Усе рубрыкі

Заможны Лiнь i Хударлявы Уюн. Сяргей Брандт

Амаль народная казка
Вы чуеце, дзеткі, як каля лесу, на самым яго ўскрайку, рыпіць цяжкае кола млына? Не чуеце? Дык прыслухайцеся паўважлівей і вы пачуеце вельмі цікавую гісторыю, што прынесла сцюдзёная вада з велічнай і прыгожай ракі Беразіны. Калі ж вы не ведаеце мовы рачных хваляў, тады я перакладу яе для вас. Вы зразумееце, як гэта цікава слухаць аб чым спявае драўлянае кола пад шумным націскам вадзяных струменяў. А пачуўшы адзін раз, вам спадабаецца вельмі і вы пажадаеце яшчэ і яшчэ. Дык сядайце паўтульней побач і ўважліва слухайце мяне. Я пачынаю распавядаць.
У цёплай вадзе неглыбокай тарфяной сажалкі, пад каранямі згорбленай ад часу альхі, жыў сабе тлусты Заможны Лінь. Ежы ў сажалцы было вельмі шмат, а драпежных шчупакоў з акунямі – ніводнага. Вось і патаўсцеў Лінь, зрабіўся на выгляд, як зялёная патэльня з хвастом.

ли

Жыў у сажалцы таксама Хударлявы Чорны Уюн. Цалюткімі днямі і начамі ён працаваў на пана Заможнага Ліня – узбіваў пад яго бакамі тарфяны глей ды чысціў зялёную тоўстую скуру гаспадара мяккім падводным мохам. Таксама ён гатаваў ежу, варыў каву з зерня жоўтых вадзяных кветак і лавіў маленькіх жучкоў-плывункоў самаробнай сетачкай, бо іх заўсёды Заможны Лінь ужываў разам з салёнымі смаўжамі на вячэру. Ніхто не ведаў, што з’явілася раней на гэтым свеце – тарфяная сажалка ці яе гаспадар, якому доўгі час належала цёмная вада і ўсё, што ў гэтай вадзе і пад вадой плавала, расло і скакала. За ўсю сваю цяжкую працу Хударлявы Уюн толькі адно ад тоўстага Ліня атрымаў – дазвол жыць у гэтай сажалцы.
Дзень цягнуўся за днём, як шэрая кудзелька. Тыдзень за тыднем, месяц за месяцам… Зрабіўся Заможны Лінь яшчэ больш тоўстым і нязграбным, усё больш ён сабе ежы патрабаваў. Цяпер служка нават часу на кароткі сон не меў – працаваў без адпачынку і працаваў.
А аднойчы Лінь запатрабаваў у малой рыбкі, каб тая яму салацік згатавала і не абы які, а з травы, што на беразе побач з чорнай альхой расла. Ні пра што іншае слухаць не хацеў:
— Або ты мне салацік прыгатуеш, або я цябе са сваёй сажалкі выкіну вон. Няма чаго рабіць Хударляваму Уюну, пачаў ён з вады на бераг скакаць у траву, па каліву збіраць. Скакаў, скакаў, ды сам на беразе апынуўся. Ляжыць, вочы шырока расплюшчыў і не дыхае, бо на паветры рыба дыхаць не можа, толькі рот шырока адкрывае.
Побач казляня гарэзівае завіхалася, заўважыла, што рыба на бераг трапіла, дапамагчы вырашыла, пыскай сваёй у бок тыркнула і зваліўся небарака ў ваду. Ачуняў трошкі і бачыць, што малое бадлівае яшчэ і патрэбнай травы выпадкова накідала. Пачаў ён траву гэтую збіраць і салацік гатаваць, а пра казляня зусім забыўся. Наеўся Лінь смачнага і не можа ціха на баку ў глеі ляжаць. Патрабуе здурнеўшая ад тлусту рыба нешта зусім неверагоднае – срэбраны званочак, які на сваёй шыйцы казляня носіць. Спадабаўся заможнаму Ліню яго салодкі, меладычны гук.
— Калі ты мне не прынясеш званочак, дык забірай свае рэчы і прэч з сажалкі!
Занепакоіўся Уюн, але што рабіць, трэба загад выконваць. Памкнуўся бедалага зноў да каранёў чорнай альхі, а там вось дык цуд — казлянятка зачапілася за яе галлё званочкам, матузок якога абарваўся і зваліўся ён у цёмную ваду. Схапіў Уюн званочак і да хаспадара хутчэй паплыў. Цалюткі дзень забаўляўся Заможны Лінь з новай цацкай — то так круціў, то гэтак, цудоўны гук здабываў, але да вечара яму гэта справа прыелася. Новы загад атрымаў бедны Уюн.
— Калі да цемнаты мяне не напалохаеш, клунак на плечы і ідзі куды твае вочы глядзяць, але далей ад сажалкі.
Плача бядняк, што рабіць, такі загад, каб выканаць – яшчэ адзін цуд патрэбны. Пачаў ён тады птушак клікаць, але птушкі лясныя не пачулі яго. Адзін толькі Коршак прыляцеў аднекуль і стомлена на галінку альхі прысеў. Той альхі, што ад часу згорбленай стала і каля самой сажалкі стаяла. Выслухаў яго Коршак, нічога не прамовіў, а ўзвіўся ў блакітнае неба і паляцеў на поўнач.
Праз нейкі час вярнулася птушка назад, трымаючы ў сваіх кіпцюрах галоднага шчупака, якога затым у сажалку ўкінула. Шчупак у цёмнай тарфяной вадзе крутануўся туды-сюды і тоўстага Ліня ў глеі заўважыў і паплыў у той бок, ужо нікуды не спяшаючыся — тоўстая і тлустая рыба ўцякаць не вельмі спрытна можа. А Хударлявага Уюна драпежнік на потым пакінуў. Разварушыў шчупак хвастом глей, пашчу раскрыў, а тым часам Хударлявы Уюн сцягнуў срэбраны званочак і з ім да альхі паплыў. Там яго стары знаёмы, Коршак, заўважыў і дзюбай за матузок ад срэбранага званочка ўхапіў, падняў Уюна ў паветра і ў імгненне вока ў другую сажалку каля вёскі перанёс:
— Жыві, Хударлявы і пра добрыя справы памятай!
А званочак Коршак потым малому назад вярнуў:
— Скачы, гарэза шэрае, і не губляй яго болей!
А што здарылася з Тлустым Лінем, ніхто не ведае. Напэўна, ён памёр ад жаху. Сажалку тарфяную наступнай вясной жвірам занясло, альху на дровы спілілі. Кладачкі на сажалцы каля вёскі, там, дзе цяпер з другімі ўюнамі жыве наш знаёмы Хударлявы, новыя зрабілі. Няма ўжо гаспадара, няма каму служыць і загады выконваць.
Але гэта ўжо зусім іншая цікавая гісторыя. Да новых сустрэч!

Сяргей Качанаў-Брандт, 04.03.2015

Каментаваць

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>