|
Сплецены вяночак iз пунсовых кветак,
Цягне плынню ноччу на пачатку лета.
Хвалi не штурхаюць пад бакi вiльготным,
Зданнi не чапаюць кветачкi нiводнай.
Што ён робiць ноччу, золкам цягне раннiм,
Плыве той вяночак услед не за спатканнем.
Бераг не прымае слёз чужых трывогi
I вянок шпурляе на струмень глыбокi.
Па вясне вяночак дамоў не вярнецца,
Плыве плямай дробнай па маўклiвай рэчцы.
Над вадою чорнай золкам цягне раннiм
І плыве да мора ён за развiтаннем.
Сонейка ўзыходзiць на пачатку лета
I пляце вяночак дзеўка з жывых кветак.
Сяргей Качанаў-Брандт, 28.04.2015
Бог, дай нам зiму перажыць,
Дзе каля хат мароз страляе,
Лед тоўстай коўдраю ляжыць,
А дроў для грубкi не хапае.
Бог, дай нам весну прамiнуць,
Дзе не прайсцi, адны паводкi,
З вадой да мораў пранясуць
Палёў змакрэўшых позiрк вадкi.
Бог, дай нам лета перайсцi,
Дзе сонца палiць, а не косiць.
Лён сiнiм не пачне цвiсцi
Пакуль не лягуць зранку росы.
Бог, дай нам восень супынiць,
Дзе дождж на полi толькi плача.
Што маем, з тым i будзем жыць —
Лёс, як жыццё, не перайначыць..
Сяргей Качанаў-Брандт, 23.04.2015
Апошнi шлях, зжаўцелы ганак,
У брудзе страшным цiшыня
I памiнальны з дажджом ранак.
Як грыва хворага каня.
Там вокны ветрыкам зашклёны,
Стаў на каленi моўчкi дах.
Трасе галiнай клён стамлёны
I не знаходзiць сна ў снах.
Зямля згнiе гадкоў за дзвесце,
Чым здзiвiш туташнiх людзей?
Яе нiхто не ўваскрэсiць,
Не зробiць, каб была чысцей.
Крыжы, як кропкi ля ўзлеску,
Гасцей чакаюць колькi зiм.
Чырвоным зiхацяць пралескi
І плача мох амаль рудым.
Сяргей Качанаў-Брандт, 15.04.2015
Цябе я болей не пабачу,
Ад гэтага яшчэ бальней.
Але нiхто не растлумачыць,
Дзе будзе потым спакайней.
Замест пасадак i сцяжынак
За вокнамi нямы паверх,
Рэкламы бляск сухiх памiнак
I смачнай забароны грэх.
Днi пацякуць зусiм павольна,
Не зменяць воблiк авеню.
Кавал зямлi маленькi з поля
Напомнiць доўгую раллю.
Па ей брыдзе i рэжа плугам
Надзел стамлёны селянiн
I церушыць садовым пухам
Каля стаўка драўляны млын.
Цябе я болей не пабачу,
Ад гэтага яшчэ бальней.
Што для цябе Радзiма значыць,
Зямля не згубленных надзей?
Сяргей Качанаў-Брандт, 14.04.2015
Крыніца ілюстрацыі: www.art-paysage.ru
|
|