|
Ой, ты ж маё сонейка,
Распляцi ты коскi мне
Па вясне,
Каб вясёлы птушак спеў
Аж да зорак даляцеў
Па вясне.
Ой, ты ж маё сонейка,
Адпрасуй кашульку мне
Па вясне,
Каб вада сястрыца зноў
Падарыла мне любоў
Па вясне.
Ой, ты ж маё сонейка,
Над лясочкам свецiць мне
Па вясне,
Каб тваё заўжды цяпло
Маё сэрца сцерагло
Па вясне.
Ой, ты ж маё сонейка…
Сяргей Качанаў-Брандт, 02.07.2015
Цемень цягнецца ад лесу,
Як вужака памiж хат.
Скача па страсе гарэзай
Чорны, быццам сажа, грак.
Дзюбне ў раму, мне здаецца
Нехта з ранiцай памрэ.
Птушка над людзьмi смяецца,
Груцы смачнай не бярэ.
Сунецца праз ноч дарога,
Свет мiргне за шэрым шклом.
Грак напэўна служыць богу,
Як суддзя, стальным крылом.
Пасвiць ён нявiнных душы,
Што плывуць уздоўж ракi.
Дождж размовы зацярушыць,
Знiкнуць душы, як гракi.
Сяргей Качанаў-Брандт, 17.06.2015
Каляровае смецце i гразь
Змые першая навальнiца,
Як замову адшэпча.
Дык дзе Яно
Жыццё апасля Смерцi?
Можа ў нараджэннi тваiм?
Тры крокi да зорак,
Тры крокi да зямлi,
У кожнага свой шлях.
Кажуць старыя людзi:
“Не ўсё, што блiшчыць,
Мае кошт золата”.
Дзе i куды
Хаваюць свае грахi
Бессардэчныя iмгненнi?
Ты ведаеш чалавек,
Дзе мова тваiх бацькоў?
Дзе казкi твайго дзяцiнства?
Напэўна засталiся там,
Куды нiколi ўжо ты не ўвойдзеш.
Сяргей Качанаў-Брандт, 30.04.2015
Сплецены вяночак iз пунсовых кветак,
Цягне плынню ноччу на пачатку лета.
Хвалi не штурхаюць пад бакi вiльготным,
Зданнi не чапаюць кветачкi нiводнай.
Што ён робiць ноччу, золкам цягне раннiм,
Плыве той вяночак услед не за спатканнем.
Бераг не прымае слёз чужых трывогi
I вянок шпурляе на струмень глыбокi.
Па вясне вяночак дамоў не вярнецца,
Плыве плямай дробнай па маўклiвай рэчцы.
Над вадою чорнай золкам цягне раннiм
І плыве да мора ён за развiтаннем.
Сонейка ўзыходзiць на пачатку лета
I пляце вяночак дзеўка з жывых кветак.
Сяргей Качанаў-Брандт, 28.04.2015
|
|