Усе рубрыкі

КАЗКА ПРА МЕДНЫ ЗЛОТЫ- Сяргей Брандт

На Манетным двары адной паўночнай сталіцы з самай раніцы панавала незвычайнае святочнае ажыўленне. У гонар Дня Каранавання маладога імператара чаканілі тысячу новенькіх срэбраных манет наміналам у дзесяць злотых. Але перш чым запусціць складаны механізм у дзеянне, для праверкі галоўнага штампа, выпрабавальная манета была адчаканена з простай меднай нарыхтоўкі .
10zlot21
Манета атрымалася прыгожая, з двухгаловым арлом з аднаго боку і мужным профілем імператара — з другога. Вось толькі не мела каштоўнасці сапраўднага злотага, бо была з чыстай медзі для пятакоў. Пакруціў яе ў руках майстар і паклаў убок, на варштат, а па канвееры цякла рака сапраўдных срэбраных злотых і прамяні яркага сонца, адлюстроўваючыся ў ёй, напаўнялі Манетны двор яркім святочным бляскам.
Новыя імянныя злотыя былі раздадзены ўсім, хто знаходзіўся на цырымоніі Каранавання. У імгненне вока ўсе яны сталі рэдкімі нумізматычнымі каштоўнасцямі. А вось пра выпрабавальную неяк і забыліся. Спачатку яна доўга ляжала на варштаце, потым пылілася ў скрынцы з іншымі непатрэбнымі рэчамі, і ў рэшце, апынулася ў пенале аднаго беднага хлопчыка. Апынулася таму, што яе атрымала маці хлопчыка ад несумленнага гандляра вуглём у выглядзе рэшты. Далей яе ніхто не жадаў прымаць як плату за малако і гародніну. Так і засталася яна ў хлопчыка як непатрэбны хлам.
Час бясконца бег наперад, хлопчык вырас і скончыў на выдатна школу, але вось грошай для таго, каб працягнуць далей сваё навучанне, ў яго не было. Але аднойчы ён неяк зайшоў у адну вельмі старажытную Краму, у якой гандлявалі рарытэтнымі і каштоўнымі рэчамі. Уладальнік крамы, чалавек сумленны і добры, убачыўшы, што яму прапануюць, не хітраваў і не хлусіў маладому чалавеку. Ён вельмі даходліва растлумачыў якую рэдкасць той мае і прапанаваў пасадзейнічаць у яе продажы на адным вельмі знакамітым аўкцыёне.
Дамовіліся падзяліць сумленна і пароўну прыбытак ад яе продажу… і стукнулі па руках. А праз сем гадоў у гэтым горадзе адкрылася адвакацкая
кантора аднаго вельмі паспяховага прававога абаронцы. Кажуць, што ён заўсёды бярэцца за справу, дзе кліент не ў стане заплаціць сам. І заўсёды выйграе працэс, таму што ў яго ёсць чароўная манета. Праўда гэта ці проста выдумка, я не ведаю, але адвакат гэты мне знаёмы і манету, звычайную медную манету, я бачыў у яго на рабочым стале. Іменна медную манету наміналам у дзесяць злотых, з двухгаловым арлом з аднаго боку і мужным профілем Імператара — з другога. Не заўсёды срэбра з’яўляецца даражэй простай медзі. Але часам і пяць медных грошыкаў праз столькі гадоў могуць ператварыцца ў чароўныя, калі вельмі ў гэта верыць і моцна хацець.

Сяргей Брандт, 22.06.2013

ДРАЖНIЛКI АД ШКАДЛІВАЙ СВIНКI – Сяргей Брандт

Частка першая
загруженное
Цоклi-поклi. Шоклi-боклi.
Вочкi ў цябе прамоклi.
Калi будзеш доўга плакаць,
Жабанём пачнеш ты квакаць.
Шоклi-боклi. Цоклi-шпоклi.

Ты рыпiш, як стары млын
Мо не з’еў пшанiчны блiн?
Мо не пiў ты малака,
Не пасвiў кур i парсюка?
Ноччу нават ты не спiш,
I як млын — рыпiш, рыпiш.
Можа нам зайсцi на госцi,
Змазаць салам табе косцi?

Жадзiна-гавядзiна,
Жадзiна-свiнiна.
Плача i хаваецца
Ля старога млына.
Агурком-салёны нос,
Мохам сівенькім аброс.

Сяргей Брандт, 22.06.2013

СТАРОЕ I НОВАЕ – Сяргей Брандт

Ляцiць над вёскай навальнiца,
Агонь нябесны хмары рве.
Пярун на чорных конях мчыцца,
Вось-вось зямлю вадой залье.
51008705_rdub65
Ад жаху збiлiся жывёлы
У адзiн знямеўшы мокры гурт.
Не бачныя для ўсiх анёлы,
Крылом закрыюць хатнi кут.

Mагутны дуб стары не кленча,
Не гне спiну перад дажджом.
Ён, быццам, волат той, хто вечна
Змагаецца з даўнiшнiм злом.

Абступiць цемра з бакоў хатку,
Пацягнецца i знiкне ў начы.
Там зоркаю гарыць лампадка,
Мелодыяй малiтва прагучыць.

Сяргей Брандт, 22.06.2013

ЛIЧЫЛКI АД БАЗЫЛЯ КАТОВIЧА I МУРЗIКА ПЯТРОВIЧА – Сяргей Брандт

Частка другая
НЯВЕСТКА I СВЯКРОЎ. ПАЛЕССКАЯ ГІСТОРЫЯ
573660784
У хаце за ракою
Жыве нявестка з свекрывёю,
А сынок працуе —
Не ведае, не чуе.
Як цэлы дзень нявестка
Знайсцi не можа месца.
Адзiн — кармiла пылянят,
Два — палола, даглядала сад.
Тры — вышывала хустку,
Чатыры — а страва выйшла густай.
Пяць — падмятала, мыла хату,
Шэсць — збiрала пух ды мяту.
Сем — павесiла фiранкi,
Восем — таўкла гарох на ганку.
Дзевяць – свякроў усё злуецца,
Дзесяць — нявестцы дастанецца.
Лiча добра шэры кот
Толькi задам напярод.
Дзесяць — а свякроў усё злуецца,
Дзевяць — нявестцы дастанецца.
Восем — не роўныя фiранкi,
Сем — не таўкла мак на ганку.
Шэсць — не падмятала хату,
Пяць — не пазбiрала мяту.
Чатыры — i стравы не варыла,
Тры — нiчога не зрабiла.
Два — садок не даглядала,
Адзiн — усiх гусак пагубляла.
У маленькай хаце
Жывуць сынок i мацi.

Cяргей Брандт, 22.06.2013


Рэкамендуем: