|
Пяюць хвалi вясковага мора,
Шматкi пены ля берага круціць.
Месяц свецiць агеньчыкам хворым
I цяпла да свiтання не будзе.
Спяць у цемры дзiравыя сецi
I чакаюць улоў плямы-чоўны.
Ноч маленькiмi зоркамi мецiць
Бераг пенай застужанай роўна.
Будзе дзень новы — будзе i ежа,
Сонца птушкай на хвалях заб’ецца.
Сум прагонiць у бок старой вежы,
Дабрынёй, як вясёлкай пральецца.
Сяргей Брандт, 21.09.2012
Дождж у Вiльнi, слiзкi брук,
Восень з-за вугла завыла.
I званоў маркотных гук —
Дзесьцi бачыў, штосьцi была.
Пад завесу з туманоў
Дзень схавае скрыжаваннi.
Дахi — вопратка дамоў,
Не прыгодны для спаткання.
Як знарок, замруць муры
Плямай стыне шэрай вежа.
З дымам сцягне да гары
Векавую незалежнасць.
Дождж павольны, мокне крыж,
На дзвярах знак «38».
Гэта — Вiльня, не Парыж!
Замчышча старога восень.
Сяргей Брандт, 20.09.2012
Там, дзе на ростанях шумiць,
Падросшы за стагоддзе бор.
Дзе ранiца бурштынам зiхацiць,
Дым успамiнам цягнецца да зор.
Дзе песня льецца ў тумане салаўя,
Кранае сэрца крышталёвым гукам.
Дзе цяжкiм коласам засеяна зямля,
Дзе хаты накрывае белым завiруха.
Дзе хочацца застацца тленам назаўжды,
Прыгоркам у лесе з чырванню рабiны.
Кустом малiны ў полi, клёнам на мяжы,
Cаладкой цiшынёй i колам каля млына.
Цяпер цябе нiколі мне не пазабыць,
Мой кут, дзе цягнецца ўсё самых да зор.
Там, дзе на ростанях на мове шапацiць
Падросшы за стагоддзе аксамiтны бор.
Сяргей Брандт, 16.10.2012
Таемнасць Балотных Ялiн,
Яна абступае знянацку.
У плачы чорных галiн
Пачуеш сумоту, не ласку.
Замшэлая з часам сцяна,
Сустрэне адразу з дарогi.
Маўчыць з раўчуком цiшыня,
Дрыгву не вартуюць аблокi.
У поўнач туман ад балот,
Не бачна даўгая сцяжынка.
Да самых дубовых варот
Здранцвелых, як тая скарынка.
I не адпусцяць нiяк,
Сваю таямнiчасць нiколi,
Нi рэчка, нi хвоi, нi грак,
Нi нават адлiга на полi.
Таемнасць Балотных Ялiн,
Яна абгарнае знянацку.
У плачы намокшых галiн,
Пачуеш сумоту ды ласку.
Сяргей Брандт, 24.03.2013
|
|