Было гэта даўным даўно, калі хвоі, што падпіраюць сваімі кронамі сталёвае неба, цяпер былі зусім малымі, квёлай пасадкай, а не старажытным лесам. У тыя дзіўныя часы здараліся розныя прыгоды і ніхто не заўважаў побач нічога нечаканага.
Дык вось аднойчы адзін вельмі бедны вясковец перад Сёмухай працаваў цалюткі дзень у пана. Працы было шмат: касіў траву і з мокрай лагчыны на ўзгорак выносіў. Махаў і махаў касою, пакідаючы пасля сябе роўненькія радкі.
Пот халодны, знічкі ў вачах, напрацаваныя, здранцвелыя ад цяжару рукі. Наш жа хлопец Міхась вельмі хацеў грошай зарабіць, каб світку новую купіць потым, ды у суседнюю вёску схадзіць, на дзевак чужых паглядзець, мо якая і спадабаецца. Але мінуў ужо поўдзень, сонца пачало скачвацца за лес, а панскай брычкі ўсё не было. Калі стала цямнець, плюнуў хлопец сабе пад ногі ды да сваёй хаты падыбаў. Грошай сёння ніхто плаціць і не збіраўся. Каля тарфяной канавы, дзе сяляне сабе на зіму паліва капалі, пачуў ён нейкае ціхае барматанне. Аглядзеўся юнак і бачыць каля самой, як тая кава вады, сядзіць маленькі дзядок з клуначкам і ў голас енчыць:
— І як цяпер жыць далей, куды мне падацца? Колькі гадоў я хату вартаваў, зло не ўпускаў, за дзеткамі глядзеў, па начах жывёлу ў хляве ад ваўкоў бараніў і нічога не атрымаў ад гаспадара за сваё сумленне.
Міхась побач стаў, а потым і прысеў каля дзядка і, не здзіўляючыся нічому, запытаў:
— Чаго смуткуеш стары, можа я табе чым дапамагчы змагу? Заўтра свята вялікае, не трэба слёзы ліць, лепш распавядзі мне пра сваё ліха.
Расказаў тады Мікіта (так клікалі хатняга дамавіка) пра тое, што сёння яго гаспадар з хаты
прагнаў за скіслае ў крынцы малако, што ў сянях стаяла. Дык гэта не яго віна была, а малога сынка гаспадарскага, які малака адпіў ды вадой халоднай разбавіў. І як не спрабаваў Мікіта апраўдацца, толку не было зусім. Толькі пачуў ён: “Збірай свае манаткі і ідзі ты з маёй хаткі”.
— Сяджу цяпер, Міхаська, я каля вады ўвечар і ў голас плачу. Што далей рабіць нават не мяркую.
— А ты, дзядзька, адкуль ведаеш як мяне завуць.
— Мой даражэнькі, пражыўшы столькі гадоў, ведаю я вельмі многа.
— Дык пайшлі тады да мяне, чаго тут у поцемках сядзець, калі ёсць хата з печкай ды стол з
лавамі. А на вячэру трохі бульбачкі печанай засталося. Пойдзем да мяне, Мікіта.
На тым і згаварыліся, хуценька падняліся і пашыбавалі абодва да вёсачкі, якая ўжо свяцілася жоўтымі агеньчыкамі ў вокнах. Добра, калі ў стылую вясновую ноч ёсць да каго ў госці заглянуць і як добра, утульна каля грубкі, якая шуміць лагодна полымем.
Міхась адразу розных трэсак у печ закінуў, потым запаліў каганец і прынёс з паветкі ахапку бярозавых паленняў, распачаў падлогу падмятаць, але Мікіта яго прыпыніў знянацку:
— Пачакай, хлопча, пачакай! Не трэба падлогу вечарам у хаце прыбіраць, ды смецце з хаты выносіць пасля заходу сонца. Вось чаму ты так бедна жывеш.
— А калі мне прыбірацца, калі я сёння з самай раніцы да самай цемры на панскім полі камяні збіраў.
— Ты, Міхаська, пасядзі лепей на лаве, бульбай павячэрай, а я пагляджу тваю гаспадарку ці ўсё ў цябе добра.
— А што там глядзець: хата старая, паветка з дровамі на бок завалілася, вада ў студні нейкая зялёная па вясне зрабілася. З раўчука ваду цяпер бяру і ў бочку зліваю.
Можа стаміўся вельмі хлопча, а можа здалося яму, што Мікіта раптам у ката ператварыўся
і праз дзверы на двор хутка выскачыў. А потым прыемная цяплыня разлілася па ўсёй хаце, датыкнулася да зморанага Міхася і пацягнула яго за сабой спрытна ў салодкі сон.
І не заўважыў хлопец, як нехта прыбраў хату, вымеўшы ўсё смецце, якое збіралася не адзін год, памыў і адпрасаваў шэрыя фіранкі, а таксама і саматканыя палавікі чысціней упрыгожыў. Шыбкі зрабіў зусім празрыстымі, падбяліў грубку, стол ільняной новай сурвэткай накрыў, а далей ужо, як у казцы было.
Прачнуўся Міхаська ранічкай, вочы расплюшчыў і здранцвеў, бо не пазнаў сваёй хаты.
Жыллё ззяла чысцінёй, у памытыя вокны лілося сонечнае святло, а на стале было столькі прысмакаў, што разбягаліся вочы. Побач ля лавы ляжала новая вопратка і стаялі чорныя скрыпучыя скураныя боты. На печцы стомлена спаў дамавік Мікіта, які цалюткую ноч разам з лесавіком са студні зялёную ваду цягаў. Потым яны злыдняў з усяго двара ў поле перасялялі, старую паветку рамантавалі, ды стол рознымі прысмакамі накрывалі.
— Спі, Мікіта, ніхто твой сон не патурбуе. Потым увечары і пагаворым разам, — ціха прамовіў Міхась і хутка, апрануўшыся, выйшаў з сваёй хаты ў сваё новае жыццё.
Калі ў вашым жыцці здараецца сустрэць дамавіка і ён застанецца жыць з вамі, то гэта
і ёсць самы сапраўдны цуд. Нашы продкі верылі, што ўсё добрае ў хаце толькі дамавік можа зрабіць. І калі верыць у яго шчыра, то ён ніколі цябе ў бядзе не пакіне
Працяг будзе.
Сяргей Брандт, 21.04.2014