краю буйным дожджыкам наліты?»

V

— Ды і што-ж там за шум учыніўся?
— А камарык там з дубу зваліўся.
Грымнуў ён на зямлю з высакосьці
І пабіў — паламаў сабе косьці.
Цесьлі дошкі з дубоў пілавалі,
Габлявалі, труну змайстравалі.
Ўсю чырвонай кітайкай аббілі,
Стужкай чорнай з краёў адтачылі.
Гэй, кладуць камара ў дамавіну,
Заклікаюць сяброў і радзіму.
Камары над труной затрубілі,
Сьветлячкі лепш за зорак сьвяцілі.
— «Вы паціху, музыкі, зайграйце,
Майго сэрца у край не ўражайце!» —
Горка мушка-ўдава галасіла,
Борздай сьмерці у Бога прасіла:
— «Мой мужочак, мой камарочак,
Ты падай мне з труны галасочак.
Ах, ніхто над табой не заплача,
Толькі хмарачка дробнымі дажджамі,
Толькі мушачка горкімі сьлязамі». —
Палажылі дамоўку на мары,
Панясьлі праз лугі ды папары.
Ля дарогі магілу капалі
І у ёй камара пахавалі,
У сырую зямельку злажылі,
Зьверху насып вялікі зрабілі.
Людзі добрыя шляхамі мінаюць,
Шапкі нізка здымаюць, пытаюць:
— «Ня іначай, вяльможны вандроўнік, —
Генэрал, ці маёр, ці палкоўнік?» —
— «Не, ляжыць тут камар — камарочак,
У каторага з локаць насочак».

Максім Багдановіч

Каментаваць

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>