Я табе, каханая, ружу прынясу,
Упляцi пунсовае ў сваю касу.
Дождж пад вечар скончыцца, любая мая,
Косы твае доўгiя — чысцiня твая.
Сена невясомае складзена пад дах,
Ты ляжыш прыгожая на маiх руках.
Я цябе, шаноўная, цераз ноч нясу,
Расплятаюць поцемкi з кветкаю касу.
У тумане пасвiцца каля рэчкi конь,
Стан твой уздымаецца на маю далонь.
Ноч чакаць не стане, як i цiшыня,
Лета нас заручыць на ўскрайку дня.
Сяргей Качанаў-Брандт, 05.05.2015
Каментаваць