Быў сабе вол, баран, гусак і пеўнік.
Надыходзіла зіма, дык вол i кажа:
— Ведаеце што… зіма надыходзіць, холад будзе, — трэба хатку ставіць.
Дык тыя на яго напалі:
— Выдумаў ліха ведае што! У нас ёсць пер’е, у барана — воўна, то мы й не памерзьнем. Дык стаў сам, калі такі майстра.
— Ну, як сабе хочаце, а я сваё зраблю, — адказаў вол.
I паставіў сабе хатку, нанасіў сена, саломы, ляжыць сабе, як пан.
Вось надыйшла і зіма з марозам. Прыбяжалі да яго пеўнік, баран і гусак.
— Пусьці нас, дзядзька, у хатку, такі мароз, што памерзнем мы!
А гусак падняў ножку й кажа:
— Бач, дзядзька, якія ў мяне ножкі чырвоныя! Зараз паадпадаюць…
— Ах вы, — кажа вол, — гультаі! Ня пушчу! Як хатку дык няма каму ставіць, а як пагрэцца, то ёсьць каму!
Але пачалі баран, гусак ды пеўнік лемантаваць, прасіцца: «А мой дзядзечка, а мой даражэнькі, а мой гэтакі!..» — дык вол пашкадаваў і пусьціў.
Пеўнік адразу ж палез на печ грэцца, гусак па хаце ходзіць ды ўсё тупоча, каб ногі разагрэць, а баран лобам у сьцяну лупіць — грэецца. Вол тым часам есці ім варыць.
Ано ж прыходзіць да іх воўк…
I толькі адчыняе дзверы, а баран як вытне яму лобам, ды гусак давай шчыпаць, а вол рагамі, а певень на печы крычыць: «Ка-ка-рэ-ку! Ка-ка-рэ-ку!».
Воўк наўцекі адтуль як панясецца да сваіх… Прыбег і кажа:
— А мае ж вы браткі, мае саколікі, гэта ж у лесе кавалі хатку паставілі — паўнютка кавалёў! Як увайшоў, дык адзін мне молатам як даў, другі віламі зялезнымі, трэці давай шчыпцамі ціснуць, а яшчэ адзін з печы ўсё крычыць: «Ды падавайце ж мне яго сюды! Падавайце ж мне яго сюды!»
Мала я не абамлеў. Маю шчасце, што гэтак ня было, бо, каб ня дай Божа, той з печы зьлезшы, дык чыста з мяне скуру здзёр бы!..
***
Дарэчы, дзеткі, 2009 год, які сёння на двары, — гэта год Быка (альбо каровы ці вала).
Чым жа ён такі характэрны і адрозніваецца ад іншых?
Паводле легенды, вала абралі другім з 12 іншых жывёл за яго спагадлівасць, бясконцую дабрыню і працавітасць.
Бык — маўклівы, стрыманы і марудлівы, дакладны і метадычны, пад гэтымі вонкавымі прыкметамі хаваецца арыгінальны розум і інтэлект. Гэта таксама хутчэй кансерватыўны знак, бо ён не трывае шмат новага — новаўвядзенняў, якія трывожаць яго спакойны дух.
Яшчэ Быка характарызуе клопат аб сям’і, сям’я Быка квітнее і ён з’яўляецца яе магутнай апорай.
Бык – гэта знак прыхільнасці традыцый, працаздольнасці, уладарнасці. У кожнай хаце сёлета павінен быць знак Быка, бо гэта заклад росквіту і дастатку на ўвесь год.
Каментаваць