Усе рубрыкі

МАЙСТАР ЦУДОЎНЫХ ГАБЕЛЕНАЎ — Сяргей Брандт

Гiсторыя, якая вельмi падобная на казку

Гэта былi тыя часы, калi простыя людзi жылi побач са старажытнымі багамi. Арэ мужык зямельку цi збiвае ў валкi скошаную канюшыну, багi заўсёды побач з iм то ў вобразе шэрага зайца пад зялёным кустом, то ў вобразе гаварлiвай вясёлай птушкi ў сiнявокiм небе. Пойдзе дзеўка па ваду да ракi — сонейка ласкавае яе з усiх бакоў святлом i цяплом абдымае, а ўначы свавольнiк-ветрык адчыне акенца i прабяжыць хуценька па хаце, як быццам нечым лёгкiм грубку i ложак абгарне. Але разумеюць людзi — гэта бог Cонца зямлю ад усяго нядобрага захоўвае, а бог Вецер лётаючы над зямлей, збiрае навiны i потым раздае iх сялянам пад вечар. I кладзе ў куток рука кавалачак цукру цi лье парное малако
ўначы пад вароты, ведаюць старажылы — нiколi не пакiне ў бядзе бог, якому яны ў голас моляцца i пачастункi кожны дзень ахвяруюць.
i_001

Гэта былi тыя часы, калi прыгажосць жыла побач з праўдай, а хлусня дзялiла свой ложак разам з пачварствам. Даўно гэта было, вельмi даўно, нават самы стары дуб у лесе не успомнiць пра тыя чароўныя старажытныя часы. Дык вось жыў у адным лясным краі Майстар, ткаў ён габелены з розных траў, палявых кветак i свету начнога. Кожны са звяроў дапамагаў яму чым толькi мог — зубры на сваiх магутных рагах зорачкi прыносiлi, ваўкi туман сцераглi, каб ён побач у Майстра пад рукой знаходзіўся, маленькiя вавёркi iглiцу апаўшую збiралi ды ў кошык плецены роўненька скiдвалi, калi патрабуецца раптам сшыць вясёлы лясны гоман разам з золкiм шэрым свiтанкам.
Добры гэта быў чалавек, заўсёды людзям дапамагаў: народзiцца дзiцятка ў сялянскай сям’i, ён адразу падарунак прышле — коўдру мяккую з цёплага i лагоднагу iмху, на якой такiя выразныя фарбы, што не плача малое нiколi, а толькi вочкамi сваiмі шырока-расплюшчанымi на дзiва дзiўнае паглядае. А калi вяселле па вёсцы пяе i танчыць, паглядзiце на нявесту маладую, на яе, як воблака легкую пасля дажджу сукенку. Пералiваецца яна пад сонечнымi праменямi, як каштоўныя замежныя камянi, як заморскiя перлы з караламi i не дзяўчына здаецца iдзе пад вянец, а дачка малодшая нейкага заможнага бога. Смяюцца людзi i ад смеху iхняга на сэрцы вельмi добра робiцца, хочацца i самому добрае рабiць i другiм дапамагаць.
Слава пра творы майстра нават далёкiя замежжы закранула, пачалi каралi розныя ды прынцы сабе габелены шукаць, вялiкiя грошы плацiлi, толькi не маглi iх каля сябе утрымаць, бо ў сквапных i агiдных руках парухнелi раптам габелены i смеццем шэрым станавiлiся.
Ды быў яшчэ адзiн вельмi дрэнны гаспадар паўночных зямель, ён не шукаў, каб нешта купiць, ён прыходзiў са сваiм незлiчоным войскам i ўсё сабе забiраў. Напаў Чорны Гаспадар аднойчы на край, дзе жыў Майстар i абрабаваў яго за адну толькi ноч, бо народ месцячковы нiколi ў свaiх руках зброi не трымаў, акрамя сякеры цi рыдлёўкi. Загадаў ён прывесцi Майстра да сябе i адразу жаданне сваё прамовiў — за тры днi i тры начы павiнен чалавек яму габелен зрабiць i такi, каб той, хто яго мець будзе, усiм светам валодаў бы, а не дык спалiць Чорны Гаспадар лясы, лугi, рэчкi i азёры, попелам засыпле, а народ увесь у палон возьме на часы вечныя.
Што рабiць застаецца — пайшоў Майстар у лес, сабраў усiх звяроў, птушак нават самых маленькiх i разам яны да старажытных багоў сваёй зямлi з прамовай звярнуліся.
Дапамаглi словам мудрым сваiм багi, але папярэдзiлi Майстра — за тое, каб на зямлю зноў спакой ды мiр усталяваліся, павiнен ён сваё жыццё за людзей аддаць. Згоду выказаў Майстар.
Тры дні i тры ночы працаваў амаль без перапынку чалавек: лес, неба, воблакi i нават свавольнiк-ветрык — усе дапамагалi яму. I па сканчэнні трэцяй ночы, пад самую золкую ранiцу, саткаў Майстар свой дзiўны габелен. Вісеў ён у паветры, як жывая iстота, i нават полымя вогнiшча, гледзячы на яго, не магло гучна ўздыхнуць. А зорачкi нават апрытомiлi ад такого незямнога хараства. Невядомыя нiкому рыскi i знакi, неверагодныя фарбы ляглi цудам у аснову габелена.
Праца была завершана, прыскакаў на канi Чорны Гаспадар, але слова свайго трымаць не стаў — загадаў палiць вёскi, людзей у палон браць. Закрычалi, залямантавалi жанчыны, заплакалi ў голас дзецi, мужыкі за калы ўзяліся, але як затрымаць войска незлiчoнае?
Толькi Майстар каля габелена адзiн застаўся, спачатку хмурны быў, а потым усмiхнуўшыся, песню незнаёмую заспяваў i над лесам сонейка жоўтае ўзыйшло. Здалося быццам увесь лес яркае полымя ахапіла. Промнi сонечныя па вадзе прабеглi i зазiхацела рака таксама. Залатыя хвалi залiлi абшары i пагоркі, якiя яшчэ салодка спалi i, як толькi залатая хваля прайшоўшы над самым лесам, дакранулася да жывога габелена сваiм святлом, пыхнуў той бязгучна i знік у полымі сонечнага ранку. А разам з iм знiклi, як мoкрыя плямы халоднага туману, i Чорны Гаспадар і войска яго вялiкае, быццам i не было iх нiколi.
Людзi пачалi дзякаваць Майстру, але i ён таксама некуды знiк… Толькi над лесам раптам з’явiлася цудоўная расфарбаваная вясёлка. Яна вiсела над зямлёй i разам з сонейкам дарыла ўсяму жывому такую пяшчоту i цяпло, што хацелася дакрануццца да яе ўсiм сваiм сэрцам.
Напэўна, гэта багi з удзячнасцю за сваю ахвяру Майстра ў вясёлку ператварылi, а можа ён сам так зрабiў, каб не было спакусы дрэнным людзям яго творы для дрэнных спраў сваiх выкарыстоўвываць.
Гэта было ў тыя часы, калi людзi не забываліся пра смак сваёй роднай мовы, з нейкай таямнiчай асалодай распавядалi дзецям казкi i спявалi свае цудоўныя песнi, калi кожнае слова набывала сваю моц i сэнс толькi на роднай зямлi, калi моладзь паважала старых i, калi побач з людзьмi жылi старажытныя бaгi.

Сяргей Брандт, 08.06.2014

Цудны сон — Сяргей Брандт

Прыцягнуць водар ад ракi
Духмяных траў, смалiстай хвоi,
На сваiх крыльцах матылькi
I растрасуць з дажджом па полi.

цудны

Вясёлкi дзiўнай круглы дах
Над лесам сцягам застанецца.
I з родным спевам на жнiвах
Кране абшар лагодна сэрцы.

Дзень за пагоркам прападзе,
Пракрочыць пыльна па сцяжынцы.
А зорак жменька на вадзе
Прымерыць вабныя хусцiнкi.

Такi вось летнi цудны сон,
Якi праз вокны срэбрам льецца.
З язмiнам, што памiж акон,
З цянямi, што ўвайшлi ў сенцы.

Сяргей Брандт, 07.06.2014

Андрэй Мясткоўскі. ЗЯЛЕНЫ СВЕТЛАФОР.

Ішла ў дзіцячы сад дзяўчынка Алёнка са сваімі лялькамі — Медзведзянем і Ліскаю. І трэба было ім перайсьці вуліцу. Вось і кажа дзяўчынка Алёнка Лісцы з Мішам:
— Не ідзіце цяпер, бо трэба чакаць, пакуль светлафор зяленым святлом засвеціцца.
— А калі мы хуценька? — адказваюць Ліска з Мішам.
Ды й пабеглі.
А ехаў па дарозе Зайчык на машыне. Ен ехаў вельмі хутка і не паспеў затармазіць.
Бачыце: у Зайчыка разбіта вушка, Мядзведзяняці лапу адарвала, Лісцы — хвосцік.
Прыехала хуткая дапамога.
Забраў лекар Мішку, Ліску і Зайчыка і павёз у бальніцу.
Плача Ліска. Плачуць Мішка з Зайчыкам.
Ўжо не гуляюць яны ў двары, а ляжаць у бальніцы.
Вельмі шкада іх дзяўчынцы Алёнцы.
— Больш ніколі-ніколі не буду так вуліцу пераходзіць, — кажа дзяўчынцы Аленцы Мішка.
— І я… — абяцае Ліска.
І ўжо цяпер, сапраўдна, як выйшлі яны на вуліцу, то чакаюць, калі на светлафоры будзе зяленае святло.
— А цяпер хадзем, — кажа дзяўчынка Алёнка.
І яны пайшлі. А ў дзіцячым садку распавялі дзеткам, калі можна пераходзіць вуліцу: толькі тады, як светлафор зяленым агеньчыкам засвеціцца.

(Пераклад з украінскай Максіма Надтачэя.)

 

IMG_0001IMG_0002IMG_0003IMG_0005IMG_0006IMG_0007IMG_0008IMG_0010IMG_0012IMG_0014IMG_0015IMG_0016

 

ЛIХТАРЫК НЯБЕСНАГА СУМЛЕННЯ — Сяргей Брандт

СУЧАСНАЯ КАЗКА Ў ПАМЯЦЬ МАЛЕНЬКАГА ХЛОПЧЫКА ПЕЦI НАДТОЧАГА
УСТУП
За чалавечыя нявiнныя душы, амаль трыдцаць тысячагоддзяў, вядуць несканчаемую смяротную барацьбу памiж сабой толькi дзве сiлы — Святло i Цемра. Які бок прымеш ты, новы чалавек, калi народзiшся? Што табе болей спадабаецца — несцi ў сабе светлыя пачуццi i мары для ўсiх цi, зрабiўшы сваё сэрца каменным, застацца назаўсёды ў бяздоннай цемры абыякавасцi? Гэта пытанне заўжды будзе стаяць перад кожнай маленькай iстотай, якая паспрабуе прыйсцi ў наш свет з далёкiх i мудрых нябёсаў. Дабро, Сумленне, Мiласэрднасць ляжаць на адных шалях вагаў, на другiх – Хлусня, Зло, Абыякавасць. Калi ўсё гэта мае раўнавагу, то на Зямлi iснуе мiр i цiшыня, людзi добрыя i ўважлiвыя, iх словы i пачуццi напоўнены павагай i пяшчотай. Льецца вясёлая музыка i гучыць iскрысты смех. Але, калi раўнавага парушана, болей чорнага змроку чым святла, то нешта дрэннае робiццца з людзьмi — не разумеюць яны нiчога: нi добрых слоў, нi свайго сэрца, з нейкай глумлiвай усмешкай пачынаюць яны пралiваць кроў братоў сваiх родных. Хлусня заплюшчвае iм вочы лiпкiмi ад гадкiх спраў далонямi i становяцца тыя людзi на страшных пачвар падобныя. Плач ляцiць над абмерлай зямлёй, сцелецца над полем смуродны дым пажарышч – гэта вайна палiць хаты i гонiць народ у палон. Чорныя папяловыя хмары зацягваюць блакiтны далягляд i няма веры ў тое, што будзе цяпер, як раней — усе добра. Вось тады, калi ўсё пагубляла апошнюю надзею, пасылаюць нябёсы на зямлю, яркi Лiхтарык Нябеснага Сумлення. Ён гарэзлiвай зорачкай скацiцца ўнiз, туды, дзе вельмi патрэбна раўнавага памiж Змрокам i Святлом. А колькi яму там на зямлi быць — нiкому не вядома, напэўна пакуль не зробiць сваю справу, не кране здранцвелыя людскiя сэрцы сваiм маленькiм полымем надзеi, пакуль не стануць людзi больш шчырымі да чужога гора.

Firefly_1

ЛЮДЗI, Я ПАДАРУЮ ВАМ НАДЗЕЮ!

Ёсць у Заходняй Беларусi адно маленькае мястэчка. Маленькiх мястэчак навокал, канешне, шмат, але гэтае нейкае асаблiвае — з усiх бакоў яго ахоўвае старажытны хваёвы лес, а побач — вялiзарным люстэркам ляжыць, рукамi людзей зробленае, маленькае блакiтнае мора, празванае сваім народам Вiлейскiм. Можа за тое, што побач цячэ рэчка Вiлiя, а можа за назву самога мястэчка, што побач з гэтай рэчкай стаiць. На дне гэтага мора, пад цяжарам цёмнай вады, як кажуць старыя людзi, засталiся палi з вёскамi, лясы са сцяжынкамі ды ўзгоркi з крушынамi i вялiкае мноства таямнiчых падзей. Можа за гэта так спадабаецца нябёсам маленькае мястэчка Вiлейка, бо кожны вечар рассцiлаюць яны свой зорны святочны абрус толькi над iм. Здараецца, што зорка iскравай кропкай ляцiць з абруса нябеснага ў халодную ваду, але здараецца яна ляцiць i трапляе ў комiн хаты i там нараджаецца новае жыццё.
Так было i ў той дзень шэсць гадоў назад. Зорка зляцела з нябёс, трапiла ў комiн адной з хат i там нарадзiўся маленькi цудоўны хлопчык. Нованароджаны атрымаў імя Пеця. Усё было добра ды хлопчык адразу захварэў вельмi цяжка. Чаго толькi бацькi не рабiлi, каб сыну дапамагчы i да лекараў розных вазiлi i да шаптух старых — усё дарэмна. Хвароба была невядомая — у маленькага Пецi скура не адрознівалася па таўшчынi ад скуры матылька, такая ж тонкая i крохкая. А гэта — бясконцы боль кожную хвiлiнку, кожнае iмгненне… Ды толькі заўважыў нехта — дзе гэты хлопчык не з’яўляўся, раптоўна неяк змаўкалi спрэчкi, пераставалi гучаць дрэнныя словы, людзi рабiлiся шчырымi i ўдзячнымi. Сапраўдны цуд!
Ужо мiнула чатыры гады, а хвароба нават на крок не адпусцiла ад сябе малога. Тыя, каму хлопчык прынёс святло ў сэрца, пачалi грошы на замежных лекараў збiраць. А што замежжа, калi ўсе пад цемрай непрагляднай там жывуць, толькi грошы там усiм правяць i нiякiх шчырых адносiн паміж людзьмі няма, як i месцу для мiласэрнага пачуцця. Не дапамаглi яны нiчым, як толькi мацi хлопчыка не маліла і не прасiла. Няма грошай — няма нi лекаў, нi новай скуры. Пазiраючы ўнiз на Пецю, цiхенька плакалi зорачкi, а нябёсы запамятавалi пра свой святочны абрус. Жыццё для другiх цякло сваёй калейкай, пачалася вайна на славянскай зямлi, пралiлася першая кроў. I ў канцы вясны, хлопчык Пеця, якi прайшоў доўгiм шляхам несцярпiмага болю, ні разу не апусцiўшы да долу Ліхтарык Нябеснага Сумлення, памёр.
Застылi ў смутку палi i лугi, прыцiх птушыны свiст, навальніца раскалола нябёсы i затапiла слязьмi абшары. Спi, маленькi Лiхтарык, цяпер без болю. Дзякуй табе за твой падарунак. Святло нiколi цябе не забудзе.
P.S. Свет пакуль не атрымаў сваёй раўнавагі i колькi яшчэ патрэбна задзьмуць нябесных лiхтарыкаў, як Пеця Надточы, каб ён зноў стаў тым, якiм быў раней?

Сяргей Брандт, 04.06.2014