Усе рубрыкі

Сонечная паляна, або Прыгоды Вожыка и Зайца ў дзівосным лесе

Дождж ішоў і ішоў… Ён, здаецца, ішоў заўсёды. Нізкія хмары віселі над самай зямлёй – відаць, яны зачапіліся ў мокрых верхавінах стромкіх елак і ніяк не маглі адарвацца і паляцець.
Гэта паляна была калісьці светлай і рознакаляровай. А цяпер яна стала ўсюды аднолькава мокрай, шэра-зялёнай.

У дупле вялікага старога пня сядзеў сумны Вожык. Пень быў вялікі, з тоўстымі сценкамі, і ў жытле Вожыка было цяпер суха і ўтульна. Але радасці ў Вожыка не было: дождж ужо ішоў так доўга!
На застылай паляне раптам з’явілася светлая пляма – ну, вядома, Заяц! Ён спыніўся амаль пасярод паляны, разгублена аглядаўся па баках.

1. Што расказаў крумкач

– Сюды, Заяц!, – закрычаў Вожык, выглядаючы з дупла. – Скачы сюды!

Заяц быў мокры і азяблы.

– Вада падступіла зусім блізка да маёй нары, ціхі раўчук стаў сапраўдным возерам, вада находзіць на паляну, – са скрухай расказваў Заяц. – Заліло нару старой Барсучыхі, сям’я Вепрука таксама пакінула ранейшую хату – яна працякла цалкам, хатку баброў раўчук зусім размыў…

– Заставайся ў мяне, – прапанаваў Вожык. – Тут хопіць месца для дваіх.

– Я ведаў, што ты мяне пусціш, дзякуй, – адказаў Заяц. – Але што ж далей будзе, Вожык? Дзе мы будзем гуляць, як раней, дзе будуць расці ягады?

– Не ведаю, – сумна адказаў Вожык. – І грыбоў не будзе, і арэхаў…

Раптам зверху раздаўся шум – лапаценне і шоргат, і перад уваходам у дупло апынуўся стары Крумкач.

Беларуская мова пра паляну сказ

– Заходзьце, дзядуля Крумкач! – запрасіў Вожык.
– Дзякуй, сябры мае, – адказаў Крумкач, і цяжка ступаючы, зайшоў у дупло.
– Што будзе, дзядуля Крумкач? – асцярожна спытаў Заяц. – Дождж ідзе і ідзе… Вы лётаеце высока, можа, відаць зверху крайчык светлага неба, што набліжаецца да нас?
– Дрэнна, – уздыхнуўшы, адказаў Крумкач. – Усё неба – адна вялікая хмара.

– Дзядуля Крумкач, няўжо ніколі не скончыцца дождж? Што стане з нашай палянай? – устрывожана спытаў Заяц.
– Ніяк не можа зацвісці сунічнік, – дадаў Вожык. – Згніе грыбніца – і мы ўсе застанёмся без грыбоў. Нават арэхаў зусім мала на галінках…

– Так, мае юныя сябры, справы дрэнныя, – паківаў у скрусе галавой Крумкач. – З года ў год усё менш светлых дзён было над нашай палянай, усё гусцей і часцей ішлі дажджы. Трэба думаць…
– Пра што думаць, дзядуля Крумкач? – здзівіўся Заяц. – Трэба шукаць іншую паляну! Няўжо ў лесе няма палян, дзе свеціць сонца?
– Можа, і ёсць, – задуменна адказаў Крумкач. – Кажуць, быццам ёсць у лесе адна Сонечная паляна. Там шмат ягад і грыбоў, там заўсёды свеціць сонца, і нават дождж там ідзе, весела іскрачыся сваімі кропелькамі ў яго прамянях… Там жывуць доўга і шчасліва, бесклапотна і мірна…

– Дзе гэтая паляна? – у адзін голас спыталі Заяц і Вожык.
– Трэба ісці па старой сцяжынцы, – павярнуў дзюбай у бок Крумкач. – Але даўно ніхто не хадзіў па ёй, ніхто не ведае – куды яна выведзе. Вялікі лес утойвае шмат нечаканасцяў, шлях па ім заўсёды цяжкі і складаны…

– Мы знойдзем гэтую паляну! – падхапіўся Заяц. – Мы знойдзем яе… і ўсіх потым прывядзем да яе! Пойдзем, Вожык!
– Вядома, пойдзем!

– Гэта небяспечна, – перасцярог Крумкач. – Ідзіце, але помніце: у Вялікім лесе шмат што ўбачанае выдае сябе за жаданае, а многае жаданае застаецца не ўбачаным, – незразумела закончыў Крумкач. – Ідзіце, а я буду думаць…

І Заяц з Вожыкам пайшлі.

2. Куды прывяла прамая дарога

Разам з імі ішоў і дождж. Ён халоднымі дробнымі кроплямі падаў і падаў з неба, з навісаючых над вандроўнікамі галін.

Беларуская мова пра паляну сказ

Ісці па сцяжынцы было спачатку не цяжка. А потым усё часцей сталі трапляцца паміж светлымі стваламі хвой змрочныя, шэрыя ствалы елак. Іх ніжнія лапы, з сухімі ўнізе галінкамі і іголкамі, апускаліся над сцяжынкай і заступалі шлях, балюча калоліся. А сама сцяжынка стала ледзь прыкметнай у густой траве. Лес вакол стаў пануры і чужы – толькі чорныя ствалы елак, ды сухія, старыя дрэвы.

Да гэтага часу Заяц і Вожык вельмі стаміліся, яны змакрэлі наскрозь, і так хацелася вярнуцца назад – у тое самае дупло. Там цяпер суха і ўтульна… Раптам заўтра скончыцца дождж? Гэтай паляны, аб якой казаў стары Крумкач, нідзе і блізка не відаць…

І тут сцяжынка ўткнулася ў велізарную старую елку. Яна была такая старая, што шэры мох звісаў з яе ніжніх галін лахманамі. Пад елкай нічога не расло – толькі мох, такі ж шэры, ляжаў глыбокім дываном. Не змаўляючыся, Заяц і Вожык упалі ў гэты глыбокі мох.

– Добра, што нам гэтая елка трапілася, – казаў Заяц. – Цяпер мы адпачнем…
– А куды сцяжынка падзелася? – пакруціў галавой Вожык. – Быццам яе гэтая старая елка праглынула…Трэба ісці.

– А куды ісці, калі сцяжынка скончылася?
– Трэба абысці елку і мы ўбачым сцяжынку, – услых падумаў Вожык. – Пойдзем…

Так і атрымалася – не абышлі яны і чвэрці велізарнага ствала, як убачылі роўную і прамую сцяжынку, што бегла ў глыб лесу.

– Вось! Выдатна! Гэта сцяжынка сапраўды вядзе да Сонечнай паляны! Па ёй шмат усіх пайшло, вось яна і прамая, і роўная, – упэўнена сказаў Заяц.
– Яна нейкая вельмі прамая, – сказаў Вожык. – Сапраўдныя сцяжынкі ў лесе не бываюць такімі прамымі.

– Якая ж яна не сапраўдная, калі яна прама перад намі! – засмяяўся Заяц. – Глядзі, як добра па ёй ісці! А вось там, наперадзе, глядзі – ужо святлей! Там – сонечная паляна!
– Не падабаецца мне, – бурчэў Вожык, калі яны пайшлі па роўнай сцяжынцы.

Ісці было лёгка, і лапы елак тут не віселі так нізка. Але галоўнае – дождж! Ён амаль перастаў!
Заяц весела скакаў, то ідучы побач, то забягаючы наперад.

– Ды хутчэй жа ты, калючы, – падганяў ён Вожыка. – Глядзі, глядзі, – там ужо амаль зусім светла, там наперадзе – Сонечная паляна!

І раптам сцяжынка пад ім проста правалілася!

Заяц і крыкнуць не паспеў, як апынуўся на дне глыбокай ямы.

– Заяц, ты жывы? – асцярожна зазірнуў у яму Вожык. – Я казаў, што сцяжынка падазрона роўная… Ты не моцна ударыўся?
– Ды як быццам не моцна, – абтросся Заяц.

– Тады падскоквай і хапайся – я працягну табе лапу.
Вожык, наколькі можна было, нагнуўся ўніз – Заяц падскочыў і ўхапіўся за яго лапу.
– Цягну!

Але, мусіць, нездарма сцяжынка была такой роўнай – ні купіны, ні ямачкі – і вось лапы Вожыка заслізгалі па краі ямы, і ў адно імгненне ён кулём скаціўся прама на Зайца. І яны ўдваіх ужо апынуліся на дне ямы…

– Так я і думаў, так я і ведаў, – завохкаў Вожык. – Не бывае сапраўдных прамых сцяжынак у лесе. А тыя, якія не сапраўдныя – заўсёды пастка.
– Але павінен жа быць нейкі выхад! – запратэставаў Заяц. – Цяпер мы аб усім падумаем…

– А што тут думаць, – сумна сказаў Вожык. – Хутка сюды прыйдзе…
– Хто прыйдзе? – спалохана прысеў Заяц.

– Прыйдзе той, хто выкапаў гэтую яму і зрабіў на роўнай сцяжынцы пастку, – ціха адказаў Вожык.
У чаканні нечага страшнага і незразумелага, што павінна было немінуча адбыцца, Вожык і Заяц праседзелі некалькі гадзін. Мінула яшчэ трохі часу, і зверху пачулася лапаценне крылаў.
– Ой, ой, якая бяда, якая бяда! – засакатаў прама над ямай голас.

Заяц і Вожык пазналі звонкі голас Сарокі. Яны вельмі ўзрадаваліся.

– Ой, пацярпіце, пацярпіце! – заспяшалася Сарока. – Зараз я паклічу на дапамогу, зараз вам дапамогуць!
– Гэй, Сарока, – паклікаў яе Заяц. – Хто выкапаў гэтую яму ў лесе? Куды вядзе гэтая сцяжынка?

– Яма – зусім не яма, а ахоўны пост нашай Паляны, – з гонарам адказала Сарока.
– Тут блізка паляна? Гэта Сонечная паляна?

– Ну, вядома, на нашай Паляне свеціць сонца, шмат усяго, і ўсім усяго хапае, – пралапатала Сарока. – Чакайце!

І Сарока паляцела.

– Выдатна! – закрычаў Заяц. – Вожык, хутка мы будзем на Сонечнай паляне!
– Будзем, будзем, – па звычцы бурчэў Вожык. – А навошта трэба было гэтую яму капаць?

– Табе ж растлумачылі – ахоўны пост, – адмахнуўся Заяц. – Калі на паляне шмат усяго – трэба такую паляну ахоўваць… Ці малі хто захоча прыйсці…
– І вельмі правільна! – раздаўся раптам зверху бадзёры і вясёлы голас, а потым паказалася галава Янота. – Дабры дзень, сябры. Трымайце лесвіцу!

У яму спусцілася зручная плеценая лесвічка. Вожык і Заяц хутка ўскараскаліся наверх.

– Пойдзем, мы заўсёды рады новым сябрам! – усміхаўся Янот.

І яны пайшлі – па роўнай прамой сцяжынцы.

3. Калі ўсім усяго пароўну

Чым далей яны адыходзілі ад той яміны, тым святлей рабіўся лес, і неба ўзнімалася вышэй, а потым і зусім зацурчэла на вандроўнікаў пакуль яшчэ нясмелае сонечнае святло. Тут яны ўбачылі высокую сеткаватую агароджу з трывалага дроту, а за ёй – вялікую, не агледзець усю, паляну! Усю залітую сонечным святлом!

Працяг на новай старонцы ніжэй!

Pages: 1 2 3 4

ужо 4 абмяркоўваюць Сонечная паляна, або Прыгоды Вожыка и Зайца ў дзівосным лесе

  • ==Даўно гэта паляна не чула такіх гучных галасоў.==
    дазвольце спытацца, хіба гэты сказ быў у аўтарскім варыянце?
    Другое, што гэта за недарэчныя фотаздымкі, асабліва са свіннямі?
    І адкуль такое афармленне?
    выбачайце, але я, як аўтар гэтай казкі, абсаоютна не згодзен з такімі адносінамі да тэксту.

  • Valeriy, па-першае, дзякуй за казку.

    Наконт таго, быў гэты сказ там ці не, лепш спытацца ў аўтара:) — тут ніхто рэдактурай не займаецца, асабліва такіх вялікіх тэкстаў.

    “недарэчныя” фотаздымкі ў вас ёсць магчымасць выправіць самастойна. дарэчы, аб тым, як трэба афармляць пасты, ёсць дапаможнік у анлайн-рэдактары — карыстайцеся і рабіце сваё афармленне. калі нешта не атрымліваецца і спатрэбіцца дапамога — пішыце!

  • Я не жартую.
    Была б магчымасць паправіць — паправіў бы, Вордпрэс не такі складаны для мяне.
    Тэкст для рэдагавання не адкрываецца.
    У такім выглядзе мне не хочацца бачыць сваю казку. Не можаце прывесці тэкст у чытабельны выгляд, ці даць мне магчымасць тое зрабіць — выдаліце, і не будзем марна займаць час адзін аднаго.

    • Valeriy, вы сюды прыйшлі самастойна. Для ўсіх аўтараў існуюць аднолькавыя парады — вы выканалі хоць адну, акрамя таго, што закінулі сыры тэкст у адмінку? Замест таго, каб сказаць дзякуй за тое, што вашым тэкстам амаль гадзіну займаліся, вы наўпрост гэтым незадаволены, здаецца?.. Не жартуеце — дык не жартуйце, гэта вашыя праблемы ўжо псіхалагічныя. Поспехаў вам у іншым месцы!

Каментаваць

  

  

  

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>