|
Цю́рлі-цю́рлі, вось дык лiха —
Вараць зайцы квас зайчыхам.
З ячмяня, з акрайцаў хлеба,
Смачны дух ляцiць да неба.
Каля рэчкi воўк злуецца:
«Квасу зноў не дастанецца.
Выпiлi бабры, вавёркi…
Толькi дым над полем горкi.»
Цю́рлi-цю́рлi, жарт не лiха —
Вараць зайцы квас зайчыхам.
Воўк прышоў, зайцы — у норах
I сядзяць да першых зорак.
«Cёння — не! Мо ў аўторак?
Квасу зварым з жыта-мора!
Вось дык зробiм усiм свята,
Воўк, заходзь! Мы будзем рады.»
Там, дзе няма сцяжын-дарог,
Ляжыць вiльготны мяккi мох.
Там — сосны мачтамi ўвысь,
Спадар-мядзведзь, ахоўнiк-рысь.
Там — птушак зранку адгалоссе,
Як быццам зноў чакаюць восень.
Дзе спяць у гушчары туманы
I з поля цягне льном духмяным.
Там — людзі кажуць:“Налiбокi
Хаваюць смутак у аблокi.”
Там — дождж грыбны ў кроны б’ецца,
Раўчук павольнай песняй л’ецца.
Там — за дубы заходзiць сонца,
А месячык стаiць у старонцы.
Дзе цiшыня, як зоркi блiзка
Жыве ў дупле з сям’ею Рыська.
Сяргей Брандт, 09.08.2013
Цікавыя навучальныя апавяданні для маленькіх дзетак, якія пойдуць у школу. Беражыце лес!
Мае маленькія сябры, калі вы наведаеце разам з бацькамі Налібоцкую пушчу, то ўбачыце маляўнічыя, мілыя куточкі лесу, непаўторную прыгажосць азёр, рэк, пазнаёміцеся з дзіўным светам птушак, звяроў, адчуеце чароўнае хараство і прыгажосць гэтых месцаў.
Мяне, майго браціка, тату з мамай акружае вельмі пяшчотны і мудры лес. У ім растуць дрэвы, кусты, травы, жывуць птушкі, звяры, насякомыя. Мы кожны дзень карыстаемся яго цудоўнымі дарункамі.
Напрыклад, лес з’яўляецца вялікай і самай сапраўднай фабрыкай па вырабу кіслароду, месцам для адпачынку, домам для нас, звяроў, і птушак, служыць крыніцай натхнення для мастакоў, кампазітараў, пісьменнікаў, падказвае шмат тэм і вобразаў, дапамагае стварэнню цудоўных твораў…
Значэнне лесу ў жыцці чалавека неацэннае. Нездарма мудрыя людзі гавораць: «Ссек дрэва – пасадзі два».
Вы, напэўна, бачылі на дарогах шчыты з надпісамі: «Беражыце лес!» Я вельмі хачу, каб кожны з вас задумаўся, што хаваецца за гэтымі словамі і, каб памятаў пра іх. Бо калі ў гарачае надвор’е пакінуць у лесе непатушаны акурак, запалку, вогнішча – узнікне пажар. А гэта смерць для дрэў, траў, звяроў, птушак, насякомых, ягаднікаў, грыбных месцаў.
Маё пажаданне да вас будзе наступным: спыніцеся своечасова, заўсёды пакідайце пасля сябе чысціню на лясных палянках, уздоўж лясных сцяжынак і месцах для адпачынку.
06.08.2013, Сяргей Брандт
Цікавыя навучальныя апавяданні для маленькіх дзетак, якія пойдуць у школу
— Возьмем смачны агурок…
— Рэзаць уздоўж цi папярок?
— Пачакай, будзь асцярожным,
Бо паранiць лапку можна.
— Вось дзве роўных палавiнкi…
— Быццам доўгiя сцяжынкi.
— Лыжкай выскрабем зярняты…
— Гэтай чайнай цi пузатай?
— Маем мы цяпер каноэ!
— З агурка зусiм малое.
— У сяродку — шмат прысмакаў…
— Жменьку хопiць, але з гакам.
— Трохi солькi, трохi перцу…
— I ўкропчыку ад сэрца!
— А яшчэ смачной радыскi…
— Паспрабуй — рэцэпт ад Рыськi!
Сяргей Брандт, 06.08.2013
|
|