|
Зорка зваліцца з нябёс
Кропкай жоўтай ў авёс.
Вось дык зорачная доля —
З хмар уніз, як смецце ў поле.
Што зорцы цёплая зямля,
Ёй нават кветкі не радня.
Праляціць, міргне агеньчык,
Нават травы не ўкленчаць.
Амаль да ранку праляжыць
І як вугольчык дагарыць.
Вось дык зорачная доля —
З хмар уніз, як смецце ў поле.
У наступны вечар золкі
Згубяць зноў сястрыцу зоркі.
Зорка зваліцца з нябёс
Кропкай жоўтай у авёс.
Сяржук Жменя, 05.05.2014
Вечар напіша з туманам
Верш пра лясное здарэнне.
З світанкам гаротна-цьмяным
Адыйдзе. Да пабачэння.
На канюшыне роснай
Сляды застануцца з ценню.
Вытканы срэбрам дзівосным
На памяць. Да пабачэння.
Сонца фарбуе лагодна
Хваін заімшэлых карэнне.
З ласкай матухны роднай
Да вечара. Да пабачэння.
Сяржук Жменя, 05.05.2014
З цыклу «Прыцягненне Сатурна»
Не плач, птушка, уначы,
Давай лепей памаўчым.
Паглядзiм на вырай зорны,
Аксамiтны ён, не чорны.
Не стагнi, на сэрцы млосна,
Слёзы капаюць на кросны.
Там, у занябесных далях,
Знойдзем усё, што не шукалi.
Для цябе – цудоўны край,
Для мяне, магчыма, рай.
Млечным шляхам да нябёсаў,
Дзе бурштынам ззяюць росы.
На зямельку не вярнемся,
Памiж зорак застанемся.
Што нам грэшная зямля —
Цябе шчаслiвай зраблю я.
Не плач, птушка, уначы,
Давай лепей памаўчым.
Стогн не даляцiць да неба,
Жоўты месяц лустай хлеба.
Сяржук Жменя, 24.04.2014
Было гэта даўным даўно, калі хвоі, што падпіраюць сваімі кронамі сталёвае неба, цяпер былі зусім малымі, квёлай пасадкай, а не старажытным лесам. У тыя дзіўныя часы здараліся розныя прыгоды і ніхто не заўважаў побач нічога нечаканага.
Дык вось аднойчы адзін вельмі бедны вясковец перад Сёмухай працаваў цалюткі дзень у пана. Працы было шмат: касіў траву і з мокрай лагчыны на ўзгорак выносіў. Махаў і махаў касою, пакідаючы пасля сябе роўненькія радкі.
Пот халодны, знічкі ў вачах, напрацаваныя, здранцвелыя ад цяжару рукі. Наш жа хлопец Міхась вельмі хацеў грошай зарабіць, каб світку новую купіць потым, ды у суседнюю вёску схадзіць, на дзевак чужых паглядзець, мо якая і спадабаецца. Але мінуў ужо поўдзень, сонца пачало скачвацца за лес, а панскай брычкі ўсё не было. Калі стала цямнець, плюнуў хлопец сабе пад ногі ды да сваёй хаты падыбаў. Грошай сёння ніхто плаціць і не збіраўся. Каля тарфяной канавы, дзе сяляне сабе на зіму паліва капалі, пачуў ён нейкае ціхае барматанне. Аглядзеўся юнак і бачыць каля самой, як тая кава вады, сядзіць маленькі дзядок з клуначкам і ў голас енчыць:
— І як цяпер жыць далей, куды мне падацца? Колькі гадоў я хату вартаваў, зло не ўпускаў, за дзеткамі глядзеў, па начах жывёлу ў хляве ад ваўкоў бараніў і нічога не атрымаў ад гаспадара за сваё сумленне.
Міхась побач стаў, а потым і прысеў каля дзядка і, не здзіўляючыся нічому, запытаў:
— Чаго смуткуеш стары, можа я табе чым дапамагчы змагу? Заўтра свята вялікае, не трэба слёзы ліць, лепш распавядзі мне пра сваё ліха.
Расказаў тады Мікіта (так клікалі хатняга дамавіка) пра тое, што сёння яго гаспадар з хаты
прагнаў за скіслае ў крынцы малако, што ў сянях стаяла. Дык гэта не яго віна была, а малога сынка гаспадарскага, які малака адпіў ды вадой халоднай разбавіў. І як не спрабаваў Мікіта апраўдацца, толку не было зусім. Толькі пачуў ён: “Збірай свае манаткі і ідзі ты з маёй хаткі”.
— Сяджу цяпер, Міхаська, я каля вады ўвечар і ў голас плачу. Што далей рабіць нават не мяркую.
— А ты, дзядзька, адкуль ведаеш як мяне завуць.
— Мой даражэнькі, пражыўшы столькі гадоў, ведаю я вельмі многа.
— Дык пайшлі тады да мяне, чаго тут у поцемках сядзець, калі ёсць хата з печкай ды стол з
лавамі. А на вячэру трохі бульбачкі печанай засталося. Пойдзем да мяне, Мікіта.
На тым і згаварыліся, хуценька падняліся і пашыбавалі абодва да вёсачкі, якая ўжо свяцілася жоўтымі агеньчыкамі ў вокнах. Добра, калі ў стылую вясновую ноч ёсць да каго ў госці заглянуць і як добра, утульна каля грубкі, якая шуміць лагодна полымем.
Міхась адразу розных трэсак у печ закінуў, потым запаліў каганец і прынёс з паветкі ахапку бярозавых паленняў, распачаў падлогу падмятаць, але Мікіта яго прыпыніў знянацку:
— Пачакай, хлопча, пачакай! Не трэба падлогу вечарам у хаце прыбіраць, ды смецце з хаты выносіць пасля заходу сонца. Вось чаму ты так бедна жывеш.
— А калі мне прыбірацца, калі я сёння з самай раніцы да самай цемры на панскім полі камяні збіраў.
— Ты, Міхаська, пасядзі лепей на лаве, бульбай павячэрай, а я пагляджу тваю гаспадарку ці ўсё ў цябе добра.
— А што там глядзець: хата старая, паветка з дровамі на бок завалілася, вада ў студні нейкая зялёная па вясне зрабілася. З раўчука ваду цяпер бяру і ў бочку зліваю.
Можа стаміўся вельмі хлопча, а можа здалося яму, што Мікіта раптам у ката ператварыўся
і праз дзверы на двор хутка выскачыў. А потым прыемная цяплыня разлілася па ўсёй хаце, датыкнулася да зморанага Міхася і пацягнула яго за сабой спрытна ў салодкі сон.
І не заўважыў хлопец, як нехта прыбраў хату, вымеўшы ўсё смецце, якое збіралася не адзін год, памыў і адпрасаваў шэрыя фіранкі, а таксама і саматканыя палавікі чысціней упрыгожыў. Шыбкі зрабіў зусім празрыстымі, падбяліў грубку, стол ільняной новай сурвэткай накрыў, а далей ужо, як у казцы было.
Прачнуўся Міхаська ранічкай, вочы расплюшчыў і здранцвеў, бо не пазнаў сваёй хаты.
Жыллё ззяла чысцінёй, у памытыя вокны лілося сонечнае святло, а на стале было столькі прысмакаў, што разбягаліся вочы. Побач ля лавы ляжала новая вопратка і стаялі чорныя скрыпучыя скураныя боты. На печцы стомлена спаў дамавік Мікіта, які цалюткую ноч разам з лесавіком са студні зялёную ваду цягаў. Потым яны злыдняў з усяго двара ў поле перасялялі, старую паветку рамантавалі, ды стол рознымі прысмакамі накрывалі.
— Спі, Мікіта, ніхто твой сон не патурбуе. Потым увечары і пагаворым разам, — ціха прамовіў Міхась і хутка, апрануўшыся, выйшаў з сваёй хаты ў сваё новае жыццё.
Калі ў вашым жыцці здараецца сустрэць дамавіка і ён застанецца жыць з вамі, то гэта
і ёсць самы сапраўдны цуд. Нашы продкі верылі, што ўсё добрае ў хаце толькі дамавік можа зрабіць. І калі верыць у яго шчыра, то ён ніколі цябе ў бядзе не пакіне
Працяг будзе.
Сяргей Брандт, 21.04.2014
|
|