Усе рубрыкі

ЗАКЛЯЦЦЕ СТАРОГА МЛЫНА. Частка трэцяя — Сяргей Брандт

З цыкла “Гісторыі, падобныя на казкі”
Павольна цягнулiся iмгненні, здавалася, быццам i час пад вадой зусiм знiк — толькi адна непраглядная цемень i нiякіх гукаў навокал. Але нейдзе ўнiзе раптоўна загарэлася маленькая, з макавае зерне, іскрыстая кропачка i пачала расцi, а потым знiкла густая чорная цемра i … Сяржук апынyўся на маленькай плошчы вельмi-вельмi цудоўнага мястэчка. Вузенькiя брукаваныя вулачкi, утульныя, упрыгожаныя зялёным хмызняком, дамы пад чарапiчнымi чырвонымi дахамi i кветкi ўсялякiя з усiх бакоў — здалося нават нашаму хлопцу, што ён трапiў зноў у багаты i заможны горад Данцыг. Ды толькі ж той Данцыг застаўся нейдзе на паверхні яго былога жыцця, а хлопцу прыйшлося ступіць у другі невядомы чароўны свет.

Каля старога млына

Агледзеўся Сяржук і знямеў ад нечаканасці, бо ўсюды пад нагамі ляжалі, як першы снег на зямлі, залатыя важкія манеты і звінелі яны пад падэшвамі яго рудых скураных ботаў. А аднекуль зверху павольна апускаліся ўсё новыя і новыя і не было гэтаму дзіву канца. Пачаў хлопец грошы ў кiшэні збiраць i вадзянога дзякаваць, зусiм запяматаваў пра тое, што нельга золата чапаць. І чым больш станавілася ў хлопца жоўтых манет, тым меньш заставалася часу, каб наверх падняцца. Нейкае дзіва невядомае пачало змяняць вадзянога, які сядзеў амаль каля самай вады. Спачатку знікла зялёная луска на скуры, потым адваліўся тоўсты рыбін хвост, пакрыты цінай і імхом. Апошнім штрыхом вецер здзёр сівыя доўгія космы і смярдзючы, пакрыты сліззю капялюш ….Каля цёмнай вады сядзеў, нібы прачнуўушыся, зусім малады чалавек. Ён ніяк не мог успомніць, што здарылася з ім сто гадоў назад, куды ён ішоў і чаму сядзіць адзін каля старога млыну. Памяць вярнулася з першым сонечным промнем і чалавек, устаўшы, заспяшаўся хуткім крокам у напрамку да вёскі, якая стаяла за лесам мо гадоў сто таму назад, а цяпер толькі чорны быльнёг шалясцеў на месцы разбуранных з часам хат.
І як толькі той наверсе зрабіў першы крок да свайго старога жыцця, Сяржук пачаў ператварацца ў нейкую жудасную істоту. Спачатку яго скура пакрылася зялёнай рыбнай луской, памерам з тыя манеты, што ён збіраў, потым замест ног маладых і спрытных утварыўся усяго за некалькі хвілін тоўсты, нібы бервяно, хвост. Валасы зрабіліся доўгімі сівымі космамі.
Здзіраў хлопец луску, здзіраў, толькі яна яго новай скурай зрабілася на доўгія гады.
Рванула істота, рыба з чалавечым тварам наверх, толькі вада зашумела, закіпела пад моцным хвастом і ўсплыла каля драўлянага кола. Раніца толькі пачыналася, ласкавае сонейка паднімалася над лесам, разганяючы мокры туман па завуголлях. Нейдзе прапеў салавейка, яму адказала адразу зязюлька і змоўкла, быццам засаромелася свайго жадання. Некуды плылі стомленыя хмары, уголас іржаў малады конь, шукаючы свайго згубленага гаспадара.
З вачэй вадзянога дзеда вялізнымі кроплямі каціліся бліскучыя слёзы. Яны, трапіўшы ў цёмную ваду, і ператваралыся ў залатыя дзінары, цахіны і дукаты, якія залатымі сняжынкамі апускаліся на рачное дно…
У вялікім смутку сядзіць вадзяны дзед каля старога млыну, усё чакае, што вось-вось заявіцца юнак, зменіць яго на гэтым месцы. Колькі гадоў прайшло, колькі яшчэ праміне і хто закляцце зніме, ведае, напэўна толькі адзін сведак, стары драўляны млын, які як забыты вартаўнік нашай роднай мовы, стаіць амаль каля самага старажытнага лесу…
Такая вось гісторыя адбылася ў вельмі даўнія часы, але яе водгаласы яшчэ ходзяць уначы ад хаты да хаты, зазіраюць у вокны, стаяць пад дзвярыма, ды толькі вось новае пакаленне наша не чуе гэта, не разумее іх, бо само напэўна ператварылася ў тых дзіўных істот разам с Сяржуком. Збірае яно на дне цёмнага жыцця нашага залатыя манеты і ніколі, напэўна, ужо не верне сабе той добры вобраз патрыётаў краіны сваёй. А пакуль здараецца ўсё гэта побач з намі і мы не бачым гэта, то аб якім працягу гісторыі можна тут гаварыць. Не шукай лепшага праз лёгкае, бо сваё апошняе згубіш.

Сяргей Брандт, 05.04.2014

1 казачнік нешта сказаў ЗАКЛЯЦЦЕ СТАРОГА МЛЫНА. Частка трэцяя — Сяргей Брандт

Каментаваць

  

  

  

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>