Усе рубрыкі

МIНОРНАЕ ПАЧУЦЦЁ – Сяргей Брандт

Залатым халодным лiсцем,
Можа хто не заўважае…
Мяце восень, душы чысцiць,
На вятрах жалобна грае.
м
Вырай цягнецца да лесу
I бярозкi сцiпла плачуць.
Туман хустачкай завесiў,
Усё, што мае вiд жабрачы.

Мокнуць пад дажджом дарогi,
I дрыжаць маркотна хмары.
А бальшак на дзень кароткi
Знiк у восеньскiм пажары.

Сяргей Брандт, 30.09.2013

НОЧ ПЕРАД ВЯЛIКIМ СВЯТАМ — Сяргей Брандт

Узмахнула ноч крылом,
Прылягла на дахi хат.
Да зары, з лучынкай зноў,
Бродзiць месяц, яе брат.

Ценню цягнуцца за iм
Рэчкi з квёлых завiрух.
Па камiн у снезе млын
I не бачны сад, раўчук…
ночь
Зоркi кропкамi дрыжаць
I крычыць, злуецца птах,
Што не можа доўга спаць,
Пад страхою, у сянях.

Над ракой зшарэла цень,
Не знайсцi на белым шлях.
I прачнецца новы дзень
З завiрухай на палях.

Сяргей Брандт, 18.12.2012

АДЗIНОТА СПАЦЬ НЕ ХОЧА — Сяргей Брандт

„Бацька, не iдзi ты ў сваты!
Не бяда, што так кахаю.
Бедны я i брыдкаваты,
Ды зямлi сваёй не маю!

А там трэба — конь сталёвы,
Тры авечкi, бочка з мёдам.
Хатка з студняю, карова
I садок за моцным плотам.
дев
Адну прыгаршню чырвонцаў-
Бо паненка вось такая!
Для яе ўсходзiць солнца,
У нашым, за лясочкам, краi.

Хлопцы ходзяць табунамi,
З тым сядзiць, а з тым — рагоча.
Двор запоўнены вазамi
I грымiць гульба да ночы.

Дзе знайсцi цяпер дзяўчыну?
З беднатой хто жыць захоча?“
Холад лезе пад аўчыну,
Адзiнота спаць не хоча.

Сяргей Брандт, 05.12.2012

СОН ДАЎЖЫНЁЮ Ў ЖЫЦЦЁ – Сяргей Брандт

Усё як быццам i не так,
У нейкiм сне я зноў ўбачу —
Жалобна клiча чорны грак,
Напэўна, гэта нешта значыць.

Здаецца мне, што i не жыў,
Жыццё закончылася недзе.
I днi свае я толькi снiў,
I вельмi доўга жыццём брэдзiў.
сон
Знянацку нават зразумеў,
Што гэты грак пасярод ночы,
Ён разбудзiць мяне паспеў,
Крылом расплюшчыў сваiм вочы.

Як жудасна ўначы пачуць,
Убачыць кропкi на каменнях.
Зямля лягла з плiтой на грудзь,
Сна ачышчальныя iмгненнi.

А можа гэта толькi сон?
Набожны сон з нябесных даляў.
I я, i ты, i нават ён,
Жывём пасля, як … памiраем.

Сяргей Брандт, 23.07.2013