Усе рубрыкі

Я пачуў твае словы — Сяргей Брандт

Францішку Багушэвічу з удзячнасцю

Паглядзі ўверх на хмары,
Там, сярод бяздоннай цемры,
Месяц робіць Мір сапраўдным,
Адчыняе знічкам дзверы.

BenCanales7

Знічкі ў душы ўваходзяць
І гараць святлом астральным,
Так заўжды на небасходзе
Было здарэннем незвычайным.

А цяпер не бачым свету,
Свет людскіх душ не кранае.
Дзесьці там на ўскрайку лета
Цемра дзверы зачыняе.

Паглядзі ўверх, здаецца
Не ўсе блішчаць там зоркі.
І ляжыць пад самым сэрцам
Прадчуванне думай горкай.

Сяргей Брандт, 02.09.2014

Зімовая споведзь — Сяргей Брандт

Сядай побач і паслухай:
На дварэ раве, злуецца,
Снегам кружыць завіруха
І засыпіць усё здаецца.

v-metel-karton-maslo

Пацякло святло ад печы
Сваім подыхам лагодным.
У зімовы доўгі вечар
Спаліць сум твой і турботы.

І пасцеліць ладна ложак,
Як сапраўдная бабуля.
Калыханка словам божым,
Каб усе ў хаце заснулі.

За акном сапраўдна ціха,
Снег гарыць, як дыямантны.
Да стажка брыдзе ласіха,
Цягне дым наверх кудлаты.

Сяргей Брандт, 02.09.2014

У якасці ілюстрацыі: Юрий Анискин. “В метель”

НЯДЗЕЛЬКА, ЯКУЮ СКРАЛА ВОСЕНЬ — Сяргей Брандт

Агенчык трапечыць маленькi ў хаце,
Цяплом абгарнае, як коўдраю мацi.
За шыбамi дождж косiць неяк няроўна,
Зямля набракае вадой паслядоўна.

ос

Сшарэлi ржаныя калiсьцi пакосы
I лiсце зжаўцела на дробнай бярозе.
Салома прагоркла, дзень пахне сырым,
Не лезе пад пахi да хмар слiзкi дым.

Схавалiся птушкi з катом у паветку,
Сядзяць на пячы невясёлыя дзеткi.
Восень нядзельку забыўшыся скрала,
Напэўна, дажджу летам нам не хапала.

Сяргей Брандт, 26.08.2014

Крыніца ілюстрацыі: portretest.ru

НЕШТА НА IДЗIШ — Сяргей Брандт

Стралялi дзевак маладых на полi,
Адна запела цiха нешта на iдзiш.
Той голас несканчаемага болю
Пачуе толькi пачарнеўшы крыж.

2779

Ад спеву гэтага здранцвелі хмары,
Схавала сонца свой ружовы твар.
Паклалі дзевак быццам на ахвяры
І нават слова не прамовіў гаспадар.

Прайшлi гады, пшанiца каласiцца,
Там дзе яны ляжаць — вятры сваё пяюць.
Здаецца — “дзеўкi”, а быць можа снiцца
I як такое, не пачуўщы, прамiнуць.

Сяргей Брандт, 18.08.2014


Рэкамендуем: