|
Цікавыя навучальныя апавяданні для маленькіх дзетак, якія пойдуць у школу
— Возьмем смачны агурок…
— Рэзаць уздоўж цi папярок?
— Пачакай, будзь асцярожным,
Бо паранiць лапку можна.
— Вось дзве роўных палавiнкi…
— Быццам доўгiя сцяжынкi.
— Лыжкай выскрабем зярняты…
— Гэтай чайнай цi пузатай?
— Маем мы цяпер каноэ!
— З агурка зусiм малое.
— У сяродку — шмат прысмакаў…
— Жменьку хопiць, але з гакам.
— Трохi солькi, трохi перцу…
— I ўкропчыку ад сэрца!
— А яшчэ смачной радыскi…
— Паспрабуй — рэцэпт ад Рыськi!
Сяргей Брандт, 06.08.2013
У нагу iдзем мы з братам,
Аты-баты, аты-баты…
Як сапраўдныя салдаты,
Аты-баты, аты-баты…
Пыл стаўбом, мiльгаюць пяты,
Аты-баты, аты-баты…
Быццам разам ды ў сваты.
Аты-баты, аты-баты…
А гасцям заўсёды рады,
Аты-баты, аты-баты…
Калi ласка — просiм у хату!
Аты-баты, аты-баты…
Бо ў нас адны дзяўчаты,
Аты-баты, аты-баты…
Кася, Надзя, Марфа, Ната.
Аты-баты, аты-баты…
Сяргей Брандт, 05.08.2013
Цікавыя навучальныя апавяданні для маленькіх дзетак, якія пойдуць у школу. Налібоцкі лес
Перш-наперш, мае маленькія сябры, я хачу расказаць вам пра Налібоцкі лес, які часцей за ўсё пушчай называюць. Па чутках, цягнецца гэты абшар ад Міра да Валожына, ад Вішнева да Іўя. А на поўдні масіва — возера Кромань, якое нам з братам бясконцым акіянам здаецца. Сям-там праз лес крынічкі прабіваюцца, а з бакоў непраходныя вялікія рэчкі Заходняя Бярэзіна і Уса сталёвымі стужкамі ляжаць.
Наш лес толькі з выгляду дзікі. А на самай справе, па спецыяльных сцежках, створаных чалавекам, у лесе можна прайсці да месцаў знаходжання рэдкіх жывёл, да палян, дзе растуць кветкі і травы, занесеныя ў Чырвоную кнігу. Усё разам нам, лясным жыхарам, здаецца цэлым сусветам.
Вельмі добра адчуваем мы сябе ў гэтым агульным доме. Ціха тут і ўтульна. Нават сябрук бабёр, да якога на рэчку я хаджу ласавацца рыбай, спакойна будуе свае плаціны. Толькі здараецца, што дзяцел загрукоча і сойка захрыпіць, ці івалга разбудзіць усіх сваім пранізлівым свістам. У вершалінах дрэў час ад часу чутно, як закрычыць голуб, цецярук, нават глушэц, калі насцігнуць іх сваімі кіпцюрамі арол і ястраб.
У гушчары, дзе нізенькі верас туліцца да зямлі, бавяць час зубр і барсук, воўк і мядзведзь, ліса і вавёрка, заяц і алень. Тут яны не асцерагаюцца, што іх патурбуе ражок паляўнічага. Але паміж сабой звяры часта высвятляюць адносіны. Кожны жыхар пушчы пільна сочыць, каб ніхто з суседзяў не ступіў на тэрыторыю, якая засталася ім у спадчыну ад бацькоў. Мядзведзь, наш самы руплівы гаспадар, часта сварыцца з кабаном із-за месца пад дубам, якое кожны лічыць сваёй уласнасцю. У кожнай спрэчцы мядзведзь заўсёды бярэ верх. Тады кабан зарохкае і зляціць яшчэ ў большы гушчар, каб ніколі не пападацца на вочы касалапаму. І гэтак да наступнай спрэчкі. На палянках, дзе так слаўна грэе сонека і лапочуць абапал горкія асіны, сярод дзеразы і моху, усе любяць ласавацца чорнымі ягадамі і брусніцамі. У час смачнай трапезы ніхто не сварыцца і не паказвае свой характар. Усе роўныя за салодкім пачастункам. Вось тут мы з брацікам і пачулі шмат цікавых гісторый з прыгодніцкага жыцця жыхароў Налібоцкага лесу. Але пра гэта ў наступны раз. Фыр-фыр, да сустрэчы!
02.08.2013, Сяргей Брандт
Цікавыя навучальныя апавяданні для маленькіх дзетак, якія пойдуць у школу
Я маленькае рысяня з Налібоцкай пушчы. Там на ўскрайку ляснога возера, у дупле аднаго стражытнага дуба, я і жыву з мамай і татам, а таксама з братам Рысікам. Наш род вельмі знакаміты. Мы нават трапілі ў Чырвоную кнігу. А яшчэ выявы нашых продкаў за сваю мудрасць і шляхетнасць былі ўвекавечаны ў гярбах Вялікага Княства Літоўскага. Калі ты не ведаеш, як мы выглядаем, то я вам коратка апішу. Мы маем жоўтае з рудым футра ў чорныя плямкі. На вушках у нас самыя сапраўдныя, цудоўныя пушысцікі. Мы вельмі любім паляваць і лавіць рыбу. Узбірацца высока на дрэвы нам дапамагаюць вострыя і моцныя кіпцюрыкі. Хоць нас і называюць ляснымі катамі, але хвасты ў нас маленькія. Пра нас яшчэ кажуць: “Пабач, вунь рыська. Не падыходзь жа блізка!” Але маленькія рысяняты любяць гуляць, скакаць, лазіць і коўзацца. Паляваць мы пачынаем з вечара, а потым цэлы дзень мы спім. У апошні час людзі забываюцца, што рысі былі сапраўднымі гаспадарамі лясоў і блакітных азёраў. Але за многія стагоддзі мы былі амаль знішчаны – хтосьці хацеў мець пушыстую шапку, а хтосьці – пудзіла сабе ў дамашні музей у якасці трафея паляўнічага. Вось я і прыдумала сустракацца з вамі, дзеткамі, і расказваць пра сваё жыццё, каб, вы малыя, добра ведалі хто ў лесе і як жыве. Але, прабачце, у мяне яшчэ ёсць шмат спраў і адна з іх самая важная. Патрэбна нацягаць смачненькіх лінькоў для ўсіх на сняданак з маленькага ляснога азярца. Фыр-фыр, да сустрэчы!
01.08.2013, Сяргей Брандт
|
|