Усе рубрыкі

Знічка-невялічка. Сяргей Брандт

Жыла некалі вельмі даўно на адным лясным хутары знахарка-лекарка. Хутар той каля самой пушчы знаходзіўся, побач з невялічкім, як дзівоснае люстэрка, возерам. З усіх бакоў жыллё ад дурных позіркаў, ад шалёнага паўночнага ветру густы ядлоўцавы хмызняк закрываў. Хто не ведаў пра маленькую сцяжынку, якая хавалася сярод стогадовых елак і дубоў, той і не ведаў, дзе знаходзіцца жыллё знахаркі. А жанчына для людзей многа добрага паспела зрабіць: ратавала ад цяжкіх хвароб дарослых і дзяцей, страшныя сны вылівала гарачым воскам і папярэджвала заўсёды аб сухавеях і завірухах калючых. Ні днём, ні ноччу не было ў лекаркі вольнага часу за працай сваёй. Але як кажуць мудрыя старыя: “Добрая справа ніколі ў памяці не застаецца”.
Нехта чорныя думкі ў сваім сэрцы схаваў, а потым шлях да нядобрага чараўніка знайшоў. Грошай нават важка адлічыў, каб чары несусветныя на знахарку наслаць. А была ў той жанчыны дачушка гадкоў шасці, з лагодным чыстым сардэчкам, вельмі здольная ў навучанні і спрытная ў працы. Матуля яе іскаркай клікала, бо тварык маленькай дзяўчынкі заўсёды нейкім цёплым святлом зіхацеў.

зорка

Ну дык вось, пачаў гэты чараўнік чытаць закляцце з кнігі, зробленай са шкуры людской, каб ператварыць лекарку ў нейкую страшную пачвару і нават да сярэдзіны чорны рытуал давёў, але раптам месяц, які вісеў у небе начным, дакрануўшыся да злыдня, усе нікчэмныя словы знішчыў і ў бок ад жанчыны адштурхнуў. Паляцела закляцце не на жанчыну, а на малую, што побач стаяла. Але нічога не змаглі зрабіць чары – чыстая яе душа была, яшчэ не сапсаваная. Не ў пачвару цяжкае закляцце ператварыла сваю раптоўную ахвяру, а ў прыгожую, зялёнага колеру, знічку-невялічку. Узляцела яна ў начное цёмнае неба і там побач з вялікай блакітнай зоркай засталася. А тое, што не змагло дакрануцца да малой, назад да чараўніка вярнулася і згарэў вядзьмар, як сухая яловая лучына, ў адно імгненне, нават попелу смярдзючага пасля сябе не пакінуў. Як жыў, так і знік, ні кветак табе, ні добрай дамавіны.
Часу з таго выпадку вельмі многа мінула, пачалі людзі забывацца, што здарылася з лекаркай і яе дачкой. Ды толькі тая знічка ўсё часцей папярэджвала людзей, прыходзячы ў сон да маленькіх дзетак кожную суботу, аб хваробе цяжкай, якая на зямля родную з захаду надзвігалася і тлумачыла, што трэба рабіць, каб прыпыніць невядомую хваробу. Малыя потым бацькам сваім раніцай убачанае і пачутае перадавалі. Бацькі ўголас смяяліся: “Чаго толькі дзеткі нашы не прыдумаюць пасля спякотнага летняга дня!”
Смяяліся, смяяліся ды потым заўважаць пачалі: спачатку каровы захварэлі і малако знікла, затым козы, сабакі і куры занядужылі. Прыйшла чарга людзей зорачку малую прасіць, каб абараніла іх хаты і сем’і вялікія. У поўнач, калі месяц худы і тонкі быў, растрасла знічка-невялічка над родным краем сваім нейкія таямнічыя залатыя знакі-рыскі, адгарнула ад людзей жудаснае паветра з хваробай, святлом сваіх зялёных праменьчыкаў усё нядобрае знішчыла. Да самай раніцы над лесам яна вісела, а потым ў ранішнім паветры, два разы людзям лагодна падмігнуўшы, зусім знікла.
Кажуць, што пакуль усё добра на зямлі і ў душах нашых, спіць знічка недзе вельмі далёка, далёка. Але, як толькі пачнуць чорныя хмары набліжацца да зямелькі беларускай, узыдзе яна раптам побач з вялікай блакітнай зоркай, каб дапамагаць і ахоўваць народ наш. Калі вы яе не бачыце, значыць не ўсё так кепска з намі. Не пагублялі яшчэ мы сваё чыстае сумленне, пяшчоту і дабрыню сваю. А душы нашы яшчэ не высахлі і не счарнелі. Да пабачэння, але не забывайце паглядаць наверх.

Сяргей Качанаў-Брандт, 10.03.2015

Зязюля. Сяргей Брандт

Пад вячор зязюля лiчыць,
Дзетак сваiх горка клiча.
Змрок пагоркi абгарнае,
Птушка плача, не спявае.

gkukushka1

Колькi было гэтых вёснаў?
Па чужых малыя гнёздах.
Золкaм ля ракi цярушыць,
Але ж праўду не парушыць.
I ляцiць плач над узлескам,
Там, дзе выраслi пралескi.
Пад вячор зязюля лiчыць,
Дзетак сваiх горка клiча.

Сяргей Качанаў-Брандт, 10.03.2015

З днём святочным i жаночым! Сяргей Брандт

Хлопчык трэ далонькай вочкi,
Ён змарыўся i спаць хоча.
Штосьцi клеiць ды фарбуе
Але цiхЕнька, каб не чулi.

мальчик

Збудаваў для птушак хатку,
Над дзвярмi — зялёным латка.
Мацi ранiчкай прачнецца
I адчынiць насцеж сенцы.
Птушкi ўголас заспяваюць,
Спевам цудным прывiтаюць.
Мы вiншуем, з намi хлопчык,
З днём святочным i жаночым!

Сяргей Качанаў-Брандт, 05.03.2015

Апошняя завiруха. Сяргей Брандт

Пацягнула цьмяна-чорным,
У паветры кропкi льду.
I панесла, як гаротным,
Дробным снегам праз ваду.

DP4xaxmCuws

Зараўлi здзiўлёна дрэвы,
Птушак нават не чуваць.
Адчынiла зiма дзверы,
Каб на тыдзень ачуняць.
Кружыць i мяце па кругу
Снегам дробным праз ваду.
Стогне зверам завiруха,
У паветры кропкi льду.

Сяргей Качанаў-Брандт, 24.02.2015