Усе рубрыкі

ЯК ЧОРТ САБЕ НЯВЕСТУ ШУКАЎ — Сяргей Брандт

Летнi вясковы дзень, стамiўшыся ад невыноснай спякоты, павольна аддаваў сваю ўладу лагоднаму цiхаму вечару. Ужо пацягнула халадком ад густа-заросшага асакой балотца i галодныя камарыныя войскi закружылiся над галовамі жывёл i людзей. Спасу ад iх няма, адным толькi смаляным дымам можна затрымаць крывасмокаў на некалькі хвiлiн. А потым зноў пiшчаць над вухам і спрабуюць пралезцi за каўнер. Але ж як хораша навокал: водар скошанай канюшыны плыве ад лесу i ў вокны памаўзлiва заглядае. Шкадлiвыя ценi падыйшлi да хлява i, прытамiўшыся, прыселi на паркан трохi адпачыць. З поля прыгналi каровак i iх сытае мыканне цяпер вiсiць над вёскай добрай малiтвай. Яшчэ гадзiна, можа болей, i цемра праглыне вёску з невялiкай сцяжынкай, стагi духмянага сена, якiя стаяць амаль каля агародаў i пакрые ўсю зямлю вiльготным змрокам. Будзе гэта пазней, а цяпер яшчэ крыж драўляны бачны, што стаiць на скрыжаваннi i зорка на небе толькi адна загарэлася. Нехта запалiў на двары лiхтар, нехта ў голас заспяваў i нават птушкi, пачуўшы спеў, змоўклi ў сваiх гнёздах.

Напэуна хутка сустрэнемся зноу песня перевод

Менавiта ў гэты час i спяшалася да сваёй хаты маладая дзеўка, якая працавала ў аднаго пана цялюткi дзень у полi — жыта жала. Прыпазнiлася, калi збiрала збажыну ў снапы, i каб не рабiць ладны крук, пайшла маладзiца на цянькi праз заросшае вострай асакой маленькае балотца. А чаго тут баяцца — маладосць яна такая, потым думаць пачне, а цяпер часу зусiм няма. Спяшаецца дзеўка, не iдзе — бяжыць скрозь туман, а ён ёй ногi босыя, як шчаня неразумнае лiжа. Амаль да сяродкi дабегла i бачыць, што каля куста дзiкай смародзіны цень шавелiцца, прыгледзілася — не здалося, чалавек нейкi сапраўды стаiць. Падумала яна тады: “Можа хто з вяскоўцаў зёлкi шукае цi на канавах бучы для рыбы ставiць”. Блiжэй падыйшла i пачула прывiтанне: “Добры вечар, красуня. Што ў поцемках на балоце шукаеш?” — Голас прыемны, цiхi i незнаёмая дзiўная мова, на такой мове, напэўна, толькi стогадовая бабця Альжбета ў вёсцы размаўляе. – “Прывiтанне i табе, добры чалавек. Вось пасля працы ў пана дахаты iду, спяшаюся вельмi.”
На небе нехта зорак жменьку высыпаў, відней нават стала. Перад ёй стаяў высокi i дyжы незнаёмец, вопратка старая, але дагледжаная: кашуля з тонкай бавоўны, кветкамi жоўтымi вышыта, камзол доўгi, да самай зямлi, з сукна дарагога замежнага i капялюш на галаве з прыгожым птушыным пер’ем. Штаны фельдзiперсавыя ў пасачкі, а якi абутак так i не ўбачыла, туман густы да самых кален падняўся. I ўразiлi дзеўку вочы незнаёмца: нейкiя чорныя, як вада ў балоце — жывая i таемная, ды барада — такой выразнай барады нават пан Грузлiнскi не меў, бо па модзе вiленскай бароды густыя былi ў шляхты не ў павазе.
“Можа я цябе, кветка, да ўскрайку правяду — я месцы гэтыя добра ведаю” — прапанаваў мужчына. “Правядзiце, заможны пан, бо нешта страшна мне робiцца,” — прамовiла дзяўчына.
Так i пайшлi: высокi незнаёмец спераду, а напалоханая дзеўка — на два крокi ззаду. Цiшыня звiнiць, туман пяты ад крапiвы агортвае, ценi ўздоўж канаў паўставалi i чорныя свае адросткi да зорак працягнулi. Кажаны пачалi лятаць над галовамi i ўсхлiпваць жалобна. Абярнуўся назад чалавек i запытаўся цiхiм голасам сваiм: “А цi маеш ты любага, дзяўчына? Цi хадзiлi да цябе сваты? Можа ты ўжо заручаная?”
На што маладзiца адразу адказала: “Не, не маю я яшчэ любага, бо толькi сямнаццаць вёснаў мне. Мiне год — прыйдуць сваты i ў нашу хату, мне гэтак бацька абяцаў”.
Прыпынiўся незнаёмец, нешта з кiшэнi дастаў i кажа дзяўчыне здзiўленай:
“Добра, мiлая мая, я пачакаю — год пройдзе хутка i сватоў да цябе прышлю. Трымай ад мяне пярсцёнак у падарунак i памятай — праз год у гэты час, на гэтым месцы сустрэнемся мы зноў i пойдзем, мая дарагая, да шлюбу. А цяпер мы заручаныя”.
Прамовiў гэта чалавек i павольна ў паветры знiк, але паспела дзяўчына яго ногi пабачыць:
i не ногi гэта былi, а капыты, падобныя да звярыных i доўгi чорны хвост, якi ён ўвесь час за сваёй спiной хаваў.
Як яна потым да хаты дабегла — не памятае, а вось пярсценак не згубiла, старой Альжбеце ранiцай паказала. “Ведаю я гэты пярсцёнак, знаёмы ён мне — гадоў восемдзесят назад сватаўся да мяне адзiн замoжны пан з Кракава. Вечарам сустрэла я яго на тарфяным балоце. Толькi зразумела я тады, што гэта чорт сабе нявесту шукае. У вёску зайсцi ён не можа — крыж перад хатамi стаiць. Адно яму застаецца — у поцемках маладзiц сустракаць i да шлюбу iх весцi. А пярсцёнак яго кiнь ты, дачушка, у вiр на рэчцы, ён там i жыве. I болей адна праз балота вечарам на цянькi не хадзi”.
Адзiн засмяецца, прачытаўшы маю гiсторыю i скажа: “Хлусня гэта ды i толькi!” Другi прамаўчыць, нешта сабе мяркуючы. Не ўсё тое, што мы не ведаем, не iснуе навогул, многа яшчэ ёсць на нашай зямлi пытанняў таемнасцi, глыбока схаваных пад цяжарам часу. Можна прайсцi побач i нiчога не заўважыць, а можна нечакана сустрэцца i перагарнуць новую старонку свайго жыцця. Да новых сустрэч, мае дарагiя чытачы! Да пабачэння!

Сяргей Брандт, 09.06.2014

1 казачнік нешта сказаў ЯК ЧОРТ САБЕ НЯВЕСТУ ШУКАЎ — Сяргей Брандт

Каментаваць

  

  

  

Магчыма карыстацца гэтымі HTML тэгамі

<a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>