УСТУП
Дзе сканчаюцца сцяжынкi
Стаiць дуб, яго галiнкi
Над ракою навiсаюць,
Хмаркi цяжкiя трымаюць.
Стаiць дуб, рака не спiць
Колам старым млын рыпiць.
Там, дзе ўнiз ляцiць вада,
З пены жоўтай барада.
Казак млын усялякiх мае,
Казкi — скарб рачнога краю.
Б’юцца i смяюцца хвалi,
Зоркi у тонях свет схавалi.
Жабка скача, што ей ночка,
Слухай казку пра паночка….
ЧАСТКА ПЕРШАЯ І НЕ АПОШНЯЯ
Звiнiць, зацiхае маленькi iскрысты званочак,
На конiку едзе кудысьцi старэнькi паночак.
Ноч абдымае абшар, небагляд хрусталёвы,
I шлях цераз лес накрывае коўдрай сталёвай.
Рыпiць вазочак абадком i пяе cвае песнi,
Туман памiж мхоў мокрыя хусткi развесiў.
I змрок дагары, i не блiсне далёкi агеньчык,
Да ранiцы спiць за гарою кiрпаты праменьчык.
Месяц, як шабля, здзiўлена ўнiз пазiрае,
Куды едзе воз той? Што ноччу ў лесе шукае?
А стары панок, нагарнуўшы на ногi саломы,
Заснуў i не бачыць, што шлях ужо невядомы.
Вазок вязне коламi ў чорным халодным балоце
I ценi, як зданнi, стаяць у замерзшым чароце.
I грукае жах уначы i з бакоў, кругалля абступае,
А след ад вазка на зямлi старанна лiсцем сцiрае.
Цiха ў полi — нi звону, нi скрыпу, нi груку,
Водзяць зданнi вазок, як сляпога па кругу.
I галосiць ля леса птушка крыкам жахлiвым,
Апусцiўся да долу туман у паклоне маўклiвым.
Сяргей Брандт, 17.11.2012