Усе рубрыкі

УСІМ БУДЗЕМ РАДЫ — Сяргей Брандт

Колькі раз нас палілі агнём,
Колькі раз мы гублялі і мову.
А цяпер паглядзі – зноў жывём,
Кружыць бусел над белым касцёлам.

аисты

І пяюць як заможна званы,
І ляціць спеў над полем, над вёскай,
Доўгі след ад цяжкой бараны
Ды гамоняць драўляныя кросны.

На стале вышываны абрус
Усе заходзьце, усім будзем рады.
З добрым сэрцам жыве Беларусь
Кожны дзень, як сапраўднае свята.

Сяргей Брандт, 01.10.2014

У ГОСЦI ПРЫЙДЗЕ ПОЎНАЧ — Сяргей Брандт

Крылом чарнюткiм жоўны
У госцi прыйдзе поўнач.
Заплюшчаць сцежкi вочы,
Як птушка крыкне тройчы.

10105
А ноч з расой вiльготнай,
Адшэпчуць даль сумотную.
Пральюць з вядра над хатамi
Бурштынкi зорак з латкамi.

I свет, што над мястэчкам,
Запалiць у вокнах свечкi.
Тканiнай белай увесь ганак
Накрыў туман, чакаўшы ранак.

Сяргей Брандт, 15.09.2014
Крыніца ілюстрацыі:Татьяна Гамзина-Бахтий.АВГУСТ В ДЕРЕВНЕ. НОЧЬ

Карона восені — Сяргей Брандт

Лісце крушыны на доле ляжыць,
Сырасцю цягне, у тумане дрыжыць.
Возера, бераг з прыціхшым чаротам,
І цягне маўклівай асенняй сумотай.

106145064_DSC_9359

Кроплі парвалі далонь павуціны,
Крывёю блішчаць дарагой журавіны.
Галінкай вярба запрашае ў цяпло,
Пад хмарай зваліўся грак на крыло.

Вецер з дажджом гоніць сум па вадзе,
Восень павольна ў кароне ідзе.
На дахі дамоў, уздоўж цёмнага плоту,
Лісце злятае з ікон пазалотай.

Сяргей Брандт, 09.09.2014

ДАКРАНIСЯ ДА РОДНАГА СЛОВА — Сяргей Брандт

Дакранiся да роднага слова,
Да арнаменту родных лясоў.
Восень тчэ з павуцiння абнову,
Каб развесiць у кожны куток.

132569200331616-i0

Без сустрэч-пасядзелак да ночы,
Без вясковых i простых людзей,
Мова срэбрам пралiцца не хоча,
Вось бы з ёй сустракацца часцей.

Ноч адыйдзе павольнаю справай,
Ранкам будзе цудоўны настрой.
Багдановiч, Мiцкевiч, Купала…
Гоман птушак над вёскай маёй.

Кожны з нас беларус, безумоўна,
Але ёсць нешта з даўнiх часоў —
Што яднае ўсiх нас бацькоўская мова,
Кропкай, зверху напiсаных слоў.

Сяргей Брандт, 08.09.2014