Усе рубрыкі

КАЗАЧНЫЯ АПАВЯДАННI ПРА ГНОМА I ДЗЯЎЧЫНКУ ПАЎЛІНКУ – Сяргей Брандт

Частка трэцяя
УСЛЕД ЗА ВОЖЫКАМІ
гном и девочка
— Запрашаю цябе, Паўлiнка, да сябе на гарбатку з сунiчным варэннем. Падсiлкавацца з дарогi табе вельмi патрэбна — як толькi зацiх вясёлы смех, прапанаваў Гном. — У мяне ёсць таксама i смачнае печыва, а потым ужо мы даробiм тваю справу ў хаце. Дамовiлiся?
— Якi ж ты цудоўны! — адказала дзяўчынка. — Падсiлкавацца патрэбна, мо з гэтага i валiлася ў мяне ўсё з рук, а да гарбаткi я маю смачныя цукеркi з Мiнскy.
Трашчалi сухiя трэсачкi ў агнi, паважна пыхцеў самавар. А якая смачная гарбата з духмяным сунiчным варэннем ды цукеркамi з арэшкамi. За маленькiм утульным сталом сядзела Паўлiнка, а насупраць яе маленькi чалавечак. Пад нагамi працавiта шморгалi туды-сюды садовыя мышкi, збiралi расу руплiвыя мурашы i было так цудоўна ў садзе, што нават кружылася галава. Дапiўшы гарбату з маленькага кубачка, Гном падняўся.
— Хутка ўсё збробiм разам, а потым пойдзем у лес, грыбоў у гэтым годзе столькi, што вожыкі запрасiлi дапамогi.
— А ты i вожыкаў можаш зразумець? Я хацела сказаць… вожыкаву мову – запытала Паўлiнка.
— Я ведаю мовы ўсiх лясных жыхароў i таксама хатнiх сяброў. – Сур’езна адказаў Гном.
— А мяне навучыш?
– Навучу, але спачатку прыбяромся ў хатцы.
Праз некалькi гадзiн было ўсе падмецена i ззяла чысцінёй. Свежая вада стаяла ў вядзерцы, ложак быў запраўлеы зялёнай коўдрай iдэяльна, a ўсе рэчы ляжалi на сваiх месцах: тоўсты чамадан — пад ложкам, адзенне — у шафе, а кнiгi — на палiчцы. Не сядзелi, не адпaчывалi, а хуценька нацягнулi гумовыя боты, узялi ў рукi плеценыя кошыкi i пайшлi ўслед за вожыкамi ў суседнi бярозавы лясок.
— Пiльна глядзi сабе пад ногi, у лесе — сваё жыццё i свае правiлы — павучаў сваю сяброўку маленькi чалавечак. — Мы, як на госцi сюды прыйшлi, як прыйшлi цiха, так цiха i дахаты пойдзем. Глядзi, якi я баравiк знайшоў. — i Гном наxiлiўся перад пушыстай елачкай.
— I я знайшла. Бач, якi каляровы: шапачка ўся чырвоная ў белыя кропачкi, а ножка танюсенькая, сапраўдны англійскі джэнтльмен!
— Не, Паўлiнка, гэта кепскi грыб-мухамор. Не трэба яго ў кошык класці, бо ён вельмi атрутны. Лепей нарэж жоўтых лiсiчак, яны даўно ўжо за табой паглядаюць. Вунь пабач, каля бярозкi…
Каля малодзенькай бярозкi, пад апаўшым лісцем, дзяўчынка заўважыла маленькi жоўты гузiк, потым яшчэ некалькі. Лi-сiч-кі! Самыя супольныя грыбы, бо растуць заўсёды разам i цэлымі сем’ямi. I пакуль дзяўчынка збiрала жоўтыя пахучыя грыбы ў свой кошык, Гном паспеў напоўнiць свой крэпенькiмi чорнагаловымi баравiчкамi.
Раптоўна наступiў летнi вечар, на лясной сцяжынцы з’явiлiся доўгія цёмныя ценi, у паветры запахла свежасцю. Побач прайшоў вожык са сваiмі дзеткамi. На спiнках яны неслi многа розных грыбоў, а самы маленькi нават знайшоў чырвоны яблык.
— Пойдзем i мы да хаты, Паўлiнка. Цёмна ў лесе i вiльготна, усе грыбы пахавалiся .
— Раскажаш мне, як ты назбiраў поўны кош каласавiчкоў. Я нiводнага не заўважыла …
За лесам павольна садзiлася сонейка, а па дарожцы iшлi дзяўчынка i Гном. Здавалася, што яны даўнiя прыяцелi i вечар гэта добра ведаў, абгарнаў iх сваёй цеплынёй, як i усё наваколле.

Сяргей Брандт, 11.07.2013

КАЗАЧНЫЯ АПАВЯДАННI ПРА ГНОМА I ДЗЯЎЧЫНКУ ПАЎЛІНКУ – Сяргей Брандт

Частка другая
А ТЫ ЧАСАМ НЕ З АКАПУЛЬКI?
гном и девочка
«Вось i скончыўся мой спакой» — уздыхнуў Гном i прысеў на засланы квятастай коўдрай ложак. Ён добра помнiў, як у адзiн вячор стары гаспадар расказаў яму, што ў вялiкiм горадзе ёсць у яго ўнучка. Такая разумная, такая шустрая … Напэўна яе я сёння сустрэў. Пабачым цяпер, што будзе далей. Затым Гном успомнiў, што не дарабiў да канца яшчэ адну справу — не прапалоў два радкi cунiц i выйшаў зноў у сад.
У садзе было ўсё спакойна, толькi шэравухi заяц, заўважыушы, што Гном пайшоў да cваёй схованкi, спрабаваў сцягнуць трохi маладой морквы.
— Ну i не сорамна табе, абiбок, мог бы i папрасiць у мяне сам. Я ж табе нiколi не адмаўляў. Заёнца засаромеўся i шмыгнуў пад плот…
— На адну хвiлiну толькi пакiнуў сад, a ён ужо тут — прамовiў Гном, полячы сунiчны радок. — За гэтым шэрым заўсёды прыходзiцца пiльнаваць. То ён моркву цягне, то капустку крадзе. Шустры ён вельмi — здзiўлена прыкмецiў чалавечак.
A у хаце, тым часам, дзяўчынка растаўкла шлянку, перавярнула на падлозе палавiк, разлiла вядзерца з рэштай вады i выйшла адпачыць на ганак. Быў цудоўны поўдзень -ласкава свяцiла сонейка, туды-сюды ляталi ластаўкi i … нехта, як вожык сапеў на градках у садзе.
— Можа злодзей малiнку крадзе? — падумала дзяўчынка, ухапiла ў рукi дзiцячую рыдлёўку i на цыпачках пайшла ў сад. Тое, што яна там убачыла, прымусіла яе спыніцца – на сунiчнай градцы працаваў маленькi чалавечак! «Гэтага не можа быць!» — хацелася усклiкнуць ёй, але дзяўчынка раптам для самой сябе прамовiла:
— Дзень добры. Мяне завуць Паўлiнка, а цябе?
Ад нечаканасцi Гном падскочыў на месцы, згубiў сваю матычку i звалiўся ў малiннiк.
— Добры дзень на прыгоды, а ты што мяне бачыш? — адказаў Гном, выглядваючы з-пад куста. A мяне клiчуць… клiч мяне Гном i сцiпла ўсмixнуўся.
Перад iм стаяла смешная дзяўчынка гадкоў можа сямі цi васьмі, са светлымi русымi коскамi, у джынсавым блакiтным камбiнiзоне, у зялёных гумавых боцiках i ў вялiзных сонечных акулярах.
— А ты не з Акапулькi да нас прыехала? — запытаўся Гном.
— Чаму з Акапулькi?- здзiвiлася Паўлiнка — З Мiнску я прыехала, на аўтобусе, потым па лесе пешшу ішла.
— Бачыў я ў нейкiм часопiсе, што ў гэтым сезоне вельмi модныя ў Акапульцы сонечныя aкуляры з вялiзнымi шкельцамi, вось i вырашыў — ты прыехала з Акапулькi. — І Гном у голас шчыра засмяяўся. Разам з iм засмяялася i Паўлiнка:
— З Акапулькi? Якi ты смешны. А ты ведаеш дзе ёсць твая Акапулька?
— Напэўна, яна знаходзіцца пад Мiнскам?- i яны зноў прыснулі са смеху. На рогат у садзе выглянула сямейства вожыкаў:
— Усё жартуеце? А працаваць хто будзе? — i пацягнуліся ўсе разам у суседнi лясок на зiмку баравiчкi збiраць.

Сяргей Брандт, 26.06.2013

КАЗАЧНЫЯ АПАВЯДАННI ПРА ГНОМА I ДЗЯЎЧЫНКУ ПАЎЛІНКУ – Сяргей Брандт

Частка першая
Сустрэча
гном и девочка
Дарагiя хлопчыкi i дзяўчынкi! Сёння я пачынаю расказваць Вам зусiм iншую гiсторыю. Яе мне самому, па вельмi сакрэтнаму сакрэту, паведамiла адна хатняя мыш, калi забягала паласавацца смачным вэнджаным сырам. Дык вось, уладкоўвайцеся зручней у сваiх крэсельцах і слухайце ўважлiва. Я пачынаю…
На хутары, што знаходзiцца непадалёку ад маленькай рэчкi, якая упадае ў сваю чаргу ў лясное возера, на якiм даўно ўжо прыжылiся дзiкiя качкi….Не так патрэбна пачынаць, а вось як.
На адным закінутым хутары мо ужо гады тры не было гаспадара. Хутар быў, а вось гаспадара не было, бо ён пераехаў да свайго сына ў Мiнск. Так ён i стаяў адзiн сабе ў лесе, а побач бегла малая вяртлявая рэчка, нават i не рэчка, а невялiкi раўчук, якi праз некалькi сотняў дробных крокаў упадаў у малое лясное азярцо. На тым азярцы, у самым густым чароце, гнездавалiся дзiкiя качкi. Месца было вельмi цiхае, амаль трыдцаць кiламетраў ад Мiнскай шашы ў бок Вiльнюса. Можа ад таго i гiсторыя гэта здарылася там. Хутар цi, як кажуць старыя людзi, сядзiба, была добрая. Сапрадўная драўляная хата, хлеў на ўскрайку сасновай пасадкi, студзенька-журавель, лазня i невялiкi сад, з дзесятак старых дрэў: яблынькi з грушамi ды некалькi нiзенькiх слiў. Дзе нiдзе тырчалi кусты садовай малiны i агрэста. Дах у хаце быў з цёмнай, месцам пачарнеўшай саломы. A ля самой трубы збудавалi сабе насест буслы. З ранiцы i да вечара чуўся звонкi клёкат руплiвага сямейства.
Дык вось пра што гэта я? Пра тое, што ў дальнiм куце сада пад кустом з цяжкай i смачнай малiнай жыў вясёлы i вельмi добры Гном. Працаваў ён вельмi многа, бо як мы ведаем, гаспадар пакiнуў сядзiбу i паехаў да сына. Вось Гном i даглядаў усё разам: i хату, i сад, i агарод. З першым промнем падымаўся Гном, мыўся халоднай вадой каля студні, пiў гарбату са смачным аўсяным пячэннем, а потым — падмятаў, палоў, палiваў кветкi i кусты. Так было на працягу ўсix гадоў пакуль аднойчы на хутар не прыехаў госць.
Гэта была серада. Гном толькi-толькi замест ранiшняй зарадкi палiў агрэст i дапiсваў святочнае прывiтанне сябру бабру на дзень нараджэня. Ён хацеў яшчэ падмесцi вузкую сцяжынку, як пачуў нейчыя лёгкiя крокi. На парозе хаты стаяла малая дзяўчынка ў вялiзных сонечных акулярах i з парасонам у руках. Каля яе ног быў руды чамадан. Яна адчынiла ключом дубовыя дзверы i зайшла паважна ў сенцы. Гнома дзяўчынка не заўважыла. У хаце было чутнa як разбілася шклянка, потым загрымеў цяжкім стол.
— Спакойныя дзянькі скончылiся — прамовiў Гном i пайшоў ў сад, дзе пад кустом у яго была маленькая зямлянка.

Сяргей Брандт, 23.06.2013

КАЗКА ПРА ЯЛОВУЮ ЛУЧЫНКУ — Сяргей Брандт

Завiруха пачалася знянацку. Нiхто яе i не чакаў, калi на вёску разам з халодным ледзяным ветрам наляцелi цяжкiя ад снегу хмары. Зараўла ў голас, загаласiла, замяла шляхi адразу. Згубiўся пералесак у белым мiльганнi i вёска, накрытая тоўстай пуховай коўдрай, знiкла. А якi быў цудоўны дзень. Марозiк сабе патрэскваў дошкамi плоту, свяцiла добрае сонейка. I што гэта з прыродай зрабiлася, навошта яна гэтак узлавалася на людзей?
1844554_original
З клубамi марознага паветра ў хату ўвайшоў бацька. Ён абтрос з кажуха на дол мокры
cнег i прамовiў:
— Канец свету ды i толькi. Сцяжынку з лесу ў лiчаныя хвiлiны замяло. Гурбы ўжо па пояс, дахаты ледзь дацягнуў свае санкi. I кiнуў каля грубкi доўгi яловы смаляк.
— Навошта, бацька, ты цягнуў яго з лесу? У нас хапае ў сенцах бярозавых дроў — запытаў малы Валодзька, шасцiгадовы сынок гаспадара i падбег да бацькi.
— Завiруха толькi пачалася i сцiхаць не збiраецца, да ранiцы замяце нашу хатку пад самы
дах. Правады парве, такое i раней здаралася, застанемся без свету. Вось смаляк на свечкі i пойдзе.
Валодзька паглядзеў на бацьку — жартуе той, як заусёды, а можа праўду гаворыць? I як гэта з ялiны свечкi можна зрабiць, воску ж няма. Але сеў за стол i пачаў рабiць урокi.
Бацька тым часам шчапаў смаляк на роўныя, даўгiя палачкi i па хаце паплыў густы яловы дух, быццам ялiну з лесу нехта прынёс.
— Вось табе i свечачкi на вечар, можа i хопiць, а там магчыма i завiруха сцiхне.
Раптам маленькая лямпачка некалькi разоў мiльганула i патухла. Хату абгарнула густая цемра, a за акном, як галодны звер, завывала непагадзь, кiдалася ў дзверы, бiла з усёй моцы ў сцяну. Здавалася, што яшчэ трошкi i ўварвецца яна ў хату, залютуе, змяце і замарозiць усе жывое на сваім шляху.
Але што гэта? Каля самага стала ўспыхнуў агенчык i асвяцiлася хата. Бацька трымаў у руках запаленую палачку, яна i давала такое дзiвоснае, казачнае святло. Цемра схавалася пад грубку i ложак. І што не спрабавала зрабiць на двары завiруха — было зусiм не страшна.
— Лучынка ў доўгую зiмовую ноч заўсёды народу дапамагала. Пры ёй пралi жанкi кудзелю, ткалi на кроснах, варылi ежу i сустракалi гасцей. Яе святло назаўсёды засталося ў нашых сэрцах, як знак барацьбы з холадам i змрокам. Маленькая, але святла хапае, каб хату асвяцiць.
З гарышча, з-пад няшчыльна зложаных дошак на стол пасыпаўся жоўты пясок. У грубцы гарэлi бярозавыя дровы. У хаце было цёпла i суха.
— Злуйся, халодная завiруха, але я цябе зусiм не баюся. Палохай у полi свае гурбы снегу,
a ў лесе — бедных звяроў — прамовіў Валодзька, засыпаючы ў ложку. I ў сваiм дзiцячым сне бачыў, як малая лучынка адганяла ад хаты вялiкае мноства снежных ваўкоў, а тыя, пабачыўшы яе жоўтае святло, хавалiся, хто — пад вялiкiя гурбы снегу, хто — у цёмны лес, а хто i за далёкую рэчку.
Святло тоненькай лучынкi дзялiлася ўсiм добрым з хлопчыкам, вучыла не палохацца цемры і спадзявалася, што яно назаўжды застанецца ў памяцi сына гаспадара. Вырасце Валодзька i стане … Але ж прабачце, гэта будзе ўжо зусiм другая гiсторыя.

Да пабачэння, дарагiя мае чытачы, да наступнага разу.

Сяргей Брандт, 22.06.2013