|
З удзячнасцю Альгерду Абуховiчу-Бандзiнэллi
Часоў ясных i падзей,
Што было – цяпер не будзе!
Попел мовы ў нейкiм брудзе
Пакладзе на стол халдзей.
Чым захочаш варажыць?
Паляглi пад горад вёскi,
А замоў блакiт дзiвосны
УзнЯлi моўчкi на крыжы.
Кажуць: “Cловы не гараць!”
Пiлi доўга на памiнках,
Лён не сеюць на суглiнках,
Дзед што меў – не ўтрымаць.
Задуменна цягне Свiр
Хвалi, што плывуць да Бога.
Мовы роднай у жменю трохi
Па крысе рассыпле жвiр.
Часоў ясных i падзей,
Што быдо — цяпер не будзе!
Попел мовы ў новым брудзе,
Пакладзе на стол халдзей.
Сяргей Брандт, 12 04.2015
Пад вадой жыве дзявiца,
Прыгажуня вадзянiца.
Кожны дзень яна спявае
I луской прывабна ззяе.
На паветры сушыць косы,
Як блiшчаць яны дзiвосна!
I пляце з травы вяночак,
Да рамонкаў васiлёчак.
А ад слоў яе цудоўных
Стаяць вольхi непрытомна.
У напевах слёзкi з жалем
Што ты тут, дзяўчо, шукаеш?
Бяжыць вада бруiцца
З косаў меднай вадзянiцы.
Гучыць зноў на свiтаннi
Спеў дзiўным прывiтаннем.
Сяргей Качанаў-Брандт, 10.03.2015
Пад самым акном
Свой дзiцячы аброк
Збiрае расхрыстаны
Восеньскi змрок.
Лагодных усмешак
Амаль кошык цэлы,
А сны ён збiрае
Да ранiчкi белай.
Сны дзетак маленькiх —
Iрынкi, Арцёмкi,
Ступае ён цiха,
Бо носiць валёнкi.
А сам ён не мае
Фарбованых сноў,
Старанна збiрае
Дзiцячыя зноў.
Ён потым сны
Дзетак малых разглядае,
А з самых цудоўных
Калекцыю мае.
I кожны вячор
Свой дзiцячы аброк
Збiрае расхрыстаны
Восеньскi змрок.
Сяргей Качанаў-Брандт, 10.04.2015
Ён палюе, а ты спiш:
— Трымш, Трымш!
Ён галосiць, ты маўчыш:
— Трымш, Трымш!
Ён схапiў, а ты крычыш:
— Трымш, Трымш!
Ён гадлiвы, як павук,
Ён жахлiвы начны гук.
Ён пад вокнамi чакае,
За малымi назiрае.
Спiш ты, ён цябе палюе
I нiхто яго не чуе.
Ты маўчыш, а ён паўзе,
След вужакi на расе.
Ты крычыш, бо ён галосiць,
Сноў тваiх цудоўных просiць.
Ён палюе, а ты спiш:
— Трымш, Трымш!
Ён галосiць, ты маўчыш:
— Трымш, Трымш!
Ён схапiў i ты крычыш:
— Трымш, Трымш!
Сяргей Качанаў-Брандт, 10.04.2015
|
|