Лідэр гурта “Палац”, аўтар праекта “Беларускія народныя казкі для дзетак” Алег Хаменка распавёў пра тое, як цяпер ён разам з дзіцячым фондам ААН ЮНІСЭФ клапоціцца пра набліжэнне аўдыё-казак да кожнай сям’і, працуе над іх візуалізацыяй і мяркуе, што беларускія пісьменнікі напішуць і выдадуць новыя прывабныя кніжкі беларускіх казак.
Год таму з’явілася аўдыёверсія “Беларускіх народных казак”, але праект на тым не спыніўся. Як жыве і развіваецца праект на сённяшні дзень?
Мы якраз сустрэліся з дзяўчатамі з ЮНІСЭФ і пагаварылі аб тым, як працягнуць надалей гэтую працу, таму што галоўнае, канешне, не сам выхад праекта і магчымасць набыць кампакт-дыскі, а тое, каб гэтыя дыскі і ідэі пайшлі ў народ.
Казкі – гэта вельмі-вельмі важная рэч, якая павінна прыйсці да дзіцяці з самага пачатку. Інакш як ты яму распавядзеш пра тое, што хтосьці бывае сквапны, што цябе могуць падмануць і гэтак далей. Менавіта ў казках усё гэта рапавядаецца. Такім чынам, з самага дзяцінства з маленькім чалавекам можна абмеркаваць усе тыя рэчы, якія бываюць у жыцці. Таму без казкі наогул немагчыма.
Наколькі была запатрабаваная аўдыёверсія з пункту гледжання гадавога досведу існавання праекта?
Калі б зоркі беларускай эстрады прадавалі столькі кампактаў, колькі прадалося казак, дык, можа быць, яны былі б Майкламі Джэксанамі. Я жартую, канешне.
Але наклад быў даволі вялікім і нават дадрукоўваўся. Але ж гэта быў вельмі вялікі праект. Гэта ўсё ж такі 10 кампакт-дыскаў, і не кожны мог рэальна іх набыць, таму што гэта была даволі дарагая рэч.
Таму зараз я вельмі спаздяюся, што выйдзе такі праект, які будзе ўжо ў фармаце mp3 і на адной кружэлцы можна будзе знайсці ўсе гэтыя казкі. Але мы б не хацелі, каб кампакт-дыск прадаваўся, хочам, каб ён распаўсюджваўся праз ЮНІСЭФ. Мне здаецца, што гэта прынясе больш плёну і карысці – не грашовай, а культурнай. Чытаць далей » Алег Хаменка: Ў жыцці без казкі наогул немагчыма
Новыя каментары