Усе рубрыкі

ЯК КРОПЛЯ БОЖАГА АЛЕЯ — Сяргей Брандт

Калі апошняя надзея
На свет цудоўны прападзе,
Як кропля божага алея
Над лесам зорка ўзыйдзе.

сова2

І аддзяліўшы подых ночы,
Туманам вадкім ад людзей,
Сава ўголас зарагоча
І зробіць месяц карацей.

Да шыбы цёмным датыкнецца,
Вядром у сенях загрыміць.
І зоркаю над самым лесам
У імгненне вока дагарыць.

Сяргей Брандт, 22.06.2014

Да дабра цi да лiха? Частка другая — Сяргей Брандт

Добра спiцца на печы пасля цяжкай працы, сoлaдка. Што там камар над вухам звiнiць, калi сон трымае за каўнер моцна сваiмi лагоднымi лапкамi i не дае расплюшчыць вочы. Што там свавольныя варабейкi, нават iх гоман каля расчыненага акна не можа расштурхаць Мiкiту, бо гэтак ён спаў, напэўна, толькi адзiн раз у сваiм жыццi, калi першую хату сваю знайшоў.
Ужо каровак у полi падаiлi i спякота летняга дня разам з гарачым сонейкам пачала да долу скланяцца. Травы лугавыя пад лёгкiм ветрыкам таксама ачунялi i iх салодкi водар пацягнуўся ўздоўж, змэнчанага за дзень павозкамi, доўгага сялянскага шляху. Спiць Мiкiта i адчувае нейкае хваробнае ламотства ва ўсiм сваім целе i нiчога зрабiць з сабой не можа. Ужо прыгналi жывёл, напаiлi iх жывой вадой са студнi. Ценi вiльготныя нейкiмi роўнымi радамi пачалi ад лесу да вёскi праз маленькую рэчку падбiрацца, птушкi на свае гнёзды прыселi, галовы пад крылы пахаваўшы, а над, сшарэлым у поцемках, зялёным бульбоўнiкам пачалi лётаць маленькiя вяртлявыя кажанчыкi. Холадам пацягнула ў дзверы, забліскала ад расы лiсце на маладой яблыньцы, загаласiла ў голас жабоцце каля стаўка. Прачнуўся Мiкiтa ад нуднага шумнага ляманту, з печкi злез, каганец у хаце запалiў i запытаў цiха:
— Мiхась, вечар цёмны на двары — час для варажбы i дрэнных спраў. Чаму ты мяне не абудзіў?
Але не пачуў дамавiк нi слова ў адказ, толькi рыпнула адчыненае акенца ды маленькае мышаня спалохаўшыся ад прамовы Мiкiтавай, хуценька схавалася ў дзірцы пад падлогай. Аглядзеўся стары, вокны-дзверы зачынiў — нельга нанач iх адчыненымi трымаць, пякучай крапiвы на парог хаты паклаў, а на вароты яшчэ i вянкi з палыну духмянага прычапiў, каб злыднi болей не падходзiлi блізка да хаты. Потым з авiннiкам суседскiм пазнаёмiўся, аб тым, аб сiм трохi паразмаўлялi, у госцi яго пасля свята Мiкiта запрасiў, на мядок верасковы, а хлопца ўсё няма.

Premier Exif JPEG

Можа здарылася што, можа ў бяду трапiў? Прыслухаўся i пачуў нейдзе там, каля самога млына драўлянага, быццам смяецца нехта, а галасок дзiўны такi, як раўчук лясны звiнiць. Пабег Мiкiта з усiх ног да стаўка, бо знаёмым яму гэты галасок паказаўся. Бяжыць дамавiк, а быльнёг за вопратку чапляецца, за рукi хапае, туман жывым малаком нiзiну прытапiў i сцяжынку на дне схаваў. Ведае Мiкiта, што не можа ён супраць iстот лясных i палявых нiчога зрабiць, але спяшаецца — Мiхась цяпер у бядзе, не разумее дурны з кiм сустрэўся, дапамога яму патрэбна. Паспеў дамавiк, калi да самага драўлянага насцiлу падбег, заўважыў, як нехта, хто яшчэ некалькi iмгненняў побач з Мiхасём стаяў ды смехам чароўным залiваўся, ў ваду стаўка нырныў. I гледзячы на здзiўленага хлопца, прысеў стары на мастку i шчыра ад усяго сэрца ўсклiкнуў: „Паспеў я, Мiхаська, у патрэбны для цябе час паспеў, дурненькi ты мой гаспадар”.
Потым разам дахаты праз туман густы iшлi, нават не iшлi, а цягнуў за руку дамавiк Мiхася, бо той хлопец вясковы сапраўды зусiм дурным ад спеву чароўнага зрабiўся.
Толькi ў хаце сваёй, пасля кубка гарачай гарбаты з лекавых зёлкаў, пачаў дзяцюк нешта блытана распавядаць старому:
— Я, каб не парушыць твой адпачынак, Мiкiта, вырашыў на стаў схадзiць, плотак цi лiнькоў тлустых на юшку налавiць. Людзi казалi, што вельмi рыба смачная каля старога млына водзiцца, вось я з вудамi наўпрост туды i пацягнуўся. Каля вады не вельмi i спякоту адчуваеш, вальготна на душы ад родных даляглядаў — пчолы над кветкамi працуюць, ластаўкi маланкамi чорнымi лётаюць, а як смачна пахнуць аiр з дзiкай мятай…А млын нават не зварухнецца, вакол яго жыццё фарбамi аксамiтнымi i пунсовымі красуе, а ён быццам нiчога i не заўважае. Рыпiць сабе старымi касцьмi i з ветрам легкiм сварлiва спрачаецца… Дык вось, за ўвесь дзень я толькi адну плотачку маленькую злавiў ды карасiкаў жоўтых пяток, але ўжо блiжэй да вечара ўсё як у казцы змянiлася. Рыба на кручок пачала чапляцца вялізная i цяжкая. А затым, калi сцямнела, раптам i сонейка стамiўшыся за лесам знiкла, з’явiлася дзяўчына-красуня з мокрымі валасамi i зялёнымi вачамі, побач прысела, засмяялася звонка i далей нiчога не памятаю, забыўся хто я i дзе я, як у зялёны вiр яе вачэй патрапiў. Цяпер у хаце з табой гарбату п’ю. А хто яна, Мiкiта? З вёскi суседняй дзеўка, але i там з такой прыгажосцю невядомай нiкога няма?
— Не, хлопча, не з суседняй вёскі і нават не з мястэчка дзяўчына прыгожая твая, — уздыхнуў горка дамавік, — Вадзяніца гэта з глыбокага стаўка, жыве яна пад колам старога млына, а валасы ў яе заўсёды распушчаныя і вільготныя ад вады. Дзеўкі з вёсак косы заплятаюць, а вадзяніца з непрыбранымі валасамі ходзіць, на вочы днём не трапляе, пад вечар на бераг выходзіць валасы пасушыць ды хлопца, які ёй да спадобы прыйдзе, пад ваду з сабой зацягнуць. Не добрая яна істота, бо сэрца не мае. Яе маленькай дзяўчынкай не хрышчанай, вадзянік пад ваду зацягнуў, жыццё бессмяротнае ёй падараваў. Калі хто ведае іх таемнасці, разумее — спяваюць вадзяніцы. Слухаюць і смуткуюць з імі разам дрэвы лясныя, травы рачныя і хвалі прыпыняюць свой бег і чарот перастае ўначы шапацець, слухаючы іх дзіўны спеў. А хлопцы розум свой губляюць і дурнымі зусім робяцца. А ад вады далей чым на некалькі крокаў не адыходзяцца, баяцца сухімі зрабіцца. Смуткуюць яны вельмі без хлопцаў, без слова чалавечага. Днём светлым сеткі рыбакам рвуць, рыбу адганяюць ад вудаў, качак палохаюць, хапаюць за ногі малых дзетак у вадзе. Першая тыдзень пасля Сёмухі святам вадзяніц завецца. Так што лепш да вады ў такі дзень не падыходзіць. А калі патрэбна ўсё ж прайсці побач, то палын духмяны будзе кожнаму чалавеку як абарона ад вадзяніц. Цяпер, Міхась, ты павінен ведаць пра тое, што з гадамі цяжкай працы забыліся людзі і далей сваім дзецям не перадалі. Адны кажуць — “байкі гэта ад сівой кабылы”, іншыя змаўчаць, бо самі не ведаюць аб чым ідзе размова пакуль ніхто з іх, як ты сёння сам, з невядомым не сустрэнецца. Дык ты ж, хлопец, за сталом заснуў, — прамовіў здзіўлена Мікіта і, патушыўшы каганец, выйшаў з хаты .
Яго каля куста бэзу ужо чакаў лесавік і нешта бубнеў сабе пад нос. Месяц, як жоўты пшанічны блін вісеў над хатай і нехта каля стаўка спяваў жалобную песню пра сваё сумотнае каханне.

ПРАЦЯГ БУДЗЕ
Сяргей Брандт, 22.06.2014

ЖЫЛА, ЖЫВЕ I БУДЗЕ ДАЛЕЙ ЖЫЦЬ — Сяргей Брандт

З цыклу «Мая святая Баларусь!»

Калi паклiчуць зноў дахаты
Сумотным крыкам жаўрукi,
Як памiнальным божым святам
Кране той плач маёй рукi.

artlib_gallery-59132-b

Спалiўшы ў храме ўсе турботы,
З мaлiтвай летнix навальнiц,
Дождж змые цёплым адзiноту
Сустрэўшы плямачкi каплiц.
У час замшэлага свiтанкy
Туман падыйдзе да платоў.
Каб пакланiцца мне на ганку
I хлеб паднесцi ад бацькоў.
А клёкатам драўляным млына
Як у дзяцiнстве прыпынiць.
Зямля палёў льняных i тмiна
Жыла, жыве i будзе далей жыць.

Сяргей Брандт, 13.06.2014

МАЙСТАР ЦУДОЎНЫХ ГАБЕЛЕНАЎ — Сяргей Брандт

Гiсторыя, якая вельмi падобная на казку

Гэта былi тыя часы, калi простыя людзi жылi побач са старажытнымі багамi. Арэ мужык зямельку цi збiвае ў валкi скошаную канюшыну, багi заўсёды побач з iм то ў вобразе шэрага зайца пад зялёным кустом, то ў вобразе гаварлiвай вясёлай птушкi ў сiнявокiм небе. Пойдзе дзеўка па ваду да ракi — сонейка ласкавае яе з усiх бакоў святлом i цяплом абдымае, а ўначы свавольнiк-ветрык адчыне акенца i прабяжыць хуценька па хаце, як быццам нечым лёгкiм грубку i ложак абгарне. Але разумеюць людзi — гэта бог Cонца зямлю ад усяго нядобрага захоўвае, а бог Вецер лётаючы над зямлей, збiрае навiны i потым раздае iх сялянам пад вечар. I кладзе ў куток рука кавалачак цукру цi лье парное малако
ўначы пад вароты, ведаюць старажылы — нiколi не пакiне ў бядзе бог, якому яны ў голас моляцца i пачастункi кожны дзень ахвяруюць.
i_001

Гэта былi тыя часы, калi прыгажосць жыла побач з праўдай, а хлусня дзялiла свой ложак разам з пачварствам. Даўно гэта было, вельмi даўно, нават самы стары дуб у лесе не успомнiць пра тыя чароўныя старажытныя часы. Дык вось жыў у адным лясным краі Майстар, ткаў ён габелены з розных траў, палявых кветак i свету начнога. Кожны са звяроў дапамагаў яму чым толькi мог — зубры на сваiх магутных рагах зорачкi прыносiлi, ваўкi туман сцераглi, каб ён побач у Майстра пад рукой знаходзіўся, маленькiя вавёркi iглiцу апаўшую збiралi ды ў кошык плецены роўненька скiдвалi, калi патрабуецца раптам сшыць вясёлы лясны гоман разам з золкiм шэрым свiтанкам.
Добры гэта быў чалавек, заўсёды людзям дапамагаў: народзiцца дзiцятка ў сялянскай сям’i, ён адразу падарунак прышле — коўдру мяккую з цёплага i лагоднагу iмху, на якой такiя выразныя фарбы, што не плача малое нiколi, а толькi вочкамi сваiмі шырока-расплюшчанымi на дзiва дзiўнае паглядае. А калi вяселле па вёсцы пяе i танчыць, паглядзiце на нявесту маладую, на яе, як воблака легкую пасля дажджу сукенку. Пералiваецца яна пад сонечнымi праменямi, як каштоўныя замежныя камянi, як заморскiя перлы з караламi i не дзяўчына здаецца iдзе пад вянец, а дачка малодшая нейкага заможнага бога. Смяюцца людзi i ад смеху iхняга на сэрцы вельмi добра робiцца, хочацца i самому добрае рабiць i другiм дапамагаць.
Слава пра творы майстра нават далёкiя замежжы закранула, пачалi каралi розныя ды прынцы сабе габелены шукаць, вялiкiя грошы плацiлi, толькi не маглi iх каля сябе утрымаць, бо ў сквапных i агiдных руках парухнелi раптам габелены i смеццем шэрым станавiлiся.
Ды быў яшчэ адзiн вельмi дрэнны гаспадар паўночных зямель, ён не шукаў, каб нешта купiць, ён прыходзiў са сваiм незлiчоным войскам i ўсё сабе забiраў. Напаў Чорны Гаспадар аднойчы на край, дзе жыў Майстар i абрабаваў яго за адну толькi ноч, бо народ месцячковы нiколi ў свaiх руках зброi не трымаў, акрамя сякеры цi рыдлёўкi. Загадаў ён прывесцi Майстра да сябе i адразу жаданне сваё прамовiў — за тры днi i тры начы павiнен чалавек яму габелен зрабiць i такi, каб той, хто яго мець будзе, усiм светам валодаў бы, а не дык спалiць Чорны Гаспадар лясы, лугi, рэчкi i азёры, попелам засыпле, а народ увесь у палон возьме на часы вечныя.
Што рабiць застаецца — пайшоў Майстар у лес, сабраў усiх звяроў, птушак нават самых маленькiх i разам яны да старажытных багоў сваёй зямлi з прамовай звярнуліся.
Дапамаглi словам мудрым сваiм багi, але папярэдзiлi Майстра — за тое, каб на зямлю зноў спакой ды мiр усталяваліся, павiнен ён сваё жыццё за людзей аддаць. Згоду выказаў Майстар.
Тры дні i тры ночы працаваў амаль без перапынку чалавек: лес, неба, воблакi i нават свавольнiк-ветрык — усе дапамагалi яму. I па сканчэнні трэцяй ночы, пад самую золкую ранiцу, саткаў Майстар свой дзiўны габелен. Вісеў ён у паветры, як жывая iстота, i нават полымя вогнiшча, гледзячы на яго, не магло гучна ўздыхнуць. А зорачкi нават апрытомiлi ад такого незямнога хараства. Невядомыя нiкому рыскi i знакi, неверагодныя фарбы ляглi цудам у аснову габелена.
Праца была завершана, прыскакаў на канi Чорны Гаспадар, але слова свайго трымаць не стаў — загадаў палiць вёскi, людзей у палон браць. Закрычалi, залямантавалi жанчыны, заплакалi ў голас дзецi, мужыкі за калы ўзяліся, але як затрымаць войска незлiчoнае?
Толькi Майстар каля габелена адзiн застаўся, спачатку хмурны быў, а потым усмiхнуўшыся, песню незнаёмую заспяваў i над лесам сонейка жоўтае ўзыйшло. Здалося быццам увесь лес яркае полымя ахапіла. Промнi сонечныя па вадзе прабеглi i зазiхацела рака таксама. Залатыя хвалi залiлi абшары i пагоркі, якiя яшчэ салодка спалi i, як толькi залатая хваля прайшоўшы над самым лесам, дакранулася да жывога габелена сваiм святлом, пыхнуў той бязгучна i знік у полымі сонечнага ранку. А разам з iм знiклi, як мoкрыя плямы халоднага туману, i Чорны Гаспадар і войска яго вялiкае, быццам i не было iх нiколi.
Людзi пачалi дзякаваць Майстру, але i ён таксама некуды знiк… Толькi над лесам раптам з’явiлася цудоўная расфарбаваная вясёлка. Яна вiсела над зямлёй i разам з сонейкам дарыла ўсяму жывому такую пяшчоту i цяпло, што хацелася дакрануццца да яе ўсiм сваiм сэрцам.
Напэўна, гэта багi з удзячнасцю за сваю ахвяру Майстра ў вясёлку ператварылi, а можа ён сам так зрабiў, каб не было спакусы дрэнным людзям яго творы для дрэнных спраў сваiх выкарыстоўвываць.
Гэта было ў тыя часы, калi людзi не забываліся пра смак сваёй роднай мовы, з нейкай таямнiчай асалодай распавядалi дзецям казкi i спявалi свае цудоўныя песнi, калi кожнае слова набывала сваю моц i сэнс толькi на роднай зямлi, калi моладзь паважала старых i, калi побач з людзьмi жылi старажытныя бaгi.

Сяргей Брандт, 08.06.2014